Ленін ці Зарэцкі: хто з іх?

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

Кітайская мудрасць сцвярджае, што горш за ўсё жыць у эпоху перамен — палітычных, эканамічных, сацыяльных. У часы, калі губляюцца арыенціры, ствараюцца новыя дзяржавы, разбураюцца старыя ідалы і на п’едэстал узводзяцца новыя героі. Напрыклад, неадназначная асоба колішняга кіраўніка Краіны Саветаў Уладзіміра Леніна выклікае ў кагосьці павышаны скепсіс, а ў некага, наадварот, піетэт і бязмерную павагу, якія падмацавана і айчыннымі “Ленінкамі”, і фігурамі правадыра літаральна ў кожным раённым цэнтры. Ёсць падобныя і скепсіс, і павага да названай асобы і ў бібліятэчным асяродку. Не выказваючыся “за” ці “супраць”, разгледзім сённяшнюю тэндэнцыю, так бы мовіць, на канкрэтных прыкладах.

/i/content/pi/cult/775/16738/014.JPGЛепш нічыё?

Так, зусім нядаўна ў адной з сацыяльных сетак спантанна і раптоўна было зладжана абмеркаванне таго, ці варта называць Гомельскую абласную бібліятэку імем Леніна і нават называцца “Ленінкай”. Сваю пазіцыю па гэтым пытанні яскрава абазначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, пракаментаваўшы допіс Гомельскай абласной “кніжніцы” з нагоды правядзення І Міжнародных Паскевічаўскіх чытанняў (пра іх “К” раскажа ў наступных нумарах).

— Паскевічаўскія чытанні — выдатная ініцыятыва, — напісаў на сваёй старонцы Алесь Суша. — А вось называць сябе ў наш час “Ленінкай”... Па-мойму, Ленін і Паскевіч у адной запрэжцы — гэта спалучэнне не спалучальнага, гэта салянка ў галаве тых, хто гэта прыдумаў і хто вымушаны гэта бачыць. Імя Леніна дыскрэдытуе ўсе а-ля дваранскія балі і рэканструкцыі Паскевічаўскіх бібліятэк. А таксама наадварот: зварот да выявы і спадчыны Румянцавых і Паскевічаў, як і мерапрыемствы з Гомельскай епархіяй, зусім абясцэньваюць усё, што было звязана з імем Леніна.

Допіс выклікаў даволі значны розгалас: пад ім з’явілася каля сотні каментарыяў ад розных асоб і арганізацый (у тым ліку, і ад самой гомельскай “Ленінкі”), прычым, як з Беларусі, так і з іншых краін. Як патлумачыў Алесь Аляксандравіч у сваім пазнейшым каментарыі, на яго погляд, і Леніна, і Паскевіча трэба ведаць, памятаць і вывучаць, прысвячаць ім манаграфіі і канферэнцыі. Але…

— Але ці варта дагэтуль хадзіць пад імем “Ленінка”? — задаўся галоўным пытаннем Алесь Суша. — На мой густ, не. Але гэта маё суб’ектыўнае бачанне. Мне падаецца, гэта саманепавага, непавага да сваёй гісторыі і культуры. Я не ведаю ніводнай іншай краіны ў свеце, дзе большасць буйных бібліятэк носіць імёны дзеячаў, не мясцовых і не сваіх, а тым больш такіх неадназначных. Няўжо ў гісторыі Гомеля няма ніводнай асобы, чыё імя вартае, каб ім назваць бібліятэку? А чым так, то лепш ужо нічыё імя не насіць. З шасці абласных бібліятэк у нас тры (!) носяць імя Леніна, адна Горкага, адна Пушкіна і адна, нейкім цудам, расійскага прафесара беларускага паходжання Карскага. Вось у такой дзіўнай сітуацыі жывём!

Гісторыя і традыцыя

Натуральна, “К” пацікавілася ў кіраўніцтва Гомельскай абласной бібліятэкі, як яно ставіцца да падобных закідаў.

— На мой погляд, Гомельская абласная бібліятэка імя Леніна — гэта ўжо гісторыя, і ад яе нам нікуды не сысці, — зазначыла “К” кіраўнік “кніжніцы” Марына Рафеева. — А калі казаць пра самога Леніна, дык у адным з тамоў ягонага збору твораў можна прачытаць цалкам прымальныя развагі пра развіццё бібліятэчнай справы. Так што мы спакойна ставімся да таго, што наша бібліятэка носіць імя Леніна і не бачым тут ніякай праблемы.

/i/content/pi/cult/775/16738/013.JPGПадобнай думкі прытрымліваюцца, да слова, і іншыя кіраўнікі абласных бібліятэк, якія носяць імя Леніна.

— Пытанне змены назвы востра перад намі не стаіць, — кажа дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян. — Нядаўна мы адзначалі сваё 90-годдзе, бо менавіта ў 1929 годзе было прынятае рашэнне аб адкрыцці Віцебскага аддзялення Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна — да дзесяцігоддзя з дня абвяшчэння БССР. Цалкам магчыма, што прыйдзе калісьці час і мы зменім сваю назву, але гэта адбудзецца не сёння.

— Я тут таксама не бачу нічога кепскага, — паўтарае ўслед за калегамі кіраўнік Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна Ілона Сарокіна. — Паглядзіце, у Мінску ёсць метро “Плошча Леніна”, у кожным горадзе ёсць вуліца Леніна і гэтак далей. Гэта склалася гістарычна. Канечне, да гісторыі можна ставіцца па-рознаму, але мы прывыклі да гэтай назвы і ўспрымаем яе цалкам нармальна.

Разам з тым, як падкрэсліла Ілона Сарокіна, у перспектыве абласная “кніжніца” плануе змены ў назве: цалкам магчыма, што з цягам часу яна займее імя Аляксея Пысіна — знакамітага ўраджэнца Магілёўшчыны, франтавіка, паэта і журналіста, або ўвогуле не будзе мець нечага імені ў назве ўстановы. Але гэта ўсё ж пакуль планы на будучыню.

Так што кіраўнікі абласных бібліятэк не бачаць асаблівай праблемы ў назве сваіх устаноў. На іх погляд, у бібліятэчнай справе сёння існуюць нашмат больш важныя пытанні: скажам, як прывіць любоў да кнігі дзецям і падлеткам, як прывабіць моладзь да чытання і адарваць іх ад экранаў манітораў з гульнямі, як заставацца культурна-асветніцкім, інфармацыйна-бібліяграфічным і навукова-метадычным цэнтрам вобласці, нягледзячы на імклівыя змены ў грамадстве і гэтак далей…

Што ў імені тваім?

Да слова, як адзначыла ў размове са мной Ілона Сарокіна, сёння некаторыя бібліятэкі Магілёўшчыны сапраўды носяць імёны знакамітых беларускіх пісьменнікаў. Скажам, цэнтральная раённая бібліятэка ў Быхаве носіць імя Барыса Стральцова, у Горках — імя Максіма Гарэцкага, а ў Касцюковічах Івана Чыгрынава.

І гэтая іменаслоўная традыцыя працягваецца. Так, як паведаміла “К” дырэктар ЦБС Шклоўскага раёна Тамара Мінкіна, у 2021 годзе гарадской бібліятэцы №1 Шклова будзе нададзена імя Міхася Зарэцкага.

— Мне здаецца, што вельмі правільна даць бібліятэцы імя ў гонар класіка беларускай літаратуры, які нарадзіўся і жыў менавіта ў гэтай частцы горада, у Зарэччы, адкуль і ўзнік псеўданім пісьменніка, — кажа Тамара Уладзіміраўна. — Тады і самі чытачы, якія завітваюць у бібліятэку, будуць ведаць, што гэта іх зямляк, будуць ганарыцца ім і з яшчэ большай ахвотай чытаць ягоныя кнігі.

Дарэчы, сёння названая бібліятэка размяшчаецца ў нежылым інтэрнаце і таму вельмі чакае рамонту. Як кажа бібліятэкар “кніжніцы” Наталля Сімончык, будынак, дзе бібліятэка арандуе памяшканне, зусім стары, да таго ж, прызнаны аварыйным, таму тут пільная патрэба ў рамонце, у першую чаргу, даху.

— Буду вельмі радая, калі наша бібліятэка займее імя Міхася Зарэцкага, — кажа Наталля Сімончык. — Бо пра свайго земляка мы памятаем: у бібліятэцы арганізавана выстава ягоных кніг, вісіць яго партрэт, але ж імя на шыльдзе ўстановы будзе цалкам дарэчы. Тым больш, да нас ходзіць значная колькасць людзей — каля 700 чалавек, прычым 140 з іх — гэта дзеці.

Па словах Тамары Мінкінай, грошы на рамонтныя работы будуць абавязкова выдаткаваны налета. Так што прысваенне імені Міхася Зарэцкага гарадская бібліятэка №1 Шклова сустрэне як свята, ва ўсёй сваёй красе.

Што ж, пэўная тэндэнцыя — сапраўды навідавоку. Але, натуральна, “барацьба” старога і новага на бібліятэчнай “дзялянцы” — справа не аднаго дня і, можа, нават дзесяцігоддзя. Галоўнае, каб гэты працэс ішоў дынамічна і паступова, у згодзе паміж прыхільнікамі старога і аматарамі новага.

Фота з сайта Гомельскай абласной бібліятэки імя Леніна

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"