Авангард, які стаў класікай

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Калектыў установы культуры “Музей “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” ўзнагароджаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за стварэнне экспазіцыі Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і правядзенне маштабных выставачных праектаў “Восіп Цадкін. Вяртанне” і “Аляксандр Родчанка. Фатаграфія з ВХУТЕМАСа”.

/i/content/pi/cult/779/16805/4_4.jpgЧасам бывае крыўдна ад усведамлення, што мноства славутых беларусаў, як, дарэчы, і нашых землякоў іншых нацыянальнасцей, якіх Беларусь узгадавала, за межамі Бацькаўшчыны больш вядомыя, чым тут. Яны залічаны да гісторыі і культуры іншых народаў і для шырокай грамады з’яўляюцца кім заўгодна, але не беларусамі. Той жа віцяблянін Восіп Цадкін працаваў шмат дзе, але лічыцца французскім творцам. Таму выставачны праект памяці класіка авангарда нездарма названы “Вяртанне”. Выстава адбылася ўлетку 2018 года і праходзіла ў памяшканні Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, які падпарадкаваны Віцебскаму цэнтру сучаснага мастацтва.

Згаданае народнае вучылішча ў гісторыі мастацтва мінулага стагоддзя стаіць у адным шэрагу са славутым “Вуллем”, адкуль родам так званая “Парыжская школа”, і германскім Баўхаўзам, дзе канцэптуальна акрэсліўся сучасны дызайн. Тут жылі і працавалі Мсціслаў Дабужынскі, Марк Шагал, Казімір Малевіч, Лазар Лісіцкі, Вера Ермалаева… Выстава твораў фотамайстра — наватара Аляксандра Родчанкі, што праходзіла сёлета, глядзелася тут як родная. Кожнае наватарства раней ці пазней становіцца чымсьці звыклым, авангард непазбежна набывае бронзавае адценне. Тое ж і з творчасцю мэтра з ВХУТЕМАСа. Яно вельмі пасуе авангардысцкай настальгіі Віцебска

Музей народнага вучылішча — гэта даніна памяці і мост між ХХ стагоддзем і сёння. Экспазіцыя музея ўяўляе з сябе гарманічнае спалучэнне гістарычных артэфактаў і сучасных музейных тэхналогій. Гэта адначасова прастора, на якой разгорнута эфектнае відовішча і даследчыцкі цэнтр. Тут цікава знаўцам мастацтва ХХ стагоддзя і, што надзвычай важна, дзецям і моладзі, якія толькі адкрываюць для сябе культуру роднай краіны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"