Чалавек з канала Грыбаедава

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Да 95-годдзя беларускага кіно
У Маскве і Петраградзе бальшавікі нацыяналізавалі ўласнасць расійскіх кінапрадпрымальнікаў, тэхнічнае абсталяванне французскіх і амерыканскіх кінафірм. У Беларусі нацыяналізаваць не было чаго. Адпаведна, і кінавыторчасці не было адкуль узяцца. Але… У 1926-м годзе ў Прылуках каля былога палаца графа Чапскага не раз збіраўся натоўп. Што ж там дзеілася?

/i/content/pi/cult/769/16624/031.JPGСаблін з шабляй

У палацы гучыць музыка, там нябачанае дасюль асляпляльнае асвятленне…Праз вялікія вокны відаць шыкоўна ўбраных дам, паноў у кунтушах і фраках, вайскоўцаў пры шаблях і ў канфедэратках…Гаспадары вярнуліся? Але ж палац даўно нацыяналізаваны!

Насамрэч гэта здымалася сцэна балю для першага беларускага фільма “Лясная быль”, які ў 27-м выйдзе на экраны.

Пастаноўшчык Юрый Тарыч, аўтар сцэнарыя — Міхась Чарот. Тэма — нядаўняя барацьба з белапалякамі.

Рэцэнзенты папікалі: бляск баляў, шляхецкі побыт і перыпетыі кахання засланілі нудлівыя падпольныя пасяджэнні і лясны побыт партызан.

Заўважце: ужо з першай стужкі студыя бярэ арыентацыю на тэму, якая ў будучым вызначыць неафіцыйную, але дакладную яе назву: “Партызан-фільм”.

Што тут цікава: у фінале пасля перамогі партызан на экране з’яўляюцца рэальныя гістарычныя асобы — тагачасныя кіраўнікі рэспублікі Кнорын, Адамовіч і Чарвякоў. Але пасля таго, як іх рэпрэсавалі, гэтыя сцэны з фільма выразалі. Захавалася фота: Чарвякоў са здымачнай групай. Але і яго потым зарэтушавалі.

І яшчэ: у ролі ад’ютанта польскага генерала мы бачым будучага класіка беларускага кіно, майго кінанастаўніка Уладзіміра Уладзіміравіча Корш-Сабліна. Каму ж, як не яму, былому ваяру-кавалерысту славутай 1-й Конарміі (аб чым я дазнаюся пад Вільняй у верасні 1957-га падчас здымак фільма “Чырвонае лісце”), — было ўвішна махаць шабляй і гвіздаць шпорамі?!

У Тарыча ў “Лясной былі” асістэнтам, акрамя Корша, быў Іван Пыр’еў — таксама ў будучым класік савецкага кіно.

Прэм’ера карціны адбылася ў Мінску 26 снежня 1926 года ў кінатэатры “Культура”. Будынак напачатку стагоддзя ўзвяла яўрэйская абшчына як харальную сінагогу. Цяпер там Горкаўскі тэатр.

Лёс фільма склаўся драматычна: сцэнарыст Міхась Чарот, у мінулым член антыпольскага камітэта паўстання і да канца дзён — бальшавік ды таленавіты пісьменнік, быў расстраляны як удзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі. “Лясную быль” знялі з экранаў і выкраслілі з гісторыі.

Галівудскія штампы

/i/content/pi/cult/769/16624/032.JPGМаладая студыя “Белдзяржкіно” на канале Грыбаедава нарошчвае вытворчасць: у 1927 годзе выпушчана ўжо чатыры фільмы.

Адзін з іх — спрэчная, але ўсё ж перамога беларускага кіно пачатковага перыяду: “Кастусь Каліноўскі”, сцэнарыст і рэжысёр Уладзімір Гардзін.

У галоўнай ролі кіраўніка антыцарскага паўстання 1863 года — піцерац з “Александрынкі” Мікалай Сіманаў, будучы экранны “Пётр Першы”. Побач з ім — Зоф’я Магарыл, Барыс Ліванаў, Генадзь Мічурын… З апошнім я пазнаёмлюся праз 30 гадоў на здымках “Чырвонага лісця”, дзе ён будзе граць пракурора.

Занятыя ў фільме і нашы беларусы з БДТ-1: Фларыян Ждановіч (ксёндз), Уладзімір Уладамірскі (казак-есаул), Барыс Платонаў (малады цыган).

Зноў у рэцэнзіях гучаць папрокі: стваральнікі ўпіваюцца паказам шляхецкіх баляў, сцэны пагоні нагадваюць штампы з амерыканскіх вестэрнаў, старамоднасць рэжысуры… Так, пасля “Браняносца “Пацёмкіна” Эйзенштэйна, які выйшаў двума гадамі раней, глядач ужо прызвычаіўся да напружанага тэмпу аповеду і расшыфроўвання кінаметафар. Яго ўражвае нечаканы змест, што ўзнікае ад стыкоўкі планаў, ён чакае яскравых вобразаў…

У цітрах зноў і зноў мільгае запамінальнае двайное прозвішча арыстакратычнага акцёра і супрацоўніка рэжысёрскіх груп: Корш-Саблін. Пакуль на другіх пазіцыях.

Але ў наступнае дзесяцігоддзе менавіта Корш, неяк абышоўшы астатніх, хутка стане лідарам беларускага кіно і створыць лепшыя фільмы 30-х на студыі, якой будзе кіраваць шмат-шмат гадоў — да скону сваіх дзён.

“Толькі вахцёр”

Паколькі студыя ў Ленінградзе ўсё ж беларуская, то аператары-хранікёры здымаюць сюжэты ў Беларусі. Вось што можна адшукаць у сховах кінаархіва ў Дзяржынску:

“Тэатр БДТ-1, пасяджэнне, транспарант “Прывітанне дэлегатам 7-га Усебеларускага з’езда Саветаў!” На сцэне ў прэзідыўме Старшыня Саўнаркама БССР Аляксандр Чарвякоў, камандарм Міхаіл Тухачэўскі.

Памежная чыгуначная станцыя Негарэлае, у вакне вагона — Максім Горкі, які вяртаецца ў СССР.

Мінск, дамок 1-га з’езда РСДРП, — ён яшчэ на сапраўдным месцы, на плошчы.

Футбольны матч.

Прабег Самарскай кавалерыйскай дывізіі “Мінск — Барысаў”, танкі.

Асушэнне балот.

Будаўніцтва Дома Ураду.

Адкрыццё шклозавода ў 1932 годзе, кіраўнік БССР Галадзед.

Праезд па Мінску “ўсесаюзнага старасты” Калініна.

Афішы беларускіх фільмаў 20 — 30-х гадоў.”

Вытворчай базы ў нас па-ранейшаму няма, а таму кожны адзняты метр кінастужкі возяць на апрацоўку і тыражаванне ў Ленінград.

Усіх гэта неяк задавальняла, дый проста звыкліся. Размяшчэнне студыі ў палутара тысячах кіламетраў ад Беларусі лічылася часовым і быццам вымушаным, пакуль...

Пакуль не пачуецца жахлівы вокрык Масквы!

Але да гэтага яшчэ пройдуць пяць гадоў, на працягу якіх “Белдзяржкіно” не раз блісне выдатнымі карцінамі! Студыя выдае на ўсесаюзны экран ужо па шэсць фільмаў штогод. Рэжысёрамі былі Яфім Дзіган, Восіп Фрэліх, Міхаіл Авербах, Марк Данской, Рыгор Рашаль, Аляксандр Файнцымер, Міхаіл Вернер, Уладзімір Вайншток, Лазар Анцы, Бено Шрэйбер, Іосіф Бахар, Барыс Шпіс, Рашэль Мільман…

Пуцёўка для гуку

Спробы пісаць музыку, нават аркестравую, пад падзеі на экране ўжо рабіліся ў эпоху “нямога кіно”. Але трымаць у кожным кінатэатры аркестр было фінансава накладна і арганізацыйна складана. Ды “трапляць” яму трэба дакладна ў кожны кадр на кожным сеансе фільма.

Кіно прагнула тэхнічнай рэвалюцыі.

І яна адбылася.

У 1927 годзе свет узварушаны вынаходніцтвам, якое шмат якіх акцёраў зрабіла няшчаснымі (узгадайце нядаўні французскі фільм “Артыст” з Дзюжардэнам) — а яшчэ большую іх колькасць знакамітымі.

У кіно прыйшоў гук. А разам з ім і новая прафесія: гукааператар.

Першы цалкам гукавы фільм стварылі прасунутыя амерыканцы: “Спявак джаза”. Музыка адтуль стала прыкметай так званай “эпохі джаза”. Каб дагадзіць шматлікай “чорнай” аўдыторыі і мець годны пракат, галоўны герой-“спявак” — чарнаскуры. Паводле тытраў, імя артыста  — Эл Джолсан. Студыя “Уорнэр Бразэрс” пільна ахоўвала сваю таямніцу. Насамрэч, гэта быў малавядомы белы акцёр, загрыміраваны цёмным тонам. І яшчэ большай таямніцай з’яўлялася яго сапраўднае прозвішча: Аза Эльсан. А тое, што паходзіць гэты яўрэй з Расіі — і, вядома, з “мяжы аселасці” — не афішавалася ўвогуле. Дый мала каго цікавіла.

Гуку ў кіно СССР яшчэ няма! Першы савецкі гукавы фільм “Пуцёўка ў жыццё” выйдзе толькі ў 1931-м.

Але ўжо 10 лістапада 1930-га ў “Белдзяржкіно” адбыўся паказ эксперыментальнай стужкі Юрыя Тарыча “Пераварот”. Пяць гукавых сюжэтаў: прамова Старшыні Саўнаркама, дэкламацыя паэмы, канцэрт, хроніка, палітычны шарж. Але, пэўна, гэта быў такі смелы крок наперад (прычым без удзелу маскоўскіх гукаінжынераў), што далей за экперымент справа не рушыла. Дый стужка не захавалася.

У краіне ішло суперніцтва вынаходнікаў, і таму ў пачатковых цітрах фільмаў удакладнялася: “Гук запісаны па сістэме Тагера” ці “Гук запісаны па сістэме Шорына”. Аніяк не здолелі рашыцца, якую ж абраць? Вось і зацягнулі.

У карцінах “Белдзяржкіно” пасля эксперыментальнага “Пераварота” гук з’явіцца яшчэ пазней: у 33-м. А пакуль тут выпускаюць нямыя чорна-белыя карціны.

Стартавая пляцоўка

Што прыкметна, у цітрах фільмаў даваеннага перыяду мы не раз бачым прозвішчы рэжысёраў, якія свае кінабіяграфіі адлічваюць ад гэтых працаў.

Гэта Яфім Дзіган (фільмы “Суд павінен працягвацца”, “Жанчына”), Аляксандр Файнцымер (“Шчасце”, “Паручнік Кіжэ”, “Гатэль “Савой”, “Балтыйцы”), Уладзімір Вайншток (“Рубікон”, “Ураган”, “Слава свету”). Маладыя і энергічныя, яны стваралі фільмы, якія вывелі нашу нованароджаную студыю на ўзровень “Масфільма”, “Ленфільма”, Студыі імя Горкага.

Мабыць, найбольш прыкметная стужка таго перыяду — “У агні народжаная” (1929 год) пра станаўленне Савецкай Беларусі. Канешне, яшчэ “нямая”, канешне, пад піяніна, пад імправізацыі тапёра.

Гэта першая самастойная пастаноўка Корш-Сабліна. З яе пачынае ён адлік сваёй кінабіяграфіі.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр