Аграгарадок камфорту Вішнева

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Насычанай сустрэчамі апынулася паездка аглядальніка “К” у Вішнева. І каб не пакрыўдзіць усіх тых жанчын, з якімі мне давялося ў ім пагутарыць, сёння я вырашыў адмовіцца ад звычайнага фармату выкладу матэрыялаў, што публікуюцца ў рамках дадзенай рубрыкі, і прапаную вашай увазе толькі ўрыўкі з маіх гутарак з гэтымі самаадданымі працаўніцамі на ніве культуры і адукацыі аграгарадка — іх прамую прамову.

/i/content/pi/cult/790/17022/018.JPGТаццяна КАЛАНЦЭР, масавік-забаўнік Вішнеўскага сельскага дома культуры:

— Больш-менш шматлюдна ў нас па вялікіх святах, а шараговыя мерапрыемствы, на жаль, не гэтак прыцягваюць людзей. Пажылым, магчыма, ужо здароўе не дазваляе прыходзіць у Дом культуры на ўсе запар імпрэзы, маладыя — працуюць, а на выхадных ім хочацца проста адпачыць дома. І ўсё ж спрабуем неяк тармасіць усіх, арганізоўваючы розныя паездкі, напрыклад, — па касцёлах, або на спектакль “Кола кахання” ў мінскі Рэспубліканскі Палац культуры прафсаюзаў (гэтую “акцыю” мы прыдумалі сумесна з Дзіцячай школай мастацтваў). Цыркавыя артысты да нас прыязджалі. Наогул, хто б у Вішнева ні наведваўся, усе стараюцца зазірнуць у ДК — хаця б з-за таго, каб агледзець фотавыставу, прысвечаную Шымону Перэсу — дзявятаму прэзідэнту Дзяржавы Ізраіль, які нарадзіўся тут.

/i/content/pi/cult/790/17022/DSCN7736_opt.jpegНашы дарослыя калектывы — тэатр мініяцюр і гурт “Суседзі”, што выконвае народныя песні, — даюць чатыры — пяць канцэртаў у месяц у аддаленых вёсках, якія мы абслугоўваем. Кожнае лета, чаргуючы населеныя пункты, ДК праводзіць тры святы вёскі, у іх прымаюць удзел і два яго дзіцячых фарміравання — вакальны гурт і гурток сольных спеваў. Іншыя тры — гэта аб’яднанне “Родная старонка”, што займаецца зборам мясцовага вуснага фальклору і прадметаў старадаўняга сельскага побыту, гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Умелыя рукі” і спартыўны. Усяго каля пяцідзесяці чалавек лічыцца ва ўсіх фарміраваннях, вядуць іх двое — загадчык Дома культуры Дзмітрый Гурбан і я. Тутэйшая школа налічвае шэсцьдзясят вучняў, напэўна, палова з якіх і наведвае нашы гурткі. Праўда, поўным складам, бывае, збіраюцца не ўсе аб’яднанні, калі на заняткі ў іх прыходзяць трое — пяцёра дзяўчынак і хлапчукоў: ім жа і ўрокі трэба зрабіць, хтосьці запісаны яшчэ і ў школьныя гурткі. Але наогул жывем мы весела, цікава, з выдумкай. Я вельмі камфортна адчуваю сябе ў асяроддзі дзяцей, у ДК сапраўды пануе дружная атмасфера, на працу заўсёды іду ў прыўзнятым настроі!

Алена КАРАВАЙСКАЯ, дырэктар Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў:

— У школе дзейнічаюць тры аддзяленні — музычнае, мастацкае і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — у іх занятыя 17 дзяцей. У музычным навучаюць граць на баяне, фартэпіяна і цымбалах. Калісьці яшчэ быў клас гітары, аднак пасля ад’езду выкладчыка ён зачыніўся. У аграгарадку Багданава знаходзіцца наш філіял з мастацкім і музычным аддзяленнямі, там займаюцца 22 дзіцяці. Назіраючы за працэсам засваення ведаў, бачу, што ў некаторых вучнях, безумоўна, ёсць іскра божая, але, абапіраючыся на вопыт тых васьмі гадоў маёй працы дырэктарам ДШМ, магу сказаць: на жаль, з таленавітымі дзеткамі стала горай. І такі вельмі трывожны момант: у верасні агульнаадукацыйная школа папоўніцца толькі трыма навучэнцамі. Значыць, калі і далей захаваецца падобная тэндэнцыя (трэба сказаць і пра тое, што колькасць карэнных жыхароў Вішнева скарачаецца), культуру аграгарадка, нашу ўстанову чакаюць нялёгкія часы.

У мастацкім і аддзяленні ДПМ выкладаюць настаўнікі, якія працавалі ў школе да мяне. А ў музычным са старажылаў — педагог з пяцігадовым стажам. Менавіта настаўнікам музычнага аддзялення складаней у тым плане, што яны прыязджаюць на ўрокі з Маладзечна, дзе жывуць. І ў Багданава ім два — тры разы ў тыдзень трэба ездзіць. Таму, вядома, не ўсе вытрымліваюць такі рэжым працы.

З 2011-га года ў Багданава кожны год праводзіцца конкурс-пленэр “Зямля і неба Фердынанда”, прысвечаны памяці мастака Фердынанда Рушчыца, які нарадзіўся 10 снежня 1870-га года ў тады яшчэ маёнтку Багданава. У пленэры акрамя беларускіх жывапісцаў удзельнічаюць іх калегі з Літвы і Польшчы, у маі 2020-га пад яго адведзена ўжо два дні. На пленэр абавязкова будуць заяўлены навучэнцы ДШМ. А калектывы вішнеўскага Дома культуры як заўсёды падрыхтуюць цікавую канцэртную праграму. Гэты год у Валожынскім раёне аб’яўлены годам Рушчыца, пройдзе шэраг імпрэз, звязаных з імем нашага вялікага земляка. Скажам, 21 сакавіка ў Валожыне ў кінатэатры “Юнацтва” адбудзецца мерапрыемства ў азнаменаванне 150-годдзя з дня нараджэння мастака “Фердынанд Рушчыц: вядомы і невядомы”. На ім, дарэчы, пісьменнік і паэт Віктар Шніп павінен упершыню прачытаць баладу, адрасаваную жывапісцу.

Тарэса БІТЭЛЬ, загадчык Музея гісторыі касцёла і жыццядзейнасці ксяндза Уладзіслава Чарняўскага:

— Музей адкрыўся ў студзені 2016-га, калі адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння айца Уладзіслава. Ён амаль 45 гадоў служыў у нашым касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Пераклаў на беларускую мову Біблію, тэксты імшы і літургічныя, літаніі і малітвы, песні... У тым і заключаецца яго вялікая заслуга, што ён беларусізаваў Вішнева, нягледзячы на пратэсты і нават ананімкі вернікаў, якія не маглі дараваць яму “замах” на польскую мову, ведучы набажэнствы па-беларуску. (У касцёле дагэтуль спяваюць і аўтарскія творы Чарняўскага, што “пакладзеныя” на музыку.) Дарэчы, адна з такіх ананімак у музеі ёсць. У ім таксама захоўваюцца мноства асабістых рэчаў ксяндза — кнігі, рукапісы, пенсійнае пасведчанне, падзякі ад розных арганізацый, студэнцкая кніжка, пішучая машынка, крэсла, працоўны стол, абраз Сэрца Езуса, перад якім ён маліўся, і іншае. У нас экспануюцца і карціны беларускіх мастакоў з выявай святара, фатаграфіі з ім. Уладзіслаў Чарняўскі памёр у 2001-м годзе, але памяць аб ім у жыхароў Вішнева па-ранейшаму жывая. Як жывая яна ў вершах, што прысвяцілі яму Мар’ян Дукса, Данута Бічэль-Загнетава, Віктар Шніп і іншыя.

А другі пакой музея прысвечаны гісторыі касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Скляпенні і пілоны яго, не выключана, распісваў Фердынанд Рушчыц. Музей у цэлым — гэта не такі застылы помнік самому сабе, ён пастаянна папаўняецца новымі артэфактамі. І ёсць ідэя: у пакоі, аддадзеным касцёлу, з часам стварыць экспазіцыю, якая распавядала б аб усіх беларускіх касцёлах — хай нават у сціснутым варыянце. Нягледзячы на тое, што музей наш яшчэ малады, пра яго ўжо добра ведаюць, і на адсутнасць наведвальнікаў скардзіцца не даводзіцца — турыстычныя сцежкі сюды пракладзеныя.

Алена ЖВІРКО, бібліятэкар Вішнеўскай сельскай бібліятэкі:

— Тых, хто ўпершыню прыходзіць у нашу бібліятэку, я спачатку знаёмлю са зместам матэрыялаў двух стэндаў, што размешчаны ля ўвахода ва ўстанову. На адным змяшчаецца інфармацыя пра гісторыю Вішнеўскага краю, на другім — аб некаторых знакавых постацях, так ці інакш з ім звязаных. Рэгіён багаты на іх. У Вішнева пахаваны пісьменнік і кнігадрукар, царкоўны рэфарматар Сымон Будны; нарадзіліся паэтка Канстанцыя Буйло і Уладзіслава Станкевіч — будучая жонка Янкі Купалы, першы дырэктар яго музея; з 1963-га па 1990-тыя гады тут жыў паэт Пятро Бітэль; вёска Лінкі з’яўляецца радзімай паэта Хведара Чэрня, а ў вёсцы Люцінка больш за сорак гадоў — да самай сваёй смерці — жыў пісьменнік і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч... Мая праца ў тым і заключаецца, каб людзям былі вядомыя гэтыя імёны, задача кожнага беларускага бібліятэкара — прапаганда творчасці айчынных пісьменнікаў і паэтаў. І чытачам аграгарадка — наведвальнікам кніжніцы — лішні раз не трэба прапаноўваць выбраць твор якога-небудзь менавіта беларускага аўтара, такія кнігі ў нас пастаянна карыстаюцца попытам, а найбольшым — апошнім часам — класіка. Напэўна, да яе можна аднесці і тых, хто зараз вельмі запатрабаваны ў чытачоў — Караткевіч, Барадулін, Дайнека, Быкаў. Дарэчы, з наведваннем бібліятэкі таксама ўсё адносна нармальна. Таму спрыяюць і розныя прыдумкі, якія выкарыстоўваю ў працы. Напрыклад, наступная віктарына для дзяцей: на стэндзе прымацоўваюцца выявы беларускіх літаратараў, я раздаю лісточкі з цытатамі з іх твораў дзяўчынкам і хлапчукам, і тыя павінны назваць, адкуль яны, назваць аўтараў і паказаць іх. Дзеці мяне нават празвалі “настаўнік бібліятэкі”, “настаўнік кнігі”!

Фонд бібліятэкі налічвае 16 тысяч найменняў. Папаўняецца ён добра і, што радуе, цяпер стала выходзіць шмат маляўнічых кніг, з яркімі ілюстрацыямі. Падобныя навінкі я спецыяльна размяшчаю такім чынам, каб выданні немагчыма было не заўважыць, і наведвальнікі, вядома, звяртаюць на іх увагу і бяруць чытаць. Пенсіянеры прыходзяць не толькі за кнігамі, а і праглядаць перыёдыку: для іх кашалька падпіска — задавальненне дарагаватае. Наогул, бібліятэка зараз стала своеасаблівым месцам сустрэчы людзей, дзе можна проста падзяліцца навінамі, нейкімі праблемамі. Можа, таму яшчэ вішнеўцы ахвотна адгукаюцца на мерапрыемствы, што ім тут прапануюцца, як, дапусцім, сустрэчы з пісьменнікамі. Жыхарам Вішнева і госці будуць цікавыя, і нешта сваё, асабістае, яны пасля тут абмяркуюць, а заадно і кнігу якую-небудзь возьмуць. Падабаюцца мне нашы чытачы!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"