“Дарагая Памэла” не можа быць таннай

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры паставілі “Дарагую Памэлу” амерыканскага драматурга ХХ стагоддзя Джона Патрыка. Матэрыял добра вядомы, а вось рэжысёрская канцэпцыя, зразумела, адрозніваецца ад ранейшых беларускіх пастановак.

/i/content/pi/cult/768/16596/010.JPGНапісаная ў 1961 годзе, п’еса абыйшла шматлікія тэатры свету і часта трактавалася як добрая калядная казка. Расійскі драматург Рыгор Горын рабіў яе сцэнічную рэдакцыю, пазначыўшы як фарс і ўключыўшы ў дзеючыя асобы Чалавека з тэатра, што дадаткова надавала п’есе ўмоўнасці. У Гродне Генадзь Мушперт ставіў яе двойчы і па-рознаму: у 1994-м, па ўласным прызнанні, як драму, а ў 2016-м — як камедыю. Сталічныя гледачы маглі бачыць аднайменную музычную камедыю Марка Самойлава, што ў нашым Музычным тэатры была трактавана ў 1998-м як мюзікл — з Наталляй Гайдай у галоўнай ролі і вельмі пластычным Катом у выкананні Аляксея Грыненкі, які цяпер жыве і працуе ў Амерыцы, дапамагаючы развіццю жанру мюзікла на нашых сцэнах. У лістападзе можна будзе ўбачыць гастрольную музычна-камедыйную “Памэлу” — Музычнага тэатра Рэспублікі Карэлія.

У Маладзёжны ж тэатр запрасілі заслужанага артыста Літвы Альгірдаса Латэнаса, які працаваў разам з братам — знакамітым кампазітарам Фаўстасам Латэнасам, а таксама літоўскім мастаком-пастаноўшчыкам Сяргеем Бацулам. А вось мастаком па касцюмах выступіла наша Вікторыя Ця-Сен, стварыўшы, як заўжды, яркую, пярэстую палітру фарбаў — па кантрасце да паўтонавых адценняў сцэнічнага атачэння.

Спектакль, пазначаны як меладрама, прыцягвае атмасфернасцю. Тая, у сваю чаргу, ствараецца “тумановасцю” асвятлення, калі ў паўзмроку ледзь бачны шматлікія дэталі і мы гатовы сустрэць не столькі людзей, колькі саміх зданяў (мастак па святле — Сяргей Азеран). Яшчэ большую ролю ў гэтым адыгрывае музыка: невыпадкова яна пачынае гучаць за некаторы час да адкрыцця завесы, і тыя секунды набываюць значэнне паўнавартаснай уверцюры, без якой у ранейшыя эпохі не абыходзіўся ніводны спектакль — ні оперны ці балетны, ні драматычны.

Музыкі ў “Дарагой Памэле” многа, яна становіцца своеасаблівым стрыжнем. І гэта не “папсовыя” песенькі, а сапраўдны сімфанізм з яго паступовым разгортваннем, тонка распрацаванымі лейтматывамі і, галоўнае, эмацыйна-псіхалагічнай падтрымкай сцэнічнага дзеяння. Узгадваюцца нават паралелі з ранейшымі меладрамамі, калі гэтым словам называлі не слязлівыя гісторыі, а “драму з музыкай” — музычна-тэатральны жанр ХVIII стагоддзя, дзе музыка цалкам суправаджала драматычнае дзеянне.

Таму жанравае азначэнне, дадзенае спектаклю і пазначанае ў афішы, распаўсюджваецца больш на музыку. І ўвогуле становіцца гэткай “прыманкай” для шырокай публікі. Насамрэч спектакль — зусім не пра тое, як наскрозь добрая ды адзінокая бабуля, якая бачыць у людзях толькі іх лепшыя якасці, раптам “перавыхавала” злыдняў-ашуканцаў, а паліцэйскі, прызваны быць ахоўнікам парадку, гатовы пайсці на злачынства дзеля грошай. Галоўным у дзеянні становяцца лісты Памэлы да Бога і літаральна апошнія секунды перад закрыццём завесы, якія вымушаюць цалкам пераасэнсаваць убачанае і саму постаць галоўнай гераіні.

Яе падманваюць — яна верыць кожнай бязглуздзіцы. Збіраюцца забіць — яна сама ім у гэтым дапамагае (праўда, беспаспяхова). Сапраўды, хто такая Памэла — падслепаватая старая, наіўнасць якой не мае межаў? Ціхая вар’ятка, што бадзяецца па сметніках-памыйках і якой увесь час шанцуе не загінуць? Сціплая, але гераічная жанчына, здольная ахвяраваць сабой дзеля сумнеўных незнаёмцаў, якія замянілі ёй страчаную сям’ю? Хітрая бабулька з відавочнымі медыцынскімі (а магчыма, і экстрасэнсорнымі) здольнасцямі, вымушаная прыкідвацца дурніцай, каб вучыць навакольных рабіць дабро? Усе гэтыя пытанні і вымушалі далучаць п’есу да чароўных калядных гісторый, што распавядаюць пра тое, чаго няма і быццам бы не можа быць апрыёры, але… здараецца — вядома, у казцы, у аперэце ці блізкіх да іх жанрах.

Памэла Маладзёжнага тэатра — іншая. У выкананні заслужанай артысткі Беларусі, таленавітага майстра Наталлі Анішчанка яна ніколькі не старая — загадкавая прыгажуня, якая імкнецца схаваць свой твар, але літаральна свеціцца прыгажосцю, усё больш заўважнай з кожнай сцэнай. У пэўны момант яна становіцца падобнай да добрай феі, што імкнецца выпраўляць чалавечыя памылкі. А ў апошняй сцэне і ўвогуле ўспрымаецца божым пасланцам, і гэта як нельга лепей растлумачвае ўсе тыя дзівосы, што з ёй здараліся. Пра тое сведчаць і вокладка праграмкі з дзяўчынкай-анёлам, і тая ж выява ззаду герояў у фінале, і ўся іх заключная мізансцэна, што нагадвае сямейнае фота (чым не святое сямейства?), і паднятыя дагары пальчыкі, і нават змены элементаў мундзіра Паліцэйскага Джо Янкі (Іван Шчатко), што пераносіць дзеянне ў розныя краіны і часы, робячы ўсюдыісным. У выніку ўся гісторыя паварочваецца да нас іншым бокам, прачытваецца як біблейская прыпавесць, азараецца духоўным нябесным святлом.

Але ж ці гатова тая публіка, якую Маладзёжны тэатр не адзін год “прыкармліваў” сціслымі па часе камедыямі, выседзець усе тры гадзіны, каб гэтага дачакацца? Тым больш, што першая дзея крыху зацягнута, а яе фінал увогуле ўспрымаецца тыповым “хэпі-эндам”. Рэжысёр наўмысна абраў шлях дакладнага прытрымлівання тэксту, пазбаўленага скарачэнняў. Але каб у такіх умовах не страціць увагі глядзельнай залы, патрэбны звышгеніяльныя артысты. Пакуль жа ў спектаклі застаюцца моманты і суцэльныя сцэны, што расхалоджваюць гледача. Але радуе, што рэжысёру ўдалося дабіцца натуральнага маўлення, пазбавіць акцёраў напрацаваных імі клішэ, хай часам часткова. Асабліва вялікі крок наперад у гэтых адносінах зрабіў Анатоль Лагуценкаў (Брэд). А Юрый Шэланкоў удала выступае адразу ў дзвюх ролях: ён іграе Урача, а ў шэрагу эпізодаў — водзіць па сцэне пухнатага цацачнага ката, вельмі падобнага да сапраўднага. І робіць гэта настолькі спрытна, што ў асобныя моманты вымушае нас паверыць у рэальнае існаванне жывёліны. Шкада толькі, што каток знікае на большую частку першай дзеі, бо менавіта ён мог бы выратаваць некаторыя моманты ад “правісання”.

Нягледзячы на запрошаную пастаноўчую каманду, спектакль працягвае ўдасканальвацца. Вось і перад яго другім публічным паказам рэжысёр зладзіў ранішнюю рэпетыцыю. Спектакль прызваны з’яднаць гледачоў розных пакаленняў, сацыяльных статусаў і эстэтычных густаў. Хтосьці будзе радасна сачыць за кацінымі звычкамі, хтосьці — вывучаць модны строй Глорыі-Барбары (Вольга Давыдава-Роік), смяяцца з нягеглых спроб “прышыць старую”, распрацаваных тэмпераментным Солам Бозам (Сяргей Шаранговіч). Але ўсе яднаюцца ў шчырым спачуванні — не да кагосьці аднаго з персанажаў, а зноў-такі да ўсіх разам. Лёс не шкадуе ніводнага з герояў, але ж ці гэта можа быць нагодай не любіць жыццё?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"