Аўдыя & Відэа

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Лютаўскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць спявак Зміцер ВАЙЦЮШКЕВІЧ (A.) і аглядальнік газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/790/17018/Olia_opt.jpegГурт Olia, міні-альбом Arogenez

А.: Альбом выйшаў няроўным. Ёсць безумоўныя поспехі, асабліва ў першай палове рэліза, калі настальгія па электронных 1980-х гадах у музыцы так і накатвае, але бліжэй да канца ўсе кампазіцыі становяцца аднастайней. Прэтэнзіі мае не да музыкантаў калектыву як такіх — у іх і з густам усё ў парадку, і з ідэямі, і з выканальніцкім інструментальным і вакальным майстэрствам, — а да прадзюсавання работы.

B.: Быццам бы і ніякага новага слова ў электроннай музыцы гэты праект дадзеным рэлізам не сказаў, але якім жа ён слухабельным выйшаў! Ці, можа, я проста засумаваў вось па такой рэтраэлектроніцы — у чымсьці прывітанню меламанам канца 1970-х сярэдзіны —1980-х, калі моладзь на ўсю моц хутка і павольна танчыла пад усялякія “крафтверкі” на дыскатэках? Падобны чароўна-казачны настрой калектыў у сваіх кампазіцыях і перадае, і з гучаннем — футурыстычным, касмічным — усё ў парадку. Олэ, олэ-олэ-олэ, Olia, брава!

/i/content/pi/cult/790/17018/Dailida_opt.jpegMichael Dailida, альбом “Дзяўчынка з адточанымі кончыкамі”

A.: Класнае сучаснае гучанне, нешта ў духу скандынаўскай музычнай эстэтыкі. Саўнд, што важна, — модны, такі, які сёння ў свеце “піпл глынае”. Аднак наколькі гэтыя песні будуць запатрабаваныя менавіта беларускім масавым слухачом, для мяне з’яўляецца загадкай — публіка ў нас вельмі своеасаблівая.

B.: За “імпартным” псеўданімам хаваецца мінскі музыкант і мастак Міхаіл Дайлідаў. Можна, вядома, выказаць здагадку, што менавіта такі рэтрагук ён і шукаў для выканання трэкаў пра каханне — таксама нейкага настальгічнага фармату а-ля 1960-я. Але ў поўнай меры песеннага паветра тых гадоў я не адчуў — па мелодыцы амаль усе дарожкі альбома падобныя адна да адной, а саміх мелодый — яркіх, запамінальных — проста няма.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/790/17018/Drum Ecstasy_opt.jpegГурт Drum Ecstasy, кліп на кампазіцыю De L’air

А.: Рады, што нарэшце гурт заспяваў, загаварыў і да таго падобнае. І аказалася, што ён можа быць вельмі музычным. Хоць дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў некаторых яго інструментальных баевіках нешта такое меладычнае праслізгвала. Таму жадаю калектыву і далей развівацца ў вакальным кірунку. А кліп — крэатыў за маленькія грошы — вытрыманы ў трэндзе пэўных плыняў. Каманда, дарэчы, вядомая яшчэ і тым, што нярэдка адгукаецца ў сваіх творах на розныя сацыяльныя запыты неабыякавых людзей.

B.: Мяркуючы па гэтым кліпе, галоўным душыцялем свабоды ў свеце музыканты гурта лічаць аднаго з заснавальнікаў Facebook Марка Цукерберга. Дадзеную сацыяльную сетку многія абвінавачваюць у залішнім пурытанстве, што і падкрэсліваецца ў відэа, у якім грудзь аголеных жанчын з вядомых і невядомых твораў мастацтваў (пераважна карцін) прыкрытая бюстгальтарам. Раз'юшаныя ўдзельнікі калектыву і аўтары роліка пайшлі далей і схавалі розныя часткі твару Марка за тым жа самым атрыбутам — бялізнай. Цікавы той факт, што малюнкі да відэа стварала жонка знакамітага айчыннага прадзюсара Яўгена Калмыкова Дар’я. Ні дрэннага, ні добрага пра ролік не скажу, а вось кампазіцыя выйшла баявая — сапраўдны гімн паўсталай з інтэрнэт-рабства жанчыны.

/i/content/pi/cult/790/17018/t.jpegДзіма Ермузевіч, кліп на песню “Нічым”

А.: Гісторыю — хай і банальную — у гэтым відэа я ўбачыў. Нават з-за чагосьці шкада стала яго галоўных дзеючых асоб. Асабліва красуню нявесту. У самой песні добры біт. А лаяць попс — занятак бессэнсоўны: якія такія высокія прэтэнзіі могуць быць да жанру масавай эстрады? Чуваць, што хлопец спяваць ўмее. Але сумневы ў тым, ці здолее ён стаць героем для маладзенькіх меламанак, у мяне ёсць.

B.: Гісторыя аб тым, як хлопец і дзяўчына расстаюцца проста падчас свайго вяселля. Як я зразумеў з кліпа, ініцыятарам гэтай калізіі стаў юнак: мабыць, у ноч перад падзеяй не спаў, шмат думаў і прыняў, магчыма, лёсавызначальнае для абодвух рашэнне. І вось ужо парачка адпраўляецца ў апошняе сумеснае падарожжа па горадзе, ідуць успаміны аб шчаслівых момантах іх агульнага жыцця і... Не, хэпі-энд не надыходзіць: малады чалавек з сумам круціць у далоні кольца, што вярнула яму былая нявеста. Увогуле, у сентыментальных людзей абавязкова навярнуцца на вочы слёзы. А песня вытрыманая ў чымсьці ў духу кампазіцый Цімы Беларускіх, нават галасы і манера выканання ў спевакоў падобныя. Такім чынам, поспех і кліпу, і трэку, і Ермузевічу ў пэўнай аўдыторыі гарантаваны.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"