Калі разганяецца дрымота...

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Выстава з такой назвай пачала працаваць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў напярэдадні зімовых свят. У 11 залах некалькі асобных праектаў — ад архіўнага відеа і фота з сямейных альбомаў да сучаснага жывапісу — аб’ядналіся ў яркі, насычаны і рознакаляровы калейдаскоп святочнага настрою.

Галоўная функцыя амаль любога свята — сацыяльна-культурная еднасць пэўнай супольнасці людзей. З даўняга часу галоўнымі святамі ў розных народаў былі тыя, што связаны з рухам сонца па сваёй арбіце, а свята, прысвечанае зімняму сонцазвароту з’яўляецца, мабыць, самым доўгачаканым. Нардуган у татарскіх народаў, Тодзі ў Японіі, Дунчжы ў Кітаі, Йоль і Раство ў еўрапейскіх краінах, Новы год ды Каляды ў нашай краіне — гэтыя святы яднаюць усе ўзроставыя, сацыяльныя і этнічныя групы грамадства. Гэта час, калі разганяецца дрымота самых доўгіх начэй і святло кожнага наступнага дня павялічваецца; калі кола працы на зямлі замыкае свой рух і прырода аднаўляецца; калі кожны з нас жадае надаць новы рытм свайму жыццю.

/i/content/pi/cult/779/16820/12_9.jpgАдчуванне ўрачыстасці свята складаецца з мноства ідывідуальных уражанняў. Для адных — гэта радасць сустрэчы з сябрамі, для другіх, наадварот — падстава для ўсёй сям’і сабрацца разам, для трэціх — гэта падарункі і добрыя ўспаміны, і для ўсіх разам — водар хвоі і мандарынаў, гульні і забавы, казкі, песні і шмат чаго іншага. З часам нацыянальныя, бытавыя, сямейныя і іншыя асаблівасці зімовага свята складаюць пэўную традыцыю канкрэтнага народа.

У экспазыцыі выставы “Новы год. Анталогія свята” глядач можа прасачыць сямейныя і грамадскія традыцыі сустрэчы Новага года ў часы СССР на аснове дакументальных сведкаў ХХ стагоддзя: фотаздымкаў, архіўнага відэа і навагодніх паштовак.

Пасля рэвалюцыі 1917 года Раство Хрыстова і іншыя рэлігійныя святы на доўгі час трапілі пад забарону, а разам з імі ёлкі, Дзед Мароз, Снягурка і віншавальныя паштоўкі. Але дарэвалюцыйныя традыцыі засталіся ў грамадскай свядомасці і часткова былі перанесены на атрыбуты савецкага Новага года. Таму на паштоўках з навагоднімі віншаваннямі 1970 — 1980-х гадоў нярэдка відавочныя традыцыйныя дарэвалюцыйныя сюжэты: заснежаныя лясы і вёскі, запрэжаныя ў сані тройкі, Снягуркі ў какошніках. Аднак і дасягненні кіраўніцтва СССР мэтанакіравана адлюстроўваліся ў самых масавых і любімых пашкоўках: з’яўляецца Дзед Мароз-БАМавец, Снягурка становіцца працаўніцай пошты СССР, а зімовы лясны пейзаж змяняе від магістралей, электрастанцый і новых савецкіх гарадоў.

/i/content/pi/cult/779/16820/12_10.jpg

Разам з паштоўкамі сведкамі савецкай эпохі з’яўляюцца і фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе. Удзельнічаць у гэтым праекте Нацыянальнага цэнтра мог амаль кожны, хто даслаў навагоднія фотаздымкі з сямейных альбомаў. У прасторы двух залаў размясціліся аматарскія і прафесійныя, аўтарскія і студыйныя фотаздымкі, якія адлюстроўваюць традыцыі святкавання Новага года з 1950-х да 2000-х гадоў. Датаваныя рознымі гадамі, знятыя ў розных рэспубліках, — Грузіі, Расіі, Казахстане, Беларусі — гэтыя фотаздымкі сведчаць аб устанаўленні адзінага рытуалу на ўсёй прасторы вялікай краіны. Рытуалу, які ўключаў у сябе навагоднія ранішнікі для дзяцей, сямейнае застолле, віншаванні родным і суседзям, ёлку, мандарыны і іншае.

Жывапісныя работы экспазіцыі з калекцыі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў дапаўняюць і пашыраюць уяўленне зімовых свят для кожнага з нас. Вобразы і сюжэты Леаніда Шчамялёва, Ганны Сілівончык, Рыгора Іванова, Аляксандра Вырвы, Уладзіміра Ціханава і іншых мастакоў утвараюць яркі святочны калейдаскоп колеру і рытму, арыгінальнасці сюжэтаў і гумару.

Выставу можна наведаць да 19 студзеня ў НЦСІ.

Алеся ІНАЗЕМЦАВА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара па творчай працы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Фота аўтара