“Мой родны кут”

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

Не толькі ўсю прыгажуню-Беларусь, не толькі тыя мясціны, з якімі лёс звязаў Песняра нашай зямлі Якуба Коласа праз жыццё, ён мог назваць так ласкава і пяшчотна: “Мой родны кут, як ты мне мілы…” Родным яму да скону быў і яго апошні прытулак у ціхім доме, творчым гняздзе народнага пісьменніка, які месціцца побач з Нацыянальнай акадэміяй навук краіны. Цяпер у Доме Коласа чакаюцца юбілейныя ўрачыстасці…

/i/content/pi/cult/773/16681/01.JPGЯк паведамілі “К” у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, 4 снежня 2019 года ў ім адзначаецца юбілейная дата — 60 гадоў з моманту адкрыцця першай экспазіцыі.

За час існавання музея зроблена вялікая работа па даследаванні жыцця і творчасці народнага паэта Беларусі, па ўшанаванні памяці Якуба Коласа не толькі на яго радзіме, але і далёка за яе межамі.

/i/content/pi/cult/773/16681/02.JPGМузей Якуба Коласа быў створаны Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР “Аб увекавечванні памяці народнага паэта БССР Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча)” у жніўні 1956-га, пасля смерці народнага паэта Беларусі. У доме, дзе жыў пісьменнік з сям’ёй з канца 1944-га да сваёй смерці, было вырашана зрабіць музей, арганізацыяй якога займаўся старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. Для наведвальнікаў музей адкрыў свае дзверы 4 снежня 1959 года. Двухпавярховы дом, створаны паводле праекта архітэктара Георгія Заборскага, і прылеглы сад, размешчаны на тэрыторыі Акадэміі навук Беларусі. На сёння музей мае дзесяць экспазіцыйных залаў, у дзвюх захаваны прыжыццёвы інтэр’ер пакояў — кабінета і спальні. У астатніх залах дэманструюцца мэбля і рэчы, якімі карыстаўся паэт на працягу апошніх гадоў свайго жыцця. Музей таксама мае філіял “Мікалаеўшчына” на радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці.

Да юбілею музея была падрыхтавана сумесная з калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым выстава “Песняры зямлі беларускай. Міцкевічы: ад Адама да Канстанціна”. Якуб Колас пісаў: “Адам Міцкевіч адзін з геніяльных славянскіх паэтаў. Па ахопу ўсеабдымнага таленту, па яго шырыні Адам Міцкевіч па справядлівасці займае адно з першых месцаў сярод паэтаў-геніяў”. Нягледзячы на тое, што два таленты, народжаныя на Беларусі ў розныя стагоддзі, карысталіся рознымі мовамі, ім абодвум удалося ўвасобіць геній мясцовага духу ў сваіх лірычных эпасах. Адам Міцкевіч у нейкі момант вымушана пакінуў радзіму, Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) быў укарэнены ў родную зямлю, але і адзін, і другі чэрпалі натхненне ў духоўнай і матэрыяльнай спадчыне беларусаў.