Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што багатая творчая біяграфія артыста, яго адданае служэнне Купалаўскай сцэне і сваёй краіне з’яўляюцца прыкладам для таленавітай моладзі, выклікаюць павагу прафесійнай супольнасці і гледачоў.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Генадзю Аўсяннікаву моцнага здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця. “Упэўнены, што вы і ў далейшым будзеце працаваць гэтак жа натхнёна, папаўняючы скарбніцу беларускай культуры”, — падкрэсліў Прэзідэнт.
Генадзь Аўсяннікаў і Юрый Бондар на сцэне Купалаўскага.
На сцэне Купалаўскага тэатра 19 лютага іграўся спектакль “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, і свой юбілей Генадзь Аўсяннікаў сустрэў на сцэне. Пасля заканчэння спектакля апладысменты не змаўкалі — народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР віншавалі гледачы, калегі і афіцыйныя асобы. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар зачытаў віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, са шчырымі словамі захаплення і падзякі выступілі генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Купалы Павел Латушка і мастацкі кіраўнік тэатр Мікалай Пінігін.
У абдымках калег.
Прамова Генадзя Аўсяннікава пачалася са слоў удзячнасці: заснавальнікам тэатра, з якімі яшчэ давялося папрацаваць, сваім цяперашнім калегам, гледачам, і самой гэтай сцэне, на якую юбіляр выйшаў упершыню ў 1956 годзе ў спектаклі “Паўлінка” ў зусім маленькай ролі: “Я іграў госця Паўлінкі, я там танцаваў… І вось — датанцаваўся!” І насамрэч — калі ўжо былі ўручаны ўсе кветкі, сказаныя ўсе словы, але авацыі ўсё не сціхалі — артыст і станцаваў!
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ