Сімбіёз у рэаліях дня

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

На мой погляд, адзін з вынікаў года ў сферы культуры — тое, што шматлікія культурныя мерапрыемствы і ініцыятывы сёлета, як і год таму, актыўна працягваюць стварацца з дапамогай сістэмы краўдфандынгу.

Так, нядаўна ў кнігарні “Светач” быў прэзентаваны сусветны бестселер “Гары Потэр і філасофскі камень” Дж. К. Роўлінг, беларускі пераклад якога выйшаў у свет 14 снежня ў адным з прыватных выдавецтваў краіны. Але гэта не адзіная кніга вядомага замежнага аўтара, што выдадзена сёлета па-беларуску. Скажам, дзякуючы краўндфандынгу і адпаведнай інтэрнэт-платформе, цяпер на роднай мове можна пачытаць кнігі Дж. К. Джэрома “Трое ў чоўне і пёс з імі”, Карла Калодзі “Прыгоды Пінокіа” ці Свэна Нурдквіста “Калядны гном для Фіндуса”. А яшчэ краўдфандынг значна паспрыяў выхаду ў свет “Беларуска-рускага слоўніка для дашкольнікаў і 1 класа”, кнігі “Стараанглійская паэзія ў беларускіх перакладах”, зборніка казак “Вядзьмар, які рабіўся ваўком” ды многіх іншых кніжных навінак.

Натуральна, збор сродкаў неабыякавых беларусаў ідзе не толькі на літаратурныя праекты. Так, за кошт мецэнатаў сёлета быў прафінансаваны чарговы, пяты па ліку, мінскі фестываль “Горад і кнігі” ды двухдзённы фестываль традыцыйнай музыкі Rajok, а таксама выдадзены музычны альбом еўрапейскіх калядных песняў у перакладах на беларускую мову пад назвай “Вясёлых калядных святаў ад Дубліна да Дрысвятаў!”. Акрамя таго, жыхарамі Беларусі былі выдаткаваны грошы на новы дыск вядомай групы Naviband (да слова, прыхільнікі сабралі на гэта ў інтэрнэце даволі немалую суму ў 30 тысяч рублёў), а таксама прафінансаваны цікавыя дызайнерскія ініцыятывы — скажам, выраб аўтарскіх маек з адмысловымі прынтамі “Усё будзе фаўна!”, як і набор ільняных шкарпэтак з выцінанкамі ці калекцыя шаўковых хустак з аўтарскімі прынтамі, створанымі на аснове маляванак беларускай мастачкі Алены Кіш.

Прыклады, натуральна, можна доўжыць. Але нават пералічанага дастаткова, каб зразумець, што сфера культуры сёння імкліва змяняецца. У першую чаргу, яна, сфера культуры, цяпер арыентуецца не на нейкага “ідэальнага” спажыўца, а актыўна супрацоўнічае і ўзаемадзейнічае з рэальным чалавекам, зацікаўленым у тым або іншым культурным прадукце — кнізе, песні, фестывалі, дызайнерскім прынце і гэтак далей. І гэта тая новая тэндэнцыя, якая фактычна ўжо сталася будзённай рэальнасцю сённяшняга дня.

Што далей — праз дзесяць ці дваццаць гадоў — прадказаць цяжка. Магчыма, з цягам часу сфера культуры Беларусі будзе цалкам існаваць на грошы спонсараў і прыватныя ахвяраванні, як гэта, напрыклад, даўно робіцца ў некаторых краінах Еўропы ці ЗША? А, можа, і надалей застанецца ў сённяшнім, так бы мовіць, “сімбіёзе” прыватных і дзяржаўных культурных ініцыятыў, узаемадзейнічаючы і ўзбагачаючы ўсіх спажыўцоў культурнага прадукту? Як кажуць, пажывём — пабачым.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"