У сваім вітальным слове міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь і кіраўнік нацыянальнай камісіі UNESCO Уладзімір Макей адзначыў, што гэта — чарговае з больш чым 70 мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Станіслава Манюшкі, якія сёлета адбыліся ў Беларусі. Міністр звярнуў увагу на вялікую значнасць асобы і творчасці кампазітара, і працытаваў яго выслоўе: “Абяры мэтай свайго жыцця мастацтва, і займайся ім так, каб яно прыносіла радасць і падтрымку людзям”.
Таксама Уладзімір Макей падкрэсліў: “Такіх імёнаў, як Станіслаў Манюшка, у нашай гісторыі нямала. Мы можам назваць і Адама Міцкевіча, і Ігнацыя Дамейку, і Кастуся Каліноўскага, і Тадэвуша Касцюшку, і многіх іншых. Яны належаць нашай гісторыі, але не толькі нашай. Ім даводзілася жыць у розных мясцінах, у розных дзяржавах. Яны належаць нашай агульнай спадчыне. І не трэба дзяліць, прысвойваць і Станіслава Манюшку, і Адама Міцкевіча, і Кастуся Каліноўскага камусьці аднаму. Яны нашы, агульныя, належаць усім нашым краінам”. Таксама міністр адзначыў, што такая агульная спадчына з’яўляецца добрым падмуркам для выбудоўвання міжкультурнага дыялогу і эфектыўным інструментам для ўсталявання стратэгічных добрасуседскіх адносін на будучыню.
Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская ў сваёй прамове звярнула ўвагу, што Манюшка, народжаны ў Беларусі, быў сапраўдным падарожнікам, і яго творчасць падзяляюць на розныя перыяды — мінскі, віленскі, берлінскі, варшаўскі, але ён заўжды заставаўся тутэйшым, быў адданы роднай зямлі, таму важна, каб ва ўсім свеце ведалі, што лёс кампазітара звязаны з Беларуссю.
У сваю чаргу, часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі адзначыў: “Мы ўмеем дзяліцца Манюшкам у найлепшым разуменні гэтага слова, і кожная з нашых дзяржаў лічыць яго ў пэўнай ступені сваім. Гэта не ўсім падабаецца, але, улічваючы біяграфію кампазітара, у нас няма іншага выбару”.
Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша выступіў з прэзентацыяй віртуальнага праекта “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, адзначыўшы, што гэта — вынік супольнай міжнароднай працы, дзякуючы чаму была сабраная і прадстаўленая ў адкрытым доступе ўся вядомая спадчына кампазітара. Тут можна знайсці біяграфічныя матэрыялы, рукапісныя ноты, аўдыядакументы і жывапісныя творы, звязаныя з іменем Манюшкі, і многае іншае. Азнаёміцца са зместам віртуальнага праекта можна на сайце Нацыянальнай бібліятэкі.
У будынку міністэрства адбылося адкрыццё выставы “Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе”, падрыхтаванай Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, на якой прадстаўленыя матэрыялы, звязаныя з біяграфіяй і творчасцю кампазітара, а таксама ўшанаваннем яго памяці і сцэнічным увасабленнем яго твораў. На заканчэнне мерапрыемства студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выканалі рамансы, напісаныя Станіславам Манюшкам на словы Адама Міцкевіча.