Не спаць на Новы год!

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Будзе снег на Новы год, не будзе — да “Гуглу” не хадзіць, не падкажа ён. Нават Белгідрамет сёння не можа абсалютна дакладна спрагназаваць, якое надвор’е чакае беларусаў напярэдадні 2020-га. Але адно я вам гарантую — у святочную ноч на тэлеканале “Беларусь 1” гледачы ўбачаць “Новы год на Макаёнка, 9” — шоу з удзелам папулярных айчынных і замежных артыстаў. “Адкуль такая ўпэўненасць?” — спытае мяне скурпулёзны чалавек. “Адтуль, — адкажу яму, — з аднаго з павільёнаў “Беларусьфільма”, дзе ў гэтыя панядзелак-аўторак праходзілі здымкі навагодняга прадстаўлення”. І я там быў, нічога заганнага не піў, а спяваў, дакладней падпяваў…

/i/content/pi/cult/776/16756/05.JPG...Я падпяваць пачаў адразу, як толькі, дзякуючы ласкаваму запрашэнню Белтэлерадыёкампаніі паназіраць прадстаўніку нашага выдання за здымачным працэсам, апынуўся на пляцоўцы, запоўненай прыгожа апранутай публікай. Яна “запальвала” і на танцпляцы каля сцэны, на якой, чаргуючыся, адпрацоўвалі свае нумары артысты, і на невялікай імправізаванай трыбуне. А ўсю гэтую бліскучасць — “ліхтары, феерверк, мішура” — фіксавалі на камеры тэлевізійшчыкі, што прасочваліся праз натоўп ды размяшчаліся на подыуме. Дык вось, падпяваць я стаў імгненна — гасцям тэлешоу з сонечнай Украіны, гурту “Воплі Відаплясава”, які спачатку абяцаў усім прысутным прыход самага рамантычнага сезона года — у супертрэке “Вясна”, а затым выканаў кампазіцыю пра падманшчыцу — дапоўненую ўласнымі куплетамі грандыёзную плясавую “Ті ж мене підманула”. “Шалелі” пад яе і самі музыкіанты і ўсе, хто ў гэты момант знаходзіўся ў павільёне. (Праўда, цікава, як рэдактура праграмы паступіць з “праблемнымі” радкамі пра дзяўчыну ў “Мэрсэдэсе”…)

Тэму наступнай за зімой пары года закранулі ў сваім выхадзе і “Беларускія песняры”, што прапанавалі не менш несмяротную “За паўгадзіны да вясны”. Моладзь, — а менавіта ёй у асноўным запоўнілася памяшканне — “адрывалася” пад хіт іх мам і тат, а то і дзядуляў з бабулямі гэтак жа адчайна весела. Наогул, не ведаю, якім выйдзе выніковы прадукт, але атмасфера падчас рэпетыцыі шоу была самая што ні на ёсць святочная.

Ну а што павінна атрымацца? Аб тым “К” распавяла дырэктар Дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 1” Алена Ладуцька. Па яе словах, амаль трохгадзіннае шоу гледачы ўбачаць у ноч з 31-га снежня на 1-е студзеня. Весці “хэпінінг” даверылі — і гэта лагічна, зыходзячы з назвы і кантэнту — Яўгену Перліну, ды і ідэя са сцэнарыям належыць вядомаму тэлевядучаму. Дапаможа яму напарнік па вячэрнім інфармацыйна-забаўляльным шоу “Макаёнка, 9” тэлевядучы і стэндап-комік Андрэй Макаёнак — між іншым, стрыечны ўнук знакамітага беларускага драматурга.

— Разлічваем, што праект прыйдзецца даспадобы самай рознай узроставай аўдыторыі, — паведаміла Алена Анатольеўна. — У выкананні артыстаў прагучаць іх самыя папулярныя песні — хіты цяперашнія і творы мінулых гадоў. Пачуюць гледачы і малавядомыя кампазіцыі, якія прэтэндуюць на ролю шлягераў, будзе месца і прэм’ерам. Адбудуцца нечаканыя дуэты. Канцэптуальна ж праграма прадставіць з сябе нейкую кампіляцыю з “Блакітнага агеньчыка” і суботняга тэлешоу нашага канала “Макаёнка, 9”.

Такім чынам, тэлеманаў у навагоднюю ноч пацешаць не толькі песні, але і цікавыя сустрэчы з медыйнымі персонамі і праслаўленымі спартсменамі, гульні, розыгрышы, жарты і іншы “кампот”. І нават “Аліўе”! Аднак што за салат чакае гурманаў — сакрэт.

— Такога па маштабе навагодняга шоу мы яшчэ не здымалі, — сказала спадарыня Ладуцька. — Для яго ажыццяўлення задзейнічана самая лепшая тэхніка, выкарыстоўваюцца самыя маляўнічыя дэкарацыі, прымяняюцца самыя сучасныя відэа- і іншыя спецэфекты. А рыхтаваўся канал да здымак гэтага праекта, пачынаючы з восені.

Акрамя тых выканаўцаў, якіх я ўжо згадаў, на экране з’явяцца Аляксандр Саладуха і Віталь Варанко, Дзмітрый Калдун і Ціма Беларускіх, Алёна Ланская і Іна Афанасьева, Руслан Аляхно і Аляксандр Патліс, гурты “БЕЗ БИЛЕТА” і “Дрозды”, “Тяни-Толкай” і “Леприконсы”, “Дядя Ваня” і “Сябры”, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” і NaviBand. За Украіну разам з “ВВ” выступіць спявак Alekseev, што стаў нам да жудасці назаўжды блізкім і родным пасля “Еўрабачання — 2018”, дзе ён выканаў кампазіцыю Forever. Ад ЗША праспявае... Джо Лін Тёрнер — рок-зорка, экс-вакаліст такіх гуртоў, як Rainbow і Deep Purple! Зрэшты, усіх назваў і імёнаў я прыводзіць не буду: хай для таго, хто святочную ноч вырашыць правесці ў кампаніі з тэлевізарам і тэлеканалам “Беларусь 1”, інтрыга захаваецца. Не спаць, увогуле!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"