“За гады суверэннага існавання ўдалося не толькі захаваць дасягненні, але і пашырыць спектр дзейнасці культурнай сферы”

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

Выніковая калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Як “К” паведамляла ў мінулым нумары, 7 лютага ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшло пасяджэнне выніковай калегіі Міністэрства культуры. Тэмай пасяджэння было не толькі падвядзенне вынікаў мінулага года, але і пастаноўка задач на 2020 год. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі вышэйшых органаў улады, у зале можна было пабачыць вядомых дзеячаў мастацтваў, кіраўнікоў навучальных устаноў, прадстаўнікоў устаноў культуры з усіх рэгіёнаў краіны. Прысутныя змаглі азнаёміцца з шэрагам надзённых і змястоўных дакладаў, прысвечаных розным аспектам дзейнасці ў галіне культуры, прыгадаць найбольш паспяховыя праекты, рэалізаваныя ў мінулым годзе, і даведацца аб плануемых будучых здзяйсненнях, якія чакаюць свайго выканання сёлета. Прысутныя ў зале калегіі сталі сведкамі ўрачыстасцей фінальнай часткі пасяджэння — цырымоніі ўзнагароджання лепшых работнікаў культуры, і шчыра віталі заслужаных прадстаўнікоў сваёй сферы. Як можна было пераканацца, культуры ў нашай дзяржаве надаецца вялікая ўвага і забяспечваецца яе пастаяннае развіццё.

З даклада Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара

/i/content/pi/cult/785/16915/3_1.jpgУ сферы культуры функцыянуе больш за 6 тысяч дзяржаўных арганізацый культуры, з іх клубы (2536), публічныя бібліятэкі (2552), музеі (150), тэатральна-відовішчныя арганізацыі (49, у тым ліку 28 тэатраў, 19 канцэртных арганізацый, 2 цырка).

Аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры ў 2019 годзе склаў 543 мільёна рублёў, або 0,41 працэнт. Дзяржаўны сацыяльны стандарт выдаткаў на культуру на аднаго чалавека ў 2019 годзе склаў 2,1 базавай велічыні пры нарматыве 1,3. Прыцягнута спонсарскай дапамогі 8,2 мільёна рублёў (на 21 працэнт больш, чым у 2018 годзе). Забяспечана выкананне задання Ураду па экспарце паслуг у Кітай — пры плане на 2019 год 5 мільёнаў долараў ужо ў студзені — лістападзе экспарт паслуг склаў 5,6 мільёна долараў з ростам на 26 працэнтаў. Перавыконваюцца планавыя заданні і па росце пазабюджэтных і ўласных даходаў арганізацый культуры. У мінулым годзе яны склалі 186 мільёнаў рублёў з ростам на 16 працэнтаў пры плане 5,5.

Праведзена вялікая праца па павелічэнні ўзроўню заработнай платы работнікаў сферы культуры. На 13 працэнтаў вырас паказчык сярэднямесячнай заработнай платы: па выніках года яна склала 650 рублёў, у снежні — 777 рублёў. На бягучы год прагназуецца рост зарплаты на 11 працэнтаў (720 рублёў).

Па краіне сярод лідараў па ўзроўні аплаты працы кінапракатныя арганізацыі (906 рублёў), кінавідовішчныя (713 рублёў), тэатральна-відовішчныя (679 рублёў), паркі культуры і адпачынку (877 рублёў).

Заработная плата арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання склала:

у тэатральна-відовішчных арганізацыях — 862 рублі,

ва ўстановах адукацыі — 922,

у культурна-асветных арганізацыях — 774.

Ніжэй за сярэднерэспубліканскі ўзровень заработная плата ў работнікаў клубных устаноў — 632 рублі, музеяў — 624, бібліятэк — 566.

У цэлым па рэспубліцы ў частцы ўзроўню заработнай платы нас падводзяць арганізацыі культуры рэгіянальнага падпарадкавання. Рэзервы для росту — перш за ўсё, у пашырэнні відаў платных паслуг.

У гэтым годзе найважнейшымі эканамічнымі задачамі па-ранейшаму застануцца нарошчванне пазабюджэтных даходаў з ростам да мінулага года не менш, чым на 5 працэнтаў, павелічэнне аб’ёму экспарту паслуг, у тым ліку ў Кітай. Асаблівую ўвагу трэба надаць забеспячэнню ўзроўню налічанай заработнай платы ў адпаведнасці з новымі ўмовамі аплаты працы.

Прафесійнае мастацтва

У краіне штогод праводзіцца каля 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў. Найбуйнейшыя з іх, такія як “Лістапад” у Мінску, “Март@контакт” у Магілёве, “Белая вежа” ў Брэсце, свята “Купалле” ў Александрыі, Віцебскія фестывалі сучаснай харэаграфіі і “Славянскі базар” па праве сталі брэндамі суверэннай Беларусі.

У мінулым годзе замацавалася пазітыўная тэндэнцыя росту колькасці спектакляў і канцэртаў тэатральна-відовішчных арганізацый і колькасці гледачоў. Запаўняльнасць залаў большасці дзяржаўных рэпертуарных тэатраў перавысіла парогавую мяжу ў 75 працэнтаў. У лідарах сярод драматычных тэатраў Купалаўскі — 92 працэнты і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — 80 працэнтаў, сярод музычных — Вялікі тэатр Беларусі — 84 працэнты.

Прыкладамі служаць яркія тэатральныя падзеі года, такія, як адноўлены ў новай рэдакцыі Валянцінам Мікалаевічам Елізар’евым балет “Стварэнне свету” і пастаноўка маладым балетмайстрам тэатра Вольгай Костэль балета “Ганна Карэніна” ў Вялікім тэатры Беларусі, “Кароль Лір” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна і “Шляхціц Завальня” маладога рэжысёра Алены Ганум на сцэне Купалаўскага тэатра, “Сірожа” Аляксандра Гарцуева і “Шлюб з ветрам” Яўгена Карняга ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, “Фальшывая нота” Аляксандра Яфрэмава ў тэатры-студыі кінаакцёра, і шэраг іншых.

Маладыя рэжысёры і балетмайстры, такія як Юрый Дзівакоў, Раман Падаляка, Дзмітрый Багаслаўскі, Сяргей Мікель і іншыя ўпэўнена/i/content/pi/cult/785/16915/3_2.jpg заяўляюць пра сябе на тэатральных сцэнах.

У мэтах далейшай падтрымкі і стымулявання маладых рэжысёраў Міністэрствам культуры праведзены другі конкурс рэжысёрскіх эксплікацый. Упершыню ў ім маглі прымаць удзел прадстаўнікі тэатраў і арганізацый культуры ўсіх формаў уласнасці. Сярод пераможцаў — прадстаўнікі і вядучых сталічных, і рэгіянальных дзяржаўных тэатраў, і прыватных арганізацый культуры, такіх як “ТриТформат”, “Арт Карпарэйшн” і іншых. У 2020 годзе першыя 5 з 10 пераможцаў конкурсу зробяць свае пастаноўкі пры падтрымцы Міністэрства культуры.

Падтрымцы і заахвочванню дзеячаў культуры і мастацтва, лепшых работнікаў сферы ў краіне надаецца вялікая ўвага. У 2019 годзе дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі 44 работнікі сферы культуры (у 2018 — 32). Званне “Народны артыст Беларусі” нададзена Яромкінай Ірыне Уладзіміраўне, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі. 7 работнікаў сферы культуры ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”, 4 — “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”, 6 чалавек атрымалі званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”. 23 чалавекі ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Уручаныя на працягу года 774 узнагароды Міністэрства культуры.

Галоўнымі падзеямі ў мастацкім жыцці Беларусі 2020 года стануць 100-годдзе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы і 100-годдзе творчага аб’яднання УНОВИС, дзякуючы якому Беларусь па праве лічыцца адной з родапачынальніц сусветнага мастацкага авангарда. Гэтыя падзеі знойдуць сваё адлюстраванне ў праграмах Нацыянальнай тэатральнай прэміі і Рэспубліканскай выставы “Трыенале сучаснага мастацтва” з правядзеннем у яе рамках фіналу Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва”.

Кінематаграфія, кінавытворчасць

Праведзеная мадэрнізацыя кінастудыі “Беларусьфільм”, сістэмная трансфармацыя яе структуры і функцый дазволілі ў 2019 годзе забяспечыць шэраг станоўчых тэндэнцый. Кінастудыяй і іншымі вытворцамі з дзяржаўнай падтрымкай выраблена 29 фільмаў, на 5 больш, чым у 2018.

Заўважныя відавочныя дасягненні ў параўнанні з 2018 годам: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг склала 110,4 працэнта, чысты прыбытак — 134,3 працэнта; аб’ём экспарту тавараў і паслуг — 158,5 працэнта. У 2019 годзе дзяржаўныя кінатэатры наведалі амаль 11 мільёнаў чалавек, што на 84,8 тысячы больш, чым у 2018 годзе.

Работы кінастудыі ўдзельнічалі ў 70 міжнародных кінафестывалях, дзе адзначаныя 49 узнагародамі. Так, напрыклад, 16 узнагарод атрымаў адзін толькі кароткаметражны фільм “Франка” з альманаха “Вайна. Застацца чалавекам” кінарэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава.

Вытворчасцю фільмаў у краіне сёння займаюцца каля 20 недзяржаўных арганізацый кінематаграфіі. Годна канкурыруюць з кінастудыяй “Беларусьфільм” “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, “Першая КінаВідэаКампанія”, “Медыя куб”. Цікавыя праекты рэалізаваныя “Майстэрняй сацыяльнага кіно” і “Генеральным прадзюсарскім цэнтрам”.

Культурна-асветніцкая дзейнасць

У рэспубліцы функцыянуе 2505 клубаў, 108 аўтаклубаў. Клубнымі ўстановамі арганізавана і праведзена 550 тысяч мерапрыемстваў, што амаль на 15 тысяч больш, чым у 2018 годзе. Толькі з афіцыйным статусам “рэспубліканскі” і “міжнародны” адбылося 14 фестываляў і конкурсаў народнай творчасці. На месцах прыкметна актывізавалася праца па правядзенні культурных мерапрыемстваў, заснаваных на мясцовым унікальным матэрыяле.

Адкрыццём 2019 года сталі ўпершыню праведзеныя ў рэгіёнах: І міжнародны пленэр ганчароў у пасёлку Копысь Аршанскага раёна, які на працягу многіх стагоддзяў быў цэнтрам мастацкай і дэкаратыўнай керамікі; І Рэспубліканскі фестываль-конкурс цыркавых калектываў у Оршы; Будслаўскі фэст, унесены ў 2018 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, упершыню прайшоў у Мядзельскім раёне пад эгідай UNESCO.

Наступным нашым крокам у гэтым кірунку павінна стаць шырокая папулярызацыя мясцовых культурных брэндаў і самабытных традыцый, якія маюць вялікія перспектывы для развіцця культурна-пазнавальнага турызму.

Бібліятэкі

На пачатак 2020 года ў сістэме Міністэрства культуры функцыянуе 2526 бібліятэк. Нестацыянарнае інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне ажыццяўляюць 105 бібліёбусаў.

Агульная колькасць наведванняў бібліятэк павялічылася ў параўнанні з 2018 годам на 5 працэнтаў, што вышэй за паказчык, прадугледжаны дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі”.

Усталяваны Кіраўніком дзяржавы нарматыў па вылучэнні на камплектаванне фондаў публічных бібліятэк не менш за 12 працэнтаў ад сумы, прадугледжанай на іх утрыманне, таксама выкананы ўсімі абласцямі і Мінскам. Па выніках года ў сярэднім па рэспубліцы ён склаў 13,3 працэнта.

Больш паспяхова сталі працаваць бібліятэкі з інтэрнэт-аўдыторыяй. Рэалізаваны шэраг цікавых праектаў, сярод якіх стварэнне сайта ў форме лонгрыду “Беларусь бібліятэчная”, які ўпершыню комплексна прадстаўляе бібліятэчную справу рэспублікі ў сетцы інтэрнэт і менш чым за два месяцы працы прыцягнуў увагу карыстальнікаў з 17 краін. Гэты сайт створаны ў рамках гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры.

Насычэнне інтэрнэт-прасторы аўтарытэтнымі і запатрабаванымі рэсурсамі дазваляе значна павысіць наведвальнасць. Так па рэспубліцы каля 20 працэнтаў, а ў Віцебскай вобласці да 40 працэнтаў наведванняў рэгіструюцца ў аддаленым рэжыме.

Музейная дзейнасць

Зроблена дастаткова шмат па стварэнні і ўдасканаленні пастаянных музейных экспазіцый. У Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” адкрытая экспазіцыя “Летапіс Брэсцкай крэпасці” ў Паўднёва-ўсходняй казарме Цытадэлі. Створаны новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя ў філіяле Дзяржаўнага музея Янкі Купалы “Акопы”, частка пастаяннай экспазіцыі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, “Ваенна-гістарычны комплекс “Старая граніца” Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; абноўлена пастаянная экспазіцыя філіяла Гістарычнага музея “Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры”.

Адзначана прэміяй “За духоўнае Адраджэнне” маштабная работа па рээкспазіцыі філіяла “Бярэсце” Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Распрацаванае і ўзгодненае экспертнай супольнасцю архітэктурна-мастацкае рашэнне новай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Распрацаваныя канцэпцыі музеефікацыі 1-й чаргі Старога замка ў Гродне і Паўночнай вежы Гальшанскага замка. Ідзе праца па падрыхтоўцы экспазіцыі ў Паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка.

Гісторыка-культурная спадчына

Беларускі дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў за год папоўніўся 16 аб’ектамі спадчыны, сёння ў яго ўключана 5580 аб’ектаў. У снежні палескі абрад “Юр’еўскі карагод” папоўніў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. У бягучым годзе плануецца ўключэнне элемента “Лясное бортніцтва Беларусі і Польшчы” разам з польскім бокам. Ідзе падрыхтоўка яшчэ адной намінацыі “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення”.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і капітальны рамонт

У мінулым годзе па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў краіне была наладжаная вытворчасць піяніна і іншых музычных інструментаў (балалайка, домра, баян, гармонік, гітара, цымбалы). У арганізацыі культуры і ўстановы адукацыі ў 2019 годзе перададзена 642 піяніна, набытых за кошт рэспубліканскага бюджэту на суму больш за 6 мільёнаў рублёў.

У 2019 годзе ў адпаведнасці з Дзяржінвестпраграмай праводзіліся работы на 11 будаўнічых аб’ектах. 20 студзеня 2020 года ўведзены ў эксплуатацыю помнік архітэктуры — Успенскі манастыр у вёсцы Пустынкі. Ідзе аднаўленне такіх знакавых аб’ектаў спадчыны, як былы замак Сапегаў у аграгарадку Гальшаны Ашмянскага раёна, родавы маёнтак Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор Іванаўскага раёна, былы касцёл езуітаў у Мсціславе, капліца-пахавальня Паскевічаў у Гомелі і Спаса-раабражэнская царква ў Полацку. Ідзе рэканструкцыя яшчэ аднаго ўнікальнага помніка архітэктуры — Косаўскага палацава-паркавага ансамбля. Працягваецца рэалізацыя праекта Саюзнай дзяржавы па рэстаўрацыі і музеефікацыі Брэсцкай крэпасці.

У гэтым годзе неабходна забяспечыць жорсткі кантроль за мэтавым выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту, што накіроўваюцца на фінансаванне аб’ектаў Дзяржінвестпраграмы.

Міжнароднае супрацоўніцтва

У 2019 годзе Беларусь у рамках Дзён культуры была прадстаўленая ў ААЭ, Арменіі, Японіі. У нашай краіне адбыліся мерапрыемствы Дзён культуры Камбоджы, Узбекістана, Кітая, Туркменістана, Егіпта, Расіі. У бягучым годзе чакаюцца Дні культуры Беларусі ў Амане, Казахстане, Расіі і Украіне.

У цяперашні час дзейнічаюць 76 міжнародных дагавораў і кожны год гэтая лічба павялічваецца. У 2019 годзе падпісаныя пагадненні з Афганістанам, Румыніяй, В’етнамам. Толькі ў рамках VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, арганізацыямі, падпарадкаванымі Міністэрству культуры, падпісана 13 пагадненняў.

На якасна новы ўзровень выйшла супрацоўніцтва з Украінай, Кітаем, Узбекістанам, Польшчай. Сур’ёзная праца праводзіцца з Расійскай Федэрацыяй, ключавымі напрамкамі з’яўляюцца ўвекавечанне памяці аб агульнай гісторыі, захаванне і развіццё творчых традыцый, падтрымка таленавітай моладзі. Вынікам сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў культуры Расіі і Беларусі стаў трохгадовы падрабязны план дзеянняў, які ўключае цыкл мерапрыемстваў да 75-годдзя Перамогі, моладзевыя майстар-класы, пленэры, абменныя выставы, гастролі, кінатыдні.

На працягу года была праведзеная сур’ёзная работа па юрыдычным урэгуляванні пытанняў функцыянавання Цэнтра культуры Беларусі ў Кітаі. Падрыхтаваны адпаведны праект Указа Прэзідэнта.

Для прасоўвання сваіх культурных праектаў мы выкарыстоўваем такія міжнародныя пляцоўкі, як UNESCO, Міжнародны савет па народнай творчасці, Міжнародны Савет музеяў, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД, “Усходняе партнёрства”, “Форум славянскіх культур”. У многіх выпадках вынікам гэтай дзейнасці становіцца фінансавая падтрымка.

Аб выканаўчай дысцыпліне

Адным з паказчыкаў эфектыўнасці работы з’яўляецца стан працоўнай і выканаўчай дысцыпліны. У Міністэрстве культуры дзейнічае камісія па кантролі за захаваннем дысцыпліны, вынікі і высновы работы якой іншым разам насцярожваюць. Выяўляюцца факты парушэнняў правілаў унутранага распарадку, спазнення і адсутнасці на рабочым месцы без паважлівай прычыны.

Сумна, але гэта тычыцца і кіраўнікоў. Персанальная адказнасць за захаванне і ўмацаванне працоўнай дысцыпліны будзе, у першую чаргу, менавіта на кіраўніках.

Для забеспячэння працоўнай дысцыпліны Прэзідэнт краіны прыняў Дырэктыву “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, Дэкрэты “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны” і “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”.

Кіраўнік дзяржавы, Адміністрацыя Прэзідэнта, Савет Міністраў даручылі кіраўнікам дзяржаўных органаў забяспечыць пастаянны кантроль за станам працоўнай дысцыпліны ў падпарадкаваных арганізацыях.

Пытанні выканання працоўнай дысцыпліны і надалей будуць заставацца на асаблівым кантролі Міністэрства культуры, мерапрыемствы па іх кантролі ў дзяржаўных арганізацыях культуры будуць працягвацца пастаянна.

Фота Пётры ВАСІЛЕЎСКАГА і Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА