Напрыклад, не так даўно на будынку Палескага драмтэатра з’явіўся спецыяльны QR-код. Такім чынам элегантны будынак пачатку ХХ стагоддзя, дзе цяпер размяшчаецца ўстанова культуры, атрымаў сваю візітоўку ў інтэрнэце.
Падобная магчымасць прадугледжана праграмай правядзення рэспубліканскай акцыі “Пінск — культурная сталіца Беларусі 2019”, згодна з якой гарвыканкам рэалізуе свой міні-праект “QR-код гістарычным будынкам”. Характэрна, што ўстаноўка асаблівых, па-мастацку аформленых таблічак прымяркоўваецца зазвычай да ўрачыстых падзей, якія сёлета ладзяцца ў Пінску. Наступны QR-код — ці, можна сказаць, “лоцман” па гісторыі старажытнага мястэчка — павінен, як абяцаюць у Пінскім гарвыканкаме, у хуткім часе з’явіцца на архітэктурным комплексе былога кляштара францысканцаў і касцёла Успення Дзевы Марыі.
Акрамя таго, з 16 па 20 кастрычніка ў горадзе над Пінай адбыўся Рэспубліканскі арганны сімпозіум “Пінск — 2019”, падчас якога прайшлі майстар-класы па арганнай педагогіцы заслужанага работніка культуры Расіі, загадчыцы прадметна-цыклавой камісіі аргана і клавесіна Акадэмічнага музычнага вучылішча пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага Галіны Сямёнавай.
Практычныя заняткі былі арыентаваны на арганных педагогаў, маладых арганістаў і тых, хто навучаюцца ігры на аргане ў пачатковых, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. Майстар-класы прайшлі на электронным аргане Пінскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама часткова на вялікім гістарычным аргане Пінскага кафедральнага касцёла.
І апошняе. У рамках культурнага праекта “За кулісамі музея” ў Пінск на некаторы час трапіла рэдкае выданне 1735 года — кніга “Казанні Пятра Скаргі на нядзелю і святы цэлага року”.
Як распавёў “К” загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Беларускага Палесся Валерый Кабрынец, у 20 — 40-я гады XVIII стагоддзя ў Пінску працавала друкарня, якая знаходзілася ці ў самім езуіцкім калегіуме, ці побач са старажытным будынкам.
— Менавіта там друкаваліся кнігі рознага зместу, сярод іх было шмат рэлігійных выданняў, — адзначыў Валерый Кабрынец. — “Казанні Пятра Скаргі” — адно з іх, і захоўваецца яно, як мы нядаўна даведаліся, у кнігазборах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Адшукаць гэтую кнігу пінскім музейшчыкам дапамог Яго Вялікасць выпадак.
— Летась на адной з навуковых канферэнцый выступаў супрацоўнік Нацыяналкі Анатоль Сцебурака з дакладам, прысвечаным пінскім старадрукам, — кажа Валерый Кабрынец. — Менавіта дзякуючы гэтаму даследчыку і яго дакладу супрацоўнікі музея Беларускага Палесся даведаліся пра існаванне кнігі “Казанні Пятра Скаргі” ў сховах галоўнай “кніжніцы” краіны.
Пасля перамоваў з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, і, натуральна, афіцыйнага афармлення ўсіх неабходных дакументаў, старажытны экспанат на некаторы час “вярнуўся” дадому, у сцены езуіцкага калегіума, дзе калісьці, магчыма, і быў надрукаваны. Выстава старажытнага фаліянта, арганізаваная ў рамках праекта “За кулісамі музея” (пра названы праект “К”, дарэчы, пісала ў № 8 за 24 лютага 2018), выклікала сапраўдную цікавасць у пінчан і гасцей горада.
Акрамя названага выдання, у экспазіцыі выставы былі прадстаўлены прадметы, якія таксама распавядалі пра развіццё пісьменнасці ў Пінску. Так, адзін з самых ранніх экспанатаў выставы — частка амфары з надпісам (канец XII стагоддзя). А яшчэ адзін цікавы прадмет — грамата пінскага князя Фёдара Іванавіча Яраславіча, напісаная на пергаменце. Яна датуецца пачаткам XV — канцом XVI стагоддзя. Так што толькі па гэтых названых прадметах можна лёгка прасачыць усе этапы развіцця пісьменнасці на пінскіх землях.
Да слова, як адзначыў Валерый Кабрынец, у хуткім часе ў рамках праекта “За кулісамі музея” будзе выстаўляцца яшчэ цэлы шэраг старадаўніх прадметаў з музейных калекцый установы. Так што раім усім, хто яшчэ не быў у Музеі Беларускага Палесся, завітаць туды, каб паглядзець на самыя розныя цікавосткі і артэфакты, многія з якіх — па-праўдзе ўнікальныя.