Муза з кінакамерай “Аймо”

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Да 95-годдзя беларускага кіно
(Працяг. Пачатак у №№ 43 — 48)

/i/content/pi/cult/774/16705/01.JPGДля баявога настрою

На Аб’яднанай Алмаацінскай студыі адазваны з фронту Корш-Саблін зняў дзве навелы для чарговага “Баявога кіназборніка” — з адпаведнай антыфашысцкай тэматыкай.

У “Пчолцы” дзяўчынка заводзіць фашыстаў-дыверсантаў, пераапранутых у форму чырвонаармейцаў, у балота, дзе тых выкрываюць партызаны. У галоўнай ролі Яніна Жаймо — славутая Папялушка з аднайменнага перадваеннага фільма. Родам з Ваўкавыска.

Другую навелу, “На заклік маці”, здымалі разам Корш-Саблін і Юрый Тарыч. У галоўнай ролі — вельмі папулярны артыст, яшчэ адзін наш зямляк Пётр Алейнікаў. Побач з ім — Пётр Сабалеўскі, Барыс Бліноў. Тэксты песень, якія там гучалі, напісаў Пятрусь Броўка.

Навелы захоўваюцца ў кінаархіве, але на экраны, як сведчыць энцыклапедыя, не выйшлі. Чаму? Цяпер гэта, пэўна, ужо і не дазнацца.

У 43-м Корш па сваім сцэнарным плане паставіў “Беларускі кінаканцэрт”. Там дэкламавалі, спявалі і танчылі ўдзельнікі Дэкады мастацтва БССР, якая праходзіла ў Маскве за год да пачатку вайны.

На экране — вакалісты Ларыса Александроўская, Арсэн Арсэнка і Рыта Млодэк, артыст драмы Леанід Рахленка, балерына Аляксандра Нікалаева — ёй з партнёрам танец “Юрачка” паставіў сам Ігар Майсееў. Растыражаваны фільм, як і іншыя падобныя кінаканцэрты, вазілі і паказвалі на франтавых пазіцыях.

З камерай на перадавой

Але з чэрвеня 41-га галоўнай задачай савецкага кіно стала ваенная хроніка.

На базе Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў нашы кінематаграфісты хаця і не рэгулярна, але выпускалі кіначасопіс “Савецкая Беларусь”. Матэрыял: хроніка з партызанскіх зон і праца эвакуяваных заводаў па закліку “Усё для фронту, усё для Перамогі!”

Нашы аператары ўваходзілі ў лік 257 франтавых хранікёраў. Яны з камерамі “Аймо”, якія працавалі ад спружыннага заводу, і шпулямі стужкі на тры хвіліны здымалі баі на перадавых пазіцыях, на ўсіх франтах.

Кожны пяты з іх загінуў як ваяр.

Наш аператар Марыя Сухава не раз па начах лётала на ПО-2 у нямецкі тыл, да партызан. За год да Перамогі яна загінула, як гаворыцца, “на баявым пасту”: здымала легендарны прарыў Ушацкай блакады. Калегі прысвяцілі ёй дакументальнік “Марыя”. Гэты эпізод рэканструяваны і ў мастацкім фільме “Глыбокая плынь” рэжысёрамі Маргарытай Касымавай і Іванам Паўлавым.

Пра франтавых аператараў яшчэ пры іх жыцці паспеў зняць фільм “Ад зор чэрвеньскіх” наш дакументаліст Уладзімір Цяслюк-малодшы — сын франтавога кінааператара Уладзіміра Паўлавіча Цеслюка.

У Мінску пакоі хронікі з 1944-га да 1966-га месціліся на першым паверсе Чырвонага касцёла — з вокнамі на цяперашні сквер з фантанам. А ў двары ў цёплае надвор’е пад бэзам сядзелі на лавачцы ды пасмальвалі вольныя ад камандзіровак аператары — ветэраны вайны Юрый Бароўскі, Георгій Удавенкаў, Генрых Лейбман, Венедзікт Арлоў, Уладзімір Пужэвіч, Уладзімір Цяслюк, Міхаіл Бераў, Яўген Сакалоў.

Радзей адпачывалі тут франтавікі-рэжысёры Фёдар Ястрабаў, Чэслаў Цяўлоўскі — яны манціравалі свой матэрыял.

У 56-м, толькі прыйшоўшы ў кіно, я ўсіх іх напаткаў у росквіце сіл! Паступова, адзін за адным, яны сыходзілі… спачатку на пенсію.

Пашчасціла мне пазнаёміцца і з тымі рэжысёрамі-франтавікамі, якія прыйшлі на “Беларусьфільм” ужо пасля вайны. Сярод іх — Іосіф Шульман, Аляксандр Карпаў, Мікалай Фігуроўскі, Рычард Віктараў, Пётр Васілеўскі. Да фільма Віктарава “Каханая” ў 1964-м я напісаў на музыку Глебава тэкст сваёй першай песні “На світанку”.

А з Карпавым шмат гадоў працавалі плячо да пляча ў Саюзе кінематаграфістаў: ён быў старшынёй праўлення, я ачольваў секцыю тэлевізійнага кіно.

Новы дом

/i/content/pi/cult/774/16705/iphone360_46477_opt.jpegУ 1944 годзе беларускія кінематаграфісты вяртаюцца з эвакуацыі. Але ім указана: не ў Ленінград вяртацца, а ў Мінск!

Горад зруйнаваны, пашкоджаныя і недабудаваныя павільёны будучай кінастудыі. Ды і прэтэндаваць на іх забаронена — там пасля Перамогі размесціцца велазавод.

Больш-менш ацалелымі выглядаюць Дом Чырвонай арміі, Оперны тэатр, Дом Урада і побач — Чырвоны касцёл.

Ён па прамым прызначэнні служыў з асвячэння ў 1910-м да Першай сусветнай вайны і яшчэ два з нечым гады пры “апошніх” немцах. Цяпер стаяў спустошаны, няўтульны.

Вось у ім і прапанавана — без варыянтаў! — размясціцца кінастудыі. Часова. Але, як аказалася, больш чым на 20 гадоў.

Корш здымае ваенную форму, прыязджае ў разбураны Мінск, селіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне ў пакоі прыватнага дамка. Пасля вуліцу назавуць яго імем. На дамку прымацуюць мемарыяльную шыльду… Сёння там шматпавярховікі, і тая незабрукаваная колісь вулачка да непазнавальнасці змянілася. Але яна назаўжды захаваная ў маім фільме 2000 года “Разам з ім”.

Пісьменнік Мікола Садковіч сумесна з Коршам манціруюць хроніку і выпускаюць пераможны дакументальнік “Вызваленне Савецкай Беларусі”.

А цяпер павучальнае: пра скаргі і “немагчымасці” ў творчасці. Калі сёння кінематаграфісты спасылаюцца на адсутнасць сродкаў для рэалізацыі іх задум, я прыводжу ў прыклад фільм “Новы дом”.

Ён выйшаў на экраны СССР у сярэдзіне 1947-га. А да таго трэба было растыражыраваць яго для паказу па ўсім Саюзе, а да таго — зняць, а яшчэ раней — пераканаць улады, што такі фільм трэба тэрмінова ствараць. А найперш — напісаць сцэнарый на тэму ўзнаўлення!

Мінімум паўтара, а тое і два гады на ўсё гэта патрэбна. Ці варта казаць, як выглядала рэспубліка, у якім эканамічным становішчы знаходзілася пасля трох гадоў знявечча?! Ці варта сумнявацца, што ніякіх вольных сродкаў урад не меў? Ці варта даводзіць, што стварэнне мастацкага фільма не было першаснай праблемай у тагачаснай гаротнай Беларусі? Але “Новы дом” у пастаноўцы Корша ў вытворчасць усё ж запусцілі!

Ёсць аб чым сёння задумацца — і творцам, і фінансістам.

Бацькі і дзеці

У невялікім светлым холе “Беларусьфільма” ў 70-я гады з’явіўся стэнд з фатаграфіямі працаўнікоў студыі — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх было дзясяткі чатыры. Жалобная стужачка вісела толькі на адной: на фота Марыі Сухавай.

Астатнія — жывыя і працавітыя — хадзілі міма, па тым жа калідоры.

Чалавек, які адыграў вырашальную ролю ў маім лёсе, выклікаўшы мяне з Гродна ў Мінск працаваць на кінастудыі — Сямён Ісаакавіч Тульман, дырэктар самых складаных пастановачных фільмаў.

Ён не проста ўдзельнік вайны, ён яе інвалід. На лысай галаве праглядалася ямачка — зацягнутая скурай частка прабітага чэрапа. Выдатны арганізатар, дабрадушны чалавек з тонкім пачуццём гумару, ён не так даўно пайшоў з жыцця, дажыўшы ледзь не да ста.

Доўгія гады галоўным інжынерам “Беларусьфільма” працаваў Барыс Антонавіч Папоў. Гэта яму і яго гаротным таварышам па палону прысвечаны радкі Аркадзя Куляшова на помніку, які стаіць на скрыжаванні мінскіх вуліц Якуба Коласа і Калініна:

Ковром прикрыта, соткана

из дёрна

Безвестность тех

безвременных смертей.

Гэта ў памяць пра яго і ягоных таварышаў з такім жа трагічным лёсам узвёў іерэй Алег Кунцэвіч царкву на месцы сумнавядомага Шталага № 352 у Кунцаўшчыне.

Часта мільгацяць на экранах кадры хронікі: рэйхсфюрэр СС Гімлер аглядае лагер палонных. Ёсць меркаванні, што яны знятыя ў Шталагу пад Мінскам. Значыць, недзе сярод гэтых пакутнікаў і малады салдацік Барыс Папоў… Дарэчы, калі пішуцца гэтыя радкі, Барыс Антонавіч адзіны жывы з таго студыйнага стэнда ветэранаў — апошні...

У кінабіяграфіі Аляксандра Якаўлевіча Карпава сярод фільмаў пра вайну большая частка — экранізацыя прозы Васіля Быкава. Гэта мае тлумачэнне: прозу пісьменніка-франтавіка экранізуе рэжысёр-франтавік.

Удзень 22 чэрвеня 1941 года ў Калінінскай тэатральнай вучэльні ішоў паказ дыпломнага спектакля “Фельдмаршал Кутузаў”. Саша Карпаў іграў аднаго з партызан, што ваявалі з Напалеонам. Са сцэны ён бачыў, як пусцее зала. Раптам проста на сцэну насуперак дзеі выйшаў памочнік рэжысёра і закрыў заслону, толькі й вымавіўшы: “Вайна”.

Частка хлопцаў адразу ж рушыла ў ваенкамат: запісвацца добраахвотнікамі. Сярод іх і Карпаў. Лейтэнант, гвардзеец-танкіст удзельнічаў у баях на Курскай дузе, вызваляў Беларусь.

У адно імгненне раніцай 22 чэрвеня 1941 года хроніка Мінска, якую здымаў аператар Іосіф Навумавіч Вейняровіч, падзялілася на “да вайны” і “падчас” — бомба трапіла ў памяшканне кінахронікі. Усе чатыры ваенныя гады зброяй Вейняровіча з’яўлялася кінакамера.

Ён жа здымаў свой родны горад і 9 траўня 1945 года. Адгэтуль яго здымкі дзяліліся на “падчас вайны” і “пасля Перамогі”.

Ужо толькі пералік фільмаў, якія Уладзімір Андрэевіч Дзяменцьеў аздабляў як мастак-пастаноўшчык, сведчыць аб яго тэматычнай схільнасці: “Вуліца малодшага сына”, “Трэцяя ракета”, “Праз могілкі”, “Іван Макаравіч”, “Бацька”, “Братушка”, “Час абраў нас”, “Трэццяга не дадзена”, “У жніўні 44-га”, “Знак бяды”.

Былы афіцэр-разведчык, ён упэўнена адчуваў сябе на “тэрыторыі вайны”.

Ветэраны-бацькі з фатаграфій глядзелі на сыноў, якія працягнулі іх шлях у кіно і хадзілі міма таго стэнда: Аляксандра Карпава-малодшага, Уладзіміра Цеслюка-малодшага, Віктара Шульмана.

А ў т/а “Тэлефільм” Дзяржтэлерадыё БССР тры ветэраны вайны прадстаўлялі тры роды войск.

Стваральнік і першы кіраўнік аб’яднання Рыгор Іванавіч Глухоўскі ў гады вайны — авіяцыйны тэхнік.

Дырэктар здымачных груп, у тым ліку маіх, Барыс Эдуардавіч Неўскі — артылерыст. Дарэчы, ён і першы дырэктар нашых славутых “Песняроў”.

Дырэктар фільмаў, мой паплечнік і сябра Леў Мікалаевіч Кузьміцкі — былы юнга Дунайскай флатыліі.

А іншы дырэктар, з якім давялося рабіць арганізацыйна складаныя фільмы — Марыя Давыдаўна Ягадніцына — ленінградская блакадніца.

Усе выдатныя працаўнікі, добрыя таварышы, душэўныя людзі. Усіх люблю і памятаю.

Ні адзін фільм, ні адна перадача пра вызваленне Мінска 3 ліпеня 44-га не абыходзіцца без гэтага кадра: з франтона Дома Урада ляціць уніз вялікі дэкаратыўны круг са свастыкай. Нехта ж здолеў яго зняць!

Зразумела, да здымкі трэба рыхтавацца. Але ні ў верхалазаў, ні ў аператара мабільных тэлефонаў, каб змовіцца, выпадку не было. Немагчыма і дакрычацца. Значыць, гэта задума і папярэдняя дамоўленасць: аператар з плошчы махне — і толькі тады рабочыя скінуць свастыку.

І вось аператар на плошчы ставіць камеру на штатыў, накручвае яе спружынны завод, наводзіць фокус, рэпеціруе вертыкальную панараму, уключае камеру — і робіць узмах. Фашысцкая эмблема ляціць уніз.

Прозвішча аператара, франтавыя здымкі якога ўвайшлі ў стужкі “Разгром немцаў пад Масквой”, “Вызваленне Савецкай Беларусі”, у франтавыя кіначасопісы, — Міхаіл Сямёнавіч Бераў.

Вось так ён назаўжды ўвайшоў у гісторыю.

Вось так уваходзяць у гісторыю.

Вось так гісторыя пішацца.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр