Назва для габелена

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Даўно заўважыў, што ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці на дробязі не разменьваюцца, а займаюцца збольшага праектамі маштабнымі і доўгатэрміновымі. Вось і на гэты раз з установы прыйшла інфармацыя пра конкурс на лепшую назву габелена. А габелен — няпросты. Ткачыхі Алена Шунейка і Юлія Барадзіна днямі заклалі першую нітку будучага ўнікальнага габелена, прымеркаванага да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прайшоў пэўны час. Нават незавершаная работа ўражвае.

Вось што пішуць далей метадысты з Гродна: “Маштабнае палатно, аздобленае традыцыйным арнаментам, ахопіць адразу некалькі тэм і сюжэтаў. У цэнтры кампазіцыі — вобраз маці Беларусі. У ніжняй частцы габелена — замалёўкі ваенных гадоў, пасярэдзіне — будні гараджан і сельскіх жыхароў, уверсе — панарама беларускіх гарадоў. Не стае толькі гучнай назвы…” Вось пра назву і гаворка. У абласным метадцэнтры абяцаюць, што лепшая ідэя ўвойдзе ў гісторыю. Заяўка — сур’ёзная. Варта паварушыць мазгавымі звілінамі. Так, прыдумванне назваў (пішу пра гэта пастаянна) — справа не з лёгкіх. Але ўсе вы — творцы. Дзейнічайце! Прапановы прымаюцца да 9 сакавіка ў каментарыях пад постам у сацыяльных сетках з пазнакай “габелен”. Пераможцу чакаюць прызы! Усе кантакты для дадатковай інфармацыі — на сайце Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра. “К” паведаміць пра вынікі конкурсу.

Не паспеў я разабрацца з габеленавай навіной, як атрымаў да яе важкае дапаўненне ад рэдактара ГАМЦНТ Алы Бялькевіч. Вось пра што яна распавядае: “Аўтарам эскіза сімвалічнага габелена з’яўляецца прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка. Яго сястра Алена — метадыст выставачнай залы абласнога метадцэнтра — адна з аўтарак будучага твора. І гаворка тут не пра сямейны дуэт, а пра трыа. У свой час на творчыя справы натхніў дачку і сына бацька — мастак-тэкстыльшчык Фелікс Антонавіч Шунейка (1917 — 2006). Юлія Барадзіна — малады метадыст, пераемніца ткацкага рамяства. Так што праца выконваецца “ў чатыры рукі”.

/i/content/pi/cult/786/16946/10_1.jpg

Гарадзенцы задалі скразную тэму сённяшняга агляду: маштабнасць мыслення, грандыёзнасць стварэння. Ну і пра назвы пагаворым.

Родная мова, а дакладней, павага да яе — гэта таксама маштабна і грандыёзна. Адыходзячы тыдзень быў прысвечаны нашай мове ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна (цікава, у Расіі ёсць бібліятэкі імя Коласа ці Купалы?). За наша роднае шчыравалі тэатр моды з сярэдняй школы № 1; берасцейскія рамеснікі, што ладзілі майстар-класы; кулінары, што здзіўлялі стравамі і рэцэптамі па-беларуску (усё гэта называлася гастрафэст — ацаніце назву); бібліятэкары, што прыдумалі інтрыгуючы квэст; артысты бібліятэчнага лялечнага тэатра “Юнацтва”, аўтарскага тэатра Вольгі Сандрыкавай, батлейкі школы № 33. А ў выніку атрымалася яскравая феерыя шанавання нашай літары “ў”. І нічога залішняга, і ніякіх пустых агульных словаў. Здымаю капялюш перад берасцейскімі бібліятэкарамі.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы правялі ў гарадской бібліятэцы № 4 Слоніма.

Працягвае здзіўляць Бабруйск. А дакладней — палац мастацтваў гэтага горада. Загадчык аддзела мастацкай творчасці ўстановы Наталля Кулікова разам з калегамі арганізавала ў цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Аркадзя Гайдара майстар-клас па валянні воўны. Школьнікаў вучыла майстрыха Алена Пшанцава. Разам яны стваралі аб’ёмныя цацкі. Гэта вам не экібана, гэта — наша, роднае. З Бабруйскага палаца прыйшло апошнімі днямі яшчэ шэсць(!) навін: пра канцэрт у санаторыі “Вясёлка”, пра пераканаўчую перамогу салістак узорнага тэатра песні “Шына-най” на міжнародным фэсце “Скары сцэну” ў Кіеве, пра здаровы лад жыцця, пра выставу мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Бабруйскія матывы”, пра Дзень закаханых і пра выставу работ майстра вышыўкі стужкамі Алены Паляковай. Вось гэта, я разумею, маштабы.

/i/content/pi/cult/786/16946/11_2.jpg

І хацеў бы каго пакрытыкаваць за кепскія назвы праектаў, ды пакуль не выпадае. Спрэс — знаходкі. Вось, да прыкладу, фестываль “Дастукацца да нябёсаў”, які прайшоў у Баранавічах. Музычная акцыя, як піша Марына Валасар, — хрысціянская і ладзіцца дзявяты раз. З пэўнага часу фэст збірае моладзь Беларусі на сцэне Баранавіцкага Дома культуры тэкстыльшчыкаў. “Чаму мы не робім мерапрыемства ў царкве? У ДК чалавек не мае псіхалагічных бар’ераў. А далей няхай Бог робіць сваё. Мы — толькі маленькая пясчынка ў гэтай справе”, — заўважыў арганізатар фестывалю ксёндз Павел Рудзьман. Усё правільна, на вялікія справы здольныя толькі сціплыя людзі.

Раю пакаштаваць яшчэ адну назву: “Ад прашчураў — да зор”. Наш сябар Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ, паведамляе: “Пад такой назвай у Расонах прайшоў трынаццаты абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі. Удзельнікамі яго сталі больш за 300 выканаўцаў і салістаў гуртоў з вобласці. Гран-пры атрымаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — узорны гурт “Сунічкі” з Лепельскага раёна”.

І яшчэ назва — “Маленькім Беларусам пра вялікую Беларусь”. Гаворка, пішуць загадчык Алекшыцкай сельскай бібліятэкі (Бераставіцкі раён) Вольга Барысевіч і бібліятэкар Зоя Хлебнікава, пра краязнаўчую вандроўку. Дзеці даведаліся пра тое, што вырабляюць мясцовыя прадпрыемствы, адгадалі крыжаванку пра сваю малую радзіму, чыталі вершы пра Беларусь і Бераставіцу. Хтосьці скажа: шараговае мерапрыемства. Магу паспрачацца, бо неаднаразова сачыў за працай Зоі Хлебнікавай і перакананы, што ў маленькай сельскай установе здзяйсняюцца вялікія сур’ёзныя справы.

Навіны адным радком, бо вельмі вялікая пошта сёння (ніяк не вызначу, якая тут існуе заканамернасць); відаць, хуткая вясна натхняе.

Удзельнікі мастацкага аддзялення Пагранічнага філіяла Бераставіцкай ДШМ сталі пераможцамі міжнароднага інтэрнэт-конкурсу Digi-talenty у рамках польскага праекта “Калейдаскоп талентаў”.

На Ваўкавышчыне стартаваў раённы агляд-конкурс “Беларусь — мая песня”.

З 13 лютага па 4 красавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбываецца рэспубліканская выстава-конкурс мастацкіх праектаў “Дзеці і авангард”.

У Беліцкім ДК правялі раённы конкурс (Лідчына) традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”.

Метадыст з Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна піша пра раённы агляд фальклору “Жывой крыніцы галасы”. А каляжанка Лугінай Вольга Аўдзевіч распавядае пра брэндавае свята “Морынская залатая рыбка”. У Ашмянах прайшоў конкурс патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”.

Адкрыты фестываль-конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні адбыўся ў Дзяржынскім гарадскім Доме культуры.

У першай Дзятлаўскай школе з ініцыятывы цэнтра культуры і народнай творчасці школьнікі сустрэліся з удзельнікамі народнага хору ветэранаў працы пад кіраўніцтвам Таццяны Шостка.

І напрыканцы — інфармацыя ад нашага сталага аўтара Таццяны Бычанок — супрацоўніцы Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска. Яна піша, што адзіны дзень грамадзянскай абароны адзначаецца 1 сакавіка. Падзея адбываецца ў рамках акцыі “Дзень бяспекі. Увага ўсім!” да 30 сакавіка. Гаворка пра тое, што цягам месяца ладзяцца мерапрыемствы па вывучэнні сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Хто, да прыкладу, ведае, як карыстацца вогнетушыцелем? Давайце згадаем тое, чаму нас пастаянна вучаць. Ад месца пажару з вогнетушыцелем трэба працаваць на адлегласці 2 метры, бо даўжыня струі — 3 — 4,5 метры. Зрываецца пломба. Дастаецца чака. Распыляльнік шланга накіроўваецца на пажар з наветранага боку. Ачаг пажару ў нішы варта тушыць зверху ўніз. Галалёдзіца — таксама прычына шматлікіх бедстваў. І наступныя парады будуць карысныя не толькі сталым людзям, але і маладым. Не падымайце высока ногі і не трымайце рукі ў кішэнях. Крыху згібайце ногі ў каленях, а корпус трохі нахіляйце наперад. На скураныя падэшвы неабходна наклеіць гумавыя. І вельмі важна ўмець правільна падаць. Мышцы павінны быць максімальна напружанымі, пры падзенні трэба сціскацца ў камяк. Амартызацыя цела захавае вас ад сур’ёзных траўм.

Беражыце сябе, шаноўныя. Сустрэнемся праз тыдзень!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"