Запаведнік хатнікаў, лесуноў і жытнікаў…

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Пра нячыстую сілу разважае Аляксей Ненадавец
Аляксей Ненадавец — фалькларыст, літаратуразнаўца, краязнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай і рускай мовы і літаратуры БДЭУ. Даўно займаецца даследаваннем міфалагічных істот, напісаў на гэтую тэму кнігу, якая яшчэ не выдадзена.

/i/content/pi/cult/788/16974/020.JPG/i/content/pi/cult/788/16974/022.JPG— Чым выклікана патрэба ў напісанні кнігі пра нячыстую сілу, бо гаворка пра яе вядзецца і ў “Беларускім фальклоры”, і ў “Міфалогіі Беларусі”?

— Так ужо атрымалася, што апошнім часам пачалася своеасаблівая актывізацыя ў справе ўзнаўлення многіх міфалагічна-фальклорных персанажаў і тут усе ахвотныя нібы ілбом уперліся ў пэўную цяжкасць тлумачэння некаторых, здавалася б, агульнапрызнаных і агульназразумелых вобразаў. Тым ахвотным падавалася, што ўсё надзвычай проста, што яны вельмі начытаныя, лепей, мабыць, тэхнічна ўзброеныя, і таму не павінна паўставаць ніякіх праблем. Проста — узяў персанаж, перарабіў яго на ўласны “капыл” і ўсё. Ага, калі пачаліся такія спробы-патугі, то аказалася, што патрэбны глыбінныя веды, аналіз шматвяковай гісторыі, культуры, мовы чалавецтва, што за такімі намаганнямі хаваюцца вобразы-архетыпы, тыя, якія былі створаны на золку чалавецтва, калі многае ў акаляючым свеце, у прыродзе і прыродных з’явах наіўнаму продку не выпадала зразумець настолькі, каб потым раскласці ўсё па палічках ва ўласным мысленні і памяці. Такое не атрымлівалася, бо за ім хаваліся намаганні, абагуленыя спробы многіх пакаленняў і ў іхніх галовах заўсёды было месца нейкім сумненням. Яны, у сілу сваёй практычнасці, правільна ацэньвалі сітуацыі, і, каб лягчэй было да нечага дайсці, стваралі боствы ці персанажы-антыподы. Тое, што ўсёроўна не паддавалася іхняй расшыфроўцы, знаходзілася ў аддаленым разуменні і насіла дзіўную назву — нячыстая сіла. Яна, па першым часе, магла быць неабавязкова чорнай, негатыўнай, адмоўнай, але яна, тым не меней, не была да канца патлумачанай. Потым, са змяненнем рэлігій, туды пачалі “закачваць” усё тое, што не падыходзіла да новых канонаў, таму і ўзнік такі своеасаблівы дэманалагічны “запаведнік”.

— Азначэнне “Нячыстая сіла” — дакладнае?

— Нячыстая сіла паўставала безасабовай, безаблічнай, грувасткай і ўвогуле, амаль што народжанай з першастваральнага хаосу, да яе асабліва не імкнуліся набліжацца, бо на ёй ляжала табу, а ў старажытным свеце гэтае слова было і магічным, і папераджальным, і абмежавальным, і … непарушным. Парушыў табу — стаў ізгоем, бо дакрануўся да нячыстай сілы і сам спазнаўся з ёй. Мне падаецца, што тэрмін напоўніцу адпавядае таму, што за ім некалі хавалася. Безумоўна, у наш час, для пераважнай большасці людзей, гэта проста наіўныя перажыткі мінуўшчыны. А дарма…

— Цяпер модна крытыкаваць Шпілеўскага, Кіркора, Кацара за, так бы мовіць, рамантызацыю хатніка, лесуна, жытніка… Цмока прыдумаў рамантык Караткевіч. Ці апраўданая крытыка?

— Тое, што пералічаныя вамі даследчыкі і творцы напрыдумвалі, не іхняя віна. Яны проста былі прыхільнікамі адной ідэі — паказаць, што ў нас усё было, найперш, найбагацейшы дэманалагічны рад другасных міфічных істотаў, кодавая схаванасць народных арнаментаў, “лятучыя змеі” (цмокі). Не вінаваціць жа іх у тым, што не было на каго спаслацца, бо адсутнічалі сістэматызацыя, збор і расшыфроўка ўсёй гэтай духоўнай спадчыны. Таму яны і зрабілі так, як зрабілі. А начытаным сучаснікам выпадае ўсё гэта класіфікаваць, прызнаваць, зацвярджаць ці адмаўляць. Калі апошняе, то тады абавязкова трэба прапанаваць нешта на гэтае месца, памятаючы пра намаганні папярэднікаў.

— Падчас шматлікіх экспедыцый вам даводзілася чуць сведчанні пра існаванне нячысцікаў?

— Мноства разоў даводзілася чуць, што людзі, калі і не сустракаліся з праявамі нячыстай сілы, нячысцікамі, то траплялі пад уплыў (кароткатэрміновы ці доўгатэрміновы) нейкай невядомай, да таго канкрэтнага для людзей выпадку, сілы, энергіі (энергетыкі). Яны называлі дату, дзень, месца здарэння. Часта спрабавалі па-свойму вызначыць менавіта з-за чаго ўсё гэта тады адбылося, да якога выніку (вынікаў) прывяло і гэтак далей. І, як абавязковая ўмова з боку маіх інфарматараў, — гэта строгае папярэджанне: прыміце гэта за праўду, за рэальны факт, не смейцеся з таго, што адбылося са мной, бо ў адваротным выпадку, усё гэта запроста можа паўтарыцца з вамі. Здзіўляла іхняя ўпэўненасць у праўдзівасці сваіх слоў, сваіх аповедаў, тая перакананасць, з якой яны ледзьве не загадвалі (а не прасілі) усё запісаць. Было, што прасілі і прачытаць запісанае з іхніх слоў.

/i/content/pi/cult/788/16974/021.JPG— Сярод малога народцу ёсць істоты станоўчыя, а ёсць і злыдні, шатаны рагатыя. Ва ўзаемадзеянні з імі (і станоўчымі, і адмоўнымі) у селяніна фармаваўся светапогляд: стаўленне да жыцця, смерці, працы… А як было ў гараджан?

— Я дык увогуле б не падзяляў персанажаў ніжэйшай міфалогіі (вызначэнне Фёдара Буслаева) на вясковых і гарадскіх, бо як не будзеце старацца, як не станеце спрабаваць даказваць, а ўсё роўна атрымаецца адно: усе мы родам з… вёскі. З невялікай толькі розніцай: адзін стаў гараджанінам нядаўна, а продкі другога нейкае стагоддзе таму назад. Скажу так, раз ужо вас гэта зацікавіла: “гарадскія” архетыпы больш цесна звязаны з апошнімі дасягненнямі, адкрыццямі ў розных галінах навукі. На “вясковых” усё ж больш было прымхлівасці, забабоннасці, але, давайце скажам такім чынам: першастваральнасці, да якой я заўсёды імкнуся, і мяне гэта прыцягвае па-ранейшаму.

— Мара — багіня смерці. Ёсць тут нейкая роднасць з марай чалавецтва жыць вечна?

— Вы проста абыгралі значэнні слоў: Мара — мерцвячына, багіня (усемагутная, усёпажыраючая і знішчаючая) смерці і мара — летуценне, мроі, надзеі, юнацкае (у пераважнай большасці сваёй) захапленне. Няма ў іх нічога агульнага. Яны вечныя і, думаю, назаўсёды непрымірымыя антыподы. Дарэчы, пісьменнік-гісторык Кастусь Тарасаў заўсёды блізка ставіў багіню смерці да Бабы-Ягі і выводзіў гэта ад кораня “ягла” — мерцвячына. У прыватнасці, так ён мяне сам неаднаразова пераконваў. Гэты чалавек ва ўсім спрабаваў разабрацца сам, імкнуўся дакапацца да ісціны. У нечым — рабіў гэта адмыслова выдатна, у ішым — крыху фантазіраваў, але не забываўся пра абавязковыя межы такой фантазіі. Дарэчы будзе сказаць, сучасныя даследчыкі, імкнучыся выказаць сваю пазіцыю, непараўнальную ні з кім, даходзяць да смешных абагульненняў. Ні іхніх абагульненняў, ні іхніх доказаў, ні іхніх прозвішчаў пералічваць не буду. Пустое гэта…

— Ваша стаўленне да прымхаў і замоваў?

— Вы блытаеце мёртвае з жывым і сумяшчаеце тое, чаго сумясціць ніколі нельга: прымхі — налёт першастваральнай фантазіі, страху, наіўных тлумачэнняў, перадача таго, што чалавек сам не мог растлумачыць і таму прылічыў да чартоўскай сілы; замовы — жывы (адзін з усіх празаічных, калі браць па-сапраўднаму) жанраў. Я веру і буду працягваць гэта рабіць, напрыклад, у гаючую сілу замоў. Мне самому неаднаразова даводзілася звяртацца да знахароў, асабліва пры моцным зляку, бяссонніцы, ламаце ў касцях і, да іхняга гонару, яны не толькі не адмаўлялі мне ў сваёй дапамозе, але і дапамагалі паправіць пэўныя хібы са здароўем. Іншая справа, што многія замоўныя тэксты назаўсёды страчаны, а большасць сучасных перайшла ў разрад “Малітваў” і “Шэптаў”.

— У Акцябарскім раёне, у Бубнаўцы, ёсць музей беларускіх міфалагічных істот пад адкрытым небам. Як вы ставіцеся да такой папулярызацыі нячыстай сілы?

— Мне вельмі імпануе, што многія спрабуюць нешта аднавіць, увекавечыць, высекчы з дрэва ці вылепіць з гліны і назваць гэта імем папулярнага дэманалагічнага, хтанічнага, першастваральнага архетыпа. Іншая справа, каб гэта хоць крыху адпавядала нашай міфалогіі, фальклору, каб яно не паўставала простым плёнам фантазіі чалавека, які незнаёмы ці малазнаёмы з нашым багатым пластом духоўнай спадчыны, якая носіць назву “ніжэйшыя міфалагічныя персанажы”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"