Гаючая вада з вытокаў Бацькаўшчыны

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

Нататкі з нагоды творчай стажыроўкі беларусаў замежжа
Восень — пачатак вучобы не толькі для школьнікаў ці студэнтаў. Менавіта ў гэту пару года, якая, да таго ж, сёлета выдалася на дзіва цёплай, кіраўнікі беларускіх арганізацый замежжа прыязджаюць у Мінск на традыцыйную творчую стажыроўку. Прычым, не толькі для таго, каб навучыцца нечаму новаму або ўзяць з сабой найноўшыя метадычныя распрацоўкі па розных кірунках мастацкай самадзейнасці, а і каб завязаць новыя ці пацвердзіць сталыя стасункі са сваімі знаёмцамі-беларусамі, паглядзець на розныя куточкі Беларусі, а таксама на дзейнасць шэрага культурных устаноў у розных рэгіёнах нашай краіны. Так што тыдзень, праведзены беларусамі замежжа ў Мінску і ў яго ваколіцах, робіцца сапраўды насычаным многімі падзеямі, імпрэзамі і запамінальнымі мерапрыемствамі.

/i/content/pi/cult/768/16600/016.JPGДва разы на год

Як распавяла “К” дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка, чарговая творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці прайшла ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады.

— З 20 па 26 кастрычніка мы прымаем 20 прадстаўнікоў беларусаў замежжа з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі, — адзначыла Вольга Антоненка. — Дадам, што з улікам вялікай запатрабаванасці, з 2018 года наш Цэнтр пачаў ладзіць ажно па дзве падобныя творчыя стажыроўкі штогод.

Лекцыйныя і практычныя заняткі, майстар-класы па самых разнастайных відах творчасці, культуры, мастацтве правялі для беларусаў замежжа спецыялісты з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча ды Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

/i/content/pi/cult/768/16600/017.JPG— Мне вельмі прыемна першы раз прыехаць на творчую стажыроўку ў Беларусь, — адзначыла кіраўнік фальклорнага ансамбля “Сяброўкі”, старшыня “Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры” Галіна Варажбіт. — Спадзяюся знайсці тут новых сяброў, а таксама зразумець што-нішто з сакрэтаў народных майстроў Беларусі. Таму што, як кажуць, тэорыя без практыкі зусім мёртвая.

Па словах Галіны Варажбіт, на Чарнігаўшчыне сёння пражывае каля 7 тысяч беларусаў, а ў суполку ўваходзяць больш за 110 чалавек. А адна з задач таварыства — завязаць актыўныя сувязі з Беларуссю. І пачатак гэтай працы, дарэчы, ужо закладзены: дзякуючы падтрымцы Пасольства Беларусі ва Украіне, а таксама супрацоўніцтву з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур суполка нядаўна атрымала дзевяць сцэнічных касцюмаў, шматлікія дапаможнікі і кнігі па традыцыйнай народнай культуры беларусаў.

Плён народнай дыпламатыі

Не магу не згадаць пра адзін, вельмі насычаны падзеямі, дзень творчай стажыроўкі. Так, 22 кастрычніка, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў у рамках стажыроўкі адбыўся Міжнародны семінар кіраўнікоў калектываў мастацкай творчасці “Прэзентацыя беларускай нацыянальнай культуры ў краінах замежжа”, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, БДУКіМа, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, беларусы замежжа і спецыялісты абласных цэнтраў народнай творчасці краіны.

На мерапрыемстве таксама выступіла першы намеснік міністра культуры Беларусі Наталля Карчэўская.

— Вельмі прыемна, што ў іншых краінах захоўваюцца беларускія традыцыі, што за мяжой існуюць калектывы з ганаровымі званнямі, — адзначыла падчас сваёй прамовы Наталля Карчэўская. — Жадаю ўсім удзельнікам Міжнароднага семінара плёну, карыснай работы на ніве нашай беларускай культуры, новых станоўчых уражанняў і поспеху ў працы!

Таксама Наталля Карчэўская ўручыла юбілейны медаль “Сто год дыпламатычнай службы Беларусі” кіраўніку народнага ансамбля беларускай песні “Купалінка” культурнага Цэнтра “Аўтаград”, старшыні Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Нёман” гарадской акругі Тальяці Людміле Іванаўне Дзёмінай (Расія). Як вядома, названая ўзнагарода ўручаецца не толькі дыпламатам, а і кіраўнікам суполак беларусаў за значны ўклад у развіццё і ўдасканальванне знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь, прадстаўленне і абарону за мяжой правоў і інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян і юрыдычных асоб.

Як адзначыла “К” Людміла Дзёміна, пры яе арганізацыі, акрамя “Купалінкі”, дзейнічае і дзіцячы ансамбль беларускай музыкі і песні “Зорачкі”. Да таго ж, суполкай праводзяцца “Дажынкі”, свята беларускай кухні “Калі ласка ў нашу хату”, “Купалле” ды многія іншыя. Акрамя таго, дзейнічае дамова аб супрацоўніцтве з Ваўкавыскім раёнам Гродзенскай вобласці Беларусі. Так што кантакты паміж беларусамі Тальяці і іхняй радзімай наладжаны даволі трывалыя. І падчас падобных стажыровак яны, натуральна, яшчэ больш умацоўваюцца.

Творчыя будні землякоў

Пасля завяршэння ўрачыстай часткі семінара пачалася работа яго шматлікіх секцый па розных кірунках мастацкай творчасці. А яшчэ пазней прайшоў круглы стол пад назвай “Прэзентацыя беларускай нацыянальнай культуры за мяжой”, на якім госці з розных краін дзяліліся з калегамі сваім вопытам.

Скажам, як распавяла старшыня Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, кіраўнік установы Даўгаўпілскай гарадской думы “Цэнтр беларускай культуры” (Латвія) Жанна Раманоўская, беларусы, што тут жывуць, традыцыйна ладзяць Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, выставы, канцэрты і розныя імпрэзы.

— Можна сказаць, што наш нацыянальна-культурны Цэнтр у Даўгаўпілсе паступова робіцца інфацэнтрам, які дапамагае ўсталёўваць міжнародныя сувязі, — адзначыла Жанна Раманоўская. — Так, у Цэнтра заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве з установамі культуры Мінска, Браслава, Мёраў, Полацка, Глыбокага, Смаргоні, Зэльвы, Віцебскага раёна, а яшчэ — з Цэнтрам беларускай культуры “Крок” (Вісагінас, Літва) і Аб’яднаннем беларускіх арганізацый “Радзіма” (Талін, Эстонія).

Пры суполцы, якая налічвае да 150 чалавек, дзейнічае гурт беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны калектыў “Лянок”, калектыў “Спадчына”, тэатральная студыя “Паўлінка” і беларуская нядзельная школа “Вясёлка”.

Да слова, дзейнасць Цэнтра спансуецца латышскімі ўладамі. Як патлумачыла Жанна Раманоўская, акрамя беларусаў, падобную бюджэтную падтрымку маюць у Даўгаўпілсе таксама суполкі палякаў і расіян.

Пра свой цікавы досвед працы распавяла і старшыня Нарвскага беларускага таварыства “Сябры”, сябар кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь Людміла Аннус з Эстоніі.

— Нашаму таварыству “Сябры” сёлета, у снежні, споўніцца 20 гадоў, — адзначыла Людміла Аннус. — За гэты час наша праца зрабілася больш заўважнай: ладзім шматлікія мерапрыемствы, кантактуем з генеральным консульствам Беларусі ў Таліне, удзельнічаем ва ўсіх агульнагарадскіх святах у Нарве, а таксама ладзім свае акцыі ў многіх паселішчах Эстоніі. Акрамя таго, актыўна сябруем з горадам-пабрацімам Нарвы — беларускім Барысавам, выступалі там са сваімі канцэртамі і вельмі ўсцешаны гэтым наладжаным партнёрствам.

Дарэчы, не забываюць нашы землякі і пра турыстычны складнік супрацоўніцтва з Беларуссю: па словах Людмілы Аннус, суполка “Сябры” з 2012-га ладзіць экскурсійныя паездкі на Радзіму. За гэты час шмат тургруп, у складзе якіх былі як выхадцы з Беларусі, так і эстонцы-нарвіцяне, пабывалі ў нашай краіне па маршруце Мінск — Хатынь — Дудуткі — Мір — Нясвіж — Барысаў. Такім чынам, Беларусь для многіх беларусаў Эстоніі сталася больш блізкай і роднай...

Напрыканцы дадам, што 23 кастрычніка беларусы замежжа пабывалі на экскурсіі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. А 24 кастрычніка прадстаўнікі суполак наведалі арганізацыі культуры Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Для гасцей былі зладжаны майстар-класы мясцовых кіраўнікоў творчых калектываў у Ракаўскім цэнтры народнай творчасці ды Івянецкім музеі традыцыйнай культуры.

Пасля заканчэння ўсіх мерапрыемстваў творчай стажыроўкі гасцям былі ўручаны сертыфікаты аб праходжанні навучання. Кіраўнік РЦНК Вольга Антоненка выказала надзею, што атрыманыя веды абавязкова спатрэбяцца сёлетнім “курсантам” у іх дзейнасці. А каб лягчэй было перадаваць гэты “багаж” сябрам, кожны атрымаў флэшку з запісанымі на ёй лекцыйным матэрыялам, практычнымі ўрокамі ды майстар-класамі, а таксама абмяняўся сваімі кантактамі не толькі з прадстаўнікамі арганізацый культуры Беларусі, але і з калегамі з розных краін свету. Усё гэта, як спадзяюцца арганізатары творчай стажыроўкі, значна паспрыяе таму, каб гаючая вада беларускай культуры “жывіла” і спрыяла ў дзейнасці беларусам, якія жывуць далёка за межамі сваёй Айчыны.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"