Зоркі оперы і Мінск

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

25 кастрычніка зоркі сусветнай опернай сцэны Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў выступілі ў Мінску. Гэта іх трэці прыезд у сталіцу Беларусі. У лютым 2018 года ў Палацы Рэспублікі ў суправаджэнні Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова яны далі канцэрт у рамках V Міжнароднага фестывалю “Уладзімір Співакоў запрашае”. Затым сёлета прынялі ўдзел у адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў. І цяпер яны ўпершыню выступілі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у суправаджэнні аркестра тэатра. За дырыжорскім пультам стаяў заслужаны артыст Азербайджана Фуад Ібрагімаў, запрошаны госць — вядомы італьянскі барытон Лука Сальсы.

/i/content/pi/cult/769/16617/020.JPG25 кастрычніка ўпершыню адзначаўся Сусветны дзень оперы. Па ініцыятыве трох вядучых оперных арганізацый Opera Europa, Opera America і Opera Latinoamerica было вырашана пашырыць маштабы еўрапейскіх дзён оперы і заснаваць Сусветны дзень оперы. Яго мэта — прадэманстраваць уклад, які ўносіць опернае мастацтва ў развіццё культуры грамадства. Дата абраная невыпадкова, 25 кастрычніка нарадзіліся Жорж Бізэ і Іаган Штраўс — аўтары сусветна-вядомых опер і аперэт. Гэту знамянальную падзею бліскуча адзначылі ў Мінску выступам адных з самых запатрабаваных у свеце зорак опернай сцэны. Ганны Нятрэбка і Юсіфа Эйвазава.

/i/content/pi/cult/769/16617/021.JPGЯк звычайна бывае ў падобных канцэртах, сольныя вакальныя нумары, дуэты і трыо спалучаюцца з аркестравымі. І ў гэты раз традыцыя была вытрыманая. Але праграма, асабліва першага аддзялення, апынулася досыць няпростай. Як сказала сама Ганна Нятрэбка, артысты спецыяльна ўключылі ў яе досыць складаныя творы, ведаючы, што ў зале будуць прысутнічаць не толькі аматары опернага мастацтва, але і музыканты-прафесіяналы. У першым аддзяленні канцэрта выконвалася толькі музыка Джузэпэ Вердзі, гэта нумары з опер “Атэла”, “Дон Карлас”, “Луіза Мілер”, “Рыгалета”, “Сіла лёсу” і “Трубадур”.

Першы выхад Ганны Нятрэбка і Юсіфа Эйвазава быў сустрэты публікай бурнымі апладысментамі. Бліскуча быў выкананы імі дуэт з оперы “Атэла”. Ганна Нятрэбка кажа: “Тое, што мы спяваем разам — гэта выдатна, і нам вельмі пашанцавала, бо ў нас галасы вельмі добра спалучаюцца, і тэатры рады бачыць нас разам”.

Ганна Нятрэбка — спявачка рэдкага таленту. Думаю, не варта шмат гаварыць пра ўнікальнасць яе голасу, аб вакальна дасканалых і драматургічна выбудаваных ёю оперных партый, аб знешняй прыгажосці і велізарнай сцэнічнай абаяльнасці. Усё гэта добра вядома яе прыхільнікам. Кожны раз спявачка дзівіць сваёй здольнасцю захопліваць увагу публікі з першых гукаў твора і ўтрымліваць яе да самых апошніх. Ёй падуладна выкананне любых оперных партый. У яе выкананні выдатна гучаць як насычаныя драматычныя эпізоды, так і далікатныя лірычныя. Спявачка паспяхова прадэманстравала ўсё гэта ў арыі Леаноры з “Сілы лёсу”, Арыі Лізаветы з “Дона Карласа” і іншых.

У выкананні Юсіфам Эйвазавым арыі Рудольфа з оперы “Луіза Мілер”, а таксама арыі і кабалеты з оперы “Рыгалета” публіка змагла любавацца тэмбральнай прыгажосцю голаса спевака, яго вакальнай дасканаласцю і высокім узроўнем акцёрскага майстэрства. Ён вольны ў выкананні тэхнічна складаных твораў і заўсёды стварае яркі вобраз свайго героя.

Беларускія оперныя меламаны змаглі пазнаёміцца з Лукой Cальсы — італьянскім оперным спеваком з сусветнай вядомасцю, які ўпершыню выступаў у Мінску. Выхаванец Пармскай кансерваторыі, ён імкліва ўварваўся на падмосткі вядучых сусветных оперных тэатраў, сярод якіх Метрапалітэн-опера, Ла Скала, Каралеўскі оперны тэатр у Лондане, Баварская дзяржаўная опера, Рымскі оперны тэатр і многія іншыя. Публіка захоплена адрэагавала на выкананне Лукой Cальсы арыі Макбета з оперы “Макбет”, а таксама яна высока ацаніла яго ўдзел у ансамблях з Нятрэбка і Эйвазавым, асабліва ў Тэрцэце з оперы “Трубaдур”.

У другім аддзяленні публіка таксама бісіравала зорным выканаўцам, якія спявалі папулярныя оперныя творы. Выбухам апладысментаў сустрэлі меламаны Ганну Нятрэбка, якая выйшла на сцэну ў шыкоўнай белай сукенцы з залатымі кветкамі. Яна была, як і раней, захапляльнай у арыі Валі з оперы Альфрэдо Каталані “Валі”. Кантрастам прагучалі арыя Каварадосі з оперы Джакома Пучыні “Тоска” і арыя Лаурэты з оперы гэтага ж кампазітара “Джані Скікі”. Апошняй яркай кропкай у гэтым канцэрце быў фінальны дуэт з “Андрэ Шэнье” Умберта Джордано.

Беларуская публіка высока ацаніла майстэрства не толькі спевакоў, але і таленавітага дырыжора Фуада Ібрагімава. Малады дырыжор, які атрымаў адукацыю ў Германіі, у Кёльнскай вышэйшай школе музыкі ў 2011 годзе, паспеў стаць дырыжорам Азербайджанскага сімфанічнага аркестра імя У. Гаджыбекава, а таксама галоўным дырыжорам Новага філарманічнага аркестра Мюнхена і Бакінскага камернага аркестра. Акрамя гэтага ён — запрошаны дырыжор кёльнскага Гюрцэніх-аркестра, галоўны дырыжор кёльнскага студэнцкага сімфанічнага аркестра Simfonietta.

Элеанора СКУРАТАВА