Будучыня, што пачалася стагоддзе таму

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

Напярэдадні святкавання сотай гадавіны з дня ўтварэння аб’яднання УНОВИС Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва, кампаніяй А1 і Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны быў наладжаны прэс-тур па Віцебску. Экскурсію па мясцінах, звязаных з дзейнасцю мэтраў авангарднага мастацтва, правяла доктар мастацтвазнаўства Таццяна Катовіч, а з экспазіцыяй Музея гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні журналістаў азнаёміў ягоны дырэктар Андрэй Духоўнікаў.

Жыццё і дзейнасць віцебскіх авангардыстаў даволі падрабязна задакументаваныя, а іх творы прадстаўленыя ў знакамітых музеях. Сёння мы ганарымся тым, што горад над Дзвіной стаў калыскай мастацтва, якое і цяпер у значнай ступені ўплывае на нашу рэчаіснасць. Прычым, у сусветным маштабе. Але быў час, калі шанаваныя за мяжой творцы ва ўласнай краіне былі вядомыя хіба што шчыльнаму колу гісторыкаў мастацтва. Газета “Культура” напачатку 90-х спрычынілася да вяртання славутых імёнаў з нябыту. І далейшы цыкл публікацый таго ж Барыса Крэпака, але ўжо ў 2010-х, прысвечаны перыяду калі Віцебск, як цяпер зразумела, быў фактычна мастацкай сталіцай свету, так і называўся “Вяртанне імёнаў”. Казімір Малевіч, Вера Ермалаева, Марк Шагал, Лазар Лісіцкі… Пра іх і іншых дзеячаў УНОВИСа распавядае сёння адкрыты два гады таму музей. Дарэчы, наша газета асвятляла і працэс стварэння гэтага асяродка культуры: ад канцэптуальных пошукаў да матэрыялізацыі праекта.

/i/content/pi/cult/785/16919/7_1.jpg

У часе згаданай экскурсіі можна было пабачыць некаторыя будынкі, наўпрост ці ўскосна звязаныя з гісторыяй УНОВИСа. Глядзіш і разумееш, што вялікае мастацтва далёка не заўжды нараджаецца ў спрыяльных для творчасці ўмовах. А праз гэта паўстае пытанне і пра саму прыроду творчасці. Вось і Віцебск тае пары — горад, які не абмінулі наступствы Грамадзянскай вайны, не быў для маладых талентаў цяпліцай…

Кажуць, што Шагал, ужо сусветна вядомы мастак, маючы магчымасць наведаць Віцебск, так і не выправіўся на радзіму, бо баяўся сустрэчы з новай рэчаіснасцю. Баяўся, што не пазнае горада свайго юнацтва. Але да гонару віцебчукоў варта адзначыць, што кавалак роднай Марку Захаравічу вуліцы Пакроўскай захавалі амаль такім, якой яе памятаў Шагал. Ды і ў доме-музеі славутага мастака адноўлена атмасфера тае пары, калі Марк, малады хлопец, назапашваў уражанні, якімі сілкаваўся ўсё сваё творчае жыццё.

/i/content/pi/cult/785/16919/7_2.jpg

Музей звонку.

Шкада, што не захавалася старая сінагога, якую Шагал безумоўна наведваў. Сёння гэта руіны. Прычым, руіны, якія не маюць статусу помніка. А значыць рэшткі гістарычнага будынка можна пры нагодзе прыбраць з вуліцы як смецце і скарыстаць ызваленую пляцоўку пад будаўніцтва якога-небудзь рэнтабельнага аб’екта.

Усведамляючы такую небяспеку, мясцовыя культурніцкія актывісты і сярод іх Андрэй Духоўнікаў дбаюць пра наданне руінам ахоўчага статусу. У перспектыве ім хацелася б пабачыць рэшткі сінагогі накрытымі шкляным каўпаком. Гэта быў бы высокага эмацыйнага напалу помнік беларускім яўрэям — ахвярам Халакосту. І далёкі не лішні для горада турыстычны аб’ект.

Я памятаю будынак колішняй Народнай школы, калі пра музей у яе сценах нават гаворкі не было. Ды і не кожны віцебчук ведаў тады, чым гэты дом адметны ў гісторыі. Прыемна думаць, што станоўчая ідэя, дасланая ў грамаду, аднойчы мусіць матэрыялізавацца. Гэта я зноў пра нашы публікацыі 90-х гадоў. Пра “Вяртанне імёнаў”.

/i/content/pi/cult/785/16919/7_3.jpg

Электронная энцыклапедыя УНОВИСа.

Доўгачаканы Музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні паўстаў вельмі дарэчна як наш аргумент у спрэчцы пра родавыя карані мастацкага авангарда. На жаль, замежныя даследчыкі не заўсёды зважаюць на беларускі чыннік у фармаванні супрэматызму як культурніцкай з’явы. Праўда, Шагалу, які давёў сваёй творчасцю, што “айчыны розныя — неба адзінае, небам адзіным жывы чалавек”, і Малевічу, для якога ўся зямная куля была толькі “малой радзімай”, ды і іншым дзеячам рэвалюцыйнага авангарда гэтыя спрэчкі пра “нацыянальнасць” падаліся б недарэчнымі.

Музей мяне вельмі ўразіў тым, што перадае дух эпохі не праз музейныя артэфакты — арыгіналы твораў знакамітых мастакоў, іх асабістыя рэчы і іншыя каштоўныя матэрыяльныя аб’екты, але праз фармальную, вобразную арганізацыю прасторы і скарыстанне інтэрактыўных сродкаў інфармацыі. Вельмі сучасны падыход. Да таго ж ён пасуе нашай краіне, чые культурніцкія скарбы раскіданыя па свеце, а грошай, каб вярнуць іх на радзіму, хранічна не стае. Галоўным жа экспанатам музея, калі так можна сказаць, з’яўляецца… сам музей. Дакладней, будынак, дзе ён размешчаны. Як сведка і чыннік гістарычных падзей.

/i/content/pi/cult/785/16919/7_4.jpg

На экскурсіі па музеі.

Віцебск — горад сучасны. Аб’ектаў пары УНОВИСа ў горадзе няшмат. Як і тых, у якіх увасоблены Шагалаўскі “ідышлэнд”. У музеі напачатку экспазіцыі змешчаны сэнсарны манітор, на якім у форме “ўспаміну пра будучыню” распавядаецца пра страчаныя віцебскія помнікі дойлідства розных эпох, і пра тое, як яны будуць выглядаць у кантэксце гарадской забудовы, калі дойдуць рукі да іх аднаўлення. Такім чынам, музей, які сам паўстаў найперш праз грамадскую ініцыятыву, запускае ў грамадскую свядомасць ідэю на дзесяцігоддзі наперад.

/i/content/pi/cult/785/16919/7_5.jpg

Рэшткі старой сінагогі.

Дарэчы, так рабілі і сябры УНОВИСа, упэўненыя, што іх ідэі, якія зыходна падаваліся грамадзе ўтапічнымі, праз час абавязкова будуць запатрабаванымі. Так, урэшце, і адбылося.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"