Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір адзначыла, што разгляду пытанняў аб наданні статусу каштоўнасці нематэрыяльным праявам творчасці чалавека члены рады заўжды чакаюць з асаблівым нецярпеннем. Нядзіўна, бо такія пасяджэнні — цудоўная магчымасць для сустрэчы з народнымі майстрамі з рэгіёнаў. А яны, да таго ж, зазвычай дэманструюць на радзе плён сваёй працы — мастацкія вырабы альбо традыцыйныя стравы.
Нацыянальны брэнд
Першай разглядалася прапанова аб наданні статусу нематэрыяльнай каштоўнасці беларускім мастацкім практыкам саломапляцення. Асаблівасць гэтага элемента палягае ў тым, што такія практыкі існуюць не ў пэўным асобным рэгіёне краіны, а па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Прычына захаванасці і распаўсюджанасці гэтага мастацтва не ў апошнюю чаргу палягае ў тоеснасці самога матэрыялу з народнай міфалогіяй, традыцыйнымі сакральнымі ўяўленнямі аб хлебе і ўсім, што звязана з яго вытворчасцю. Мастацкія практыкі саломапляцення — гэта комплекс ведаў не толькі аб прыёмах апрацоўкі саломкі, але і аб уяўленнях пра іх духоўную каштоўнасць і сімвалізм матэрыялу ды саміх вырабаў, а таксама аб абрадавых практыках, з імі звязаных.
Гісторыя саломапляцення такая ж даўняя, як гісторыя земляробства, і першыя вырабы з саломы нашыя продкі пачалі ствараць неўзабаве пасля таго, як упершыню выпеклі хлеб. Хаця саломапляценне вядомае ў многіх народаў, тым не менш, даследчыкі падкрэсліваюць, што толькі ў Беларусі яно атрымала такое шырокае распаўсюджанне, дасягнула высокага мастацкага ўзроўню, захавалася і паслядоўна развіваецца да нашых дзён. Нездарма прыгадваюць шматлікія выпадкі, калі майстэрства саломапляцення выратоўвала людзей падчас апошняй вайны - умельцы плялі скрыначкі, аздобленыя дэкорам, і абменьвалі іх на ежу, выраблялі абутак — традыцыйныя лапці, а партызаны — адмысловыя прыстасаванні для праходу па багне.
Дакладчыкам па гэтым элеменце выступіў доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. Ён адзначыў, што ў беларусаў здаўна былі распаўсюджаныя плеценыя з саломы вырабы як аграрна-абрадавага прызначэння, так і побытавыя прадметы: саламяны посуд спіральнага пляцення, капелюшы, брылі…
Вяршыняй майстэрства мастацкага саломапляцення можна лічыць саламяныя іканастасы вясковых храмаў Палесся, якія дайшлі да нашых дзён з канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя (варта адзначыць, што саломка — даволі трывалы матэрыял, які дастаткова добра захоўваецца). Прычым прымяненне саломы ў манументальна-дэкаратыўным дэкоры — унікальная з’ява, характэрная выключна для Беларусі.
На жаль, практыкі саломапляцення пачалі сыходзіць у нябыт са знікненнем ручнога жніва ў другой палове ХХ стагоддзя. Працэс заканамерны — але яго цудам удалося спыніць. Рэдка можна вылучыць канкрэтную асобу, з якой было б звязана адраджэнне цэлай з’явы традыцыйнай культуры. Але ў гэтым выпадку можна сказаць, што саломапляценне было ўратаванае ад заняпаду дзякуючы намаганням народнай майстрыхі Веры Гаўрылюк, якая аднавіла вырабы з саломы, знаёмыя ёй з дзяцінства, на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў у 1970-х гадах. Пасля гэтага саломапляценнем заняліся многія іншыя майстры, і яно зноў пачало пашырацца.
Зручнасць гэтай тэхнікі палягае ў тым, што яна не патрабуе прымянення фізічнай сілы, таму займацца саломапляценнем могуць усе — пачынаючы ад дзяцей у садках. У нашыя дні саломапляценне ў Беларусі набыло надзвычайную папулярнасць і зрабілася сапраўды народным мастацтвам. Саломка ў сённяшніх гарадскіх умовах стварае сувязь з сялянскай традыцыяй вырошчвання хлеба, не дае адарвацца ад каранёў. Многія майстры адмыслова сеюць на сваіх прысядзібных участках збожжа, каб атрымаць матэрыял для вырабаў, альбо набываюць яго, захоўваюць старажытныя гатункі — бо сучасныя маюць занадта жорсткае сцябло, нязручнае для творчасці.
Мастацкімі вырабамі з саломы славіцца наша краіна і далёка за сваімі межамі. У 2003 годзе Беларускі саюз майстроў народнай творчасці правёў у Мінску першы Міжнародны фестываль саламянага мастацтва, у якім удзельнічалі каля сарака майстроў з усяго свету. Але, як адзначаюць спецыялісты, у іншых краінах, зазвычай, вырабы майстроў саломапляцення чыста дэкаратыўныя, яны не маюць ні такой традыцыі побытавага і абрадавага выкарыстання, як у Беларусі, ні настолькі ж высокага мастацкага ўзроўню.
Для падачы прапановы аб наданні статуса каштоўнасці, былі прадстаўленыя звесткі пра 200 майстроў з усёй краіны, якія займаюцца мастацкім саломапляценнем. З Гродзенскай вобласці пададзеныя звесткі аб 50 майстрах, з Віцебскай — аб 44, з іншых абласцей — прыкладна аб 25 у кожнай.
Важная ўмова для атрымання статусу каштоўнасці — наяўнасць пераемнасці майстэрства. Гэтае ўменне ў многіх сем’ях майстроў па ўсёй краіне перадаецца ад бабуль і дзядоў да ўнукаў. Але не толькі — многія ўмельцы асвоілі саломапляценне самастойна, па кнігах. І даследчыкі гэтага мастацтва, і майстры прызнаюць яго папулярнасць, але адзначаюць, што для абмену досведам і развіцця саломапляцення неабходна паклапаціцца аб правядзенні пастаянных конкурсаў — як сярод дзяцей, так і між дарослых.
Праўда, штогод адбываецца конкурс “Папараць-кветка” на “Славянскім базары ў Віцебску”, дзе можна азнаёміцца з найлепшымі ўзорамі саломапляцення, многія майстры пастаянна працуюць таксама пры аграсядзібах — але адкрытым застаецца пытанне стварэння пастаяннай экспазіцыі, дзе можна было б азнаёміцца з найлепшымі мастацкімі вырабамі — музея беларускай саломкі. Важна, каб найлепшыя ўзоры саломапяцення былі годна прадстаўленыя на радзіме, а не сыходзілі за мяжу ў якасці сувеніраў і не асядалі там у прыватных калекцыях. Майстры спадзяюцца, што ўключэнне практык саломапляцення ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў будзе спрыяць з’яўленню такіх пляцовак і новых магчымасцяў для развіцця іх мастацтва.
Вытокі Шагала і спадчына Драздовіча
Наступным разглядалася пытанне аб наданні статусу каштоўнасці традыцыям інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны. Вытокі гэтай плыні даследчыкі адсочваюць у цэхавым малярскім мастацтве, царкоўным мастацтве, набліжаным да народнага, а таксама творчасці мастакоў, якія ў пачатку ХХ стагоддзя малявалі на замову рэкламныя шыльды, дэкарацыі для фатографаў, пакаёвыя дываны і гэтак далей. Для інсітнага мастацтва характэрныя ідылічная карціна свету, гратэскны рэалізм, містычныя вобразы, міфалагічны светапогляд.
Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт культуралогіі, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людміла Вакар адзначае, што спадчыну, прыёмы і светапогляд мастакоў-самавукаў Віцебшчыны пераасэнсоўваў у сваёй творчасці славуты Марк Шагал, а найбольш знакаміты з прадстаўнікоў наіўнага мастацтва, Язэп Драздовіч, спалучыў з народнай традыцыяй рамантычны ўплыў віленскай мастацкай школы і стылістыку мадэрну.
У 1947 годзе ў Віцебску пры абласным Доме народнай творчасці з’явілася студыя выяўленчага мастацтва, якая сёння дзейнічае як клуб народных творцаў, што дасюль забяспечвае пераемнасць традыцый мастакоў-самавукаў. У 1991 годзе ў Віцебску адбылася першая выстава мастакоў-прымітывістаў, на якой былі прадстаўленыя 22 творцы — а сёння іх лічба дасягае амаль 50 у 27 населеных пунктах Віцебскай вобласці. З таго часу ўжо адбылося пяць нацыянальных выстаў інсітнага мастацтва. Гэтая плынь патрабуе належнага асэнсавання і захавання перадусім таму, што ва ўмовах сучаснай цывілізацыі ўспрыманне свету, уласцівае мастакам-прымітывістам, можа быць цалкам страчанае.
Хлеб са смакам гісторыі
На радзе былі разгледжаныя дзве лакальныя традыцыі выпякання хлеба — у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці і Любанскім раёне Мінскай. У кожным рэгіёне — свае асаблівасці і тэхналогіі, але аб’ядноўвае іх аднолькавая павага да самага галоўнага і шанаванага кампанента традыцыйнага беларускага стала.
Грачаны хлеб на Маларытчыне вядомы з канца ХІХ стагоддзя, грэчка ў тыя часы была там адным з асноўных відаў збожжа. Называюць такі хлеб у ваколіцах Маларыты па-рознаму: грачанікі, бабка, хлеб з дзіркамі. Унікальнасць жа мясцовай традыцыі ў тым, што больш у Беларусі грачанага хлеба не пякуць нідзе.
А на Любаншчыне ў вёсках Жораўка і Кузьмічы гатуюць хлеб з жытняй і пытляванай белай пшанічнай мукі. Пры кузьміцкім сельскім Доме культуры працуе аб’яднанне “Кузьміцкія прысмакі”, агулам тут выпякаюць хлеб больш за 20 гаспадынь. Яны дбайна захоўваюць традыцыйныя рэцэпты і выпякаюць хлеб штодзённы, святочны і нават… “партызанскі”, з дадаткам жалудоў, мякіны, кары дрэў — яго гатуюць, напрыклад, да Дня Перамогі. Ёсць рэцэпты з дадаткам гарбуза, сушаных яблыкаў. Вядома, трэба захоўваць і традыцыйную тэхналогію вырабу, выпякаць хлеб у печы — але, кажуць напаўжартам, адна з гаспадыняў знайшла выйсце: калі пакласці ў газавую пліту цагліну, то хлеб набывае патрэбны водар.
Па ўсіх чатырох прапановах навукова-метадычнай радай былі прынятыя станоўчыя рашэнні, на падставе чаго Міністэрствам культуры гэтыя элементы будуць уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Прычым элемент “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення” цяпер плануюць прапанаваць для ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.
Удзельнікі пасяджэння падкрэслілі, што для захавання падобных практык трэба, каб ініцыятыва аб наданні ім статусу каштоўнасці перадусім сыходзіла з месцаў, ад саміх майстроў. Будзем спадзявацца, што захавальнікі і носьбіты традыцый прыслухаюцца да гэтай парады, і спіс нематэрыяльнай спадчыны будзе надалей дапаўняцца новымі скарбамі нашай народнай культуры.
Фота аўтара
На здымках: Вырабы майстроў беларускага саломапляцення.