Картаграфічныя творы ва ўсе часы цаніліся прадстаўнікамі вышэйшых слаёў насельніцтва. У заможных дамах іх захоўвалі ў спецыяльных шафах або скрынях, якія стаялі ў бібліятэках. Шляхта займалася іх калекцыянаваннем і даволі часта запрашала на свой двор для працы таленавітых картографаў. Напрыклад, князь Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка — адзін з самых вядомых прадстаўнікоў польска-літоўскай магнатэрыі XVI — першай паловы XVII стагоддзяў запрасіў да сябе Мацея Струбіча — картографа караля Стэфана Баторыя, а таксама Томаша Макоўскага — вядомага старапольскага рысавальшчыка і гравёра. Яны разам у 1590-х гадах працавалі над стварэннем карты ВКЛ. Упершыню “Радзівілаўская карта”, як яе называюць часта цяпер, была надрукавана ў 1603 годзе (у Нясвіжы, Гданьску або Аўгсбургу). Захаваных асобнікаў гэтага выдання не было выяўлена. Гэтая карта вядома нам з другога свайго выдання, датаванага 1613 годам. Затым яна з’явілася ў “Атласе” В. Блаў, які выходзіў у свет пачынаючы з 1631 года. Увогуле, трэба адзначыць, што картаграфія на землях ВКЛ і Рэчы Паспалітай добра развівалася ў часы панавання Стэфана Баторыя (1576 — 1586). Прычынай гэтага былі ваенныя дзеянні, падчас якіх, зразумела, карты адыгравылі вялікую ролю.
Заняпад картаграфіі на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай адбываўся ў другой палове XVII стагоддзя — першай палове XVIIІ стагоддзя з-за адстутнасці цікавасці да картаграфіі, а таксама недахопу картографаў і гравёраў.
Адраджэнне картаграфіі ўзнавілася толькі ў другой палове XVIII стагоддзя. Гэта было звязана з дзейнасцю магнатаў, сярод якіх быў, напрыклад, Юзаф Аляксандр Ябланоўскі — ваявода навагрудскі. Ён спрыяў развіццю мастацтва, у тым ліку і картаграфіі. Так, па яго загадзе ствараліся карты Рэчы Паспалітай. Цікава, што вялікім аматарам калекцыянавання карт і атласаў быў таксама апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён імкнуўся ўдакладніць карту Рэчы Паспалітай, запрашаючы на працу таленавітых картографаў таго часу, што, безумоўна, служыла развіццю картаграфічнай дзейнасці ў краіне.
Вяртаючыся да выставы, трэба адзначыць, што на ёй можна будзе ўбачыць як карту Вялікага Княства Літоўскага 1631 — 1650 гадоў, так і партрэт яе фундатара — Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. Акрамя гэтага ўвагу да сябе прыцягнуць карты галандскіх, французскіх, нямецкіх, італьянскіх ды іншых майстроў, а таксама прадметы, звязаныя з падарожжамі і картаграфіяй.
Вераніка КРАСОЎСКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік Музея “Замкавы комплекс “Мір”