Шляхам шлягераў

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

31 кастрычніка ў Магілёве пачнецца Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер — 2019”, які працягнецца да 5 лістапада. Сярод хэдлайнераў форуму — гурт “Любэ” і Валерый Меладзе са сваімі сольнікамі.

/i/content/pi/cult/768/16586/zolotoj_shljager_opt.jpegНазва “Залаты шлягер” з’явілася на фестывальнай мапе Беларусі ў 1995 годзе, калі было вырашана вярнуць з нябыту песенныя фонды мінулых дзесяцігоддзяў. Акрамя ўласна мастацкіх мэтаў, фестываль быў скіраваны на тое, каб з’яднаць краіны СНД, дасягнуць пераемнасці пакаленняў. За час існавання на ім пабывалі прадстаўнікі больш як 25-ці краін свету, увозячы з сабой самыя цёплыя, сардэчныя ўспаміны.

У розныя гады цэнтрам прыцягнення магілёўскага форуму былі праекты спаборніцкага кшталту: конкурс маладых эстрадных выканаўцаў, пазней — конкурс вакальна-інструментальных ансамбляў імя У.Мулявіна. У першым выпадку ўдзельнікі павінны былі выканаць, акрамя песні па ўласным выбары, стары савецкі хіт. У другім — кампазіцыю з рэпертуара колішніх “Песняроў”, якімі кіраваў Уладзімір Георгіевіч. Праводзілася і штосьці накшталт рэтра-дыскатэк, калі моладзь заўзята танчыла пад рымейкі.

Але з цягам часу перамаглі канцэртныя праграмы розных кірункаў. Вось і сёлета: акрамя шырокага песенна-эстраднага разліву, прыдатнага для любой публікі, ёсць і “Джаз без межаў”, дзе выступяць артысты Беларусі, Бразіліі, ЗША, Узбекістана, і яркая народная плынь. Да ўсяго, яны яднаюцца: славуты магілёўскі калектыў — аркестр народных інструментаў імя Л.Іванова — выступіць разам з французскім джазавым выканаўцам Рышарам Гальянам. Адбудзецца і канцэрт Бранскага губернатарскага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расіі Эдуарда Амбарцумяна.

Вельмі прадстаўнічым павінен атрымацца гала-канцэрт урачыстага адкрыцця фестывалю. У праграме заяўлены народная артыстка Расіі Кацярына Шаўрына, заслужаныя артысты Таццяна Буланава, Ігар Саруханаў, знакаміты Сасо Паўліяшвілі, гурт з Германіі і іншыя знакамітасці. Моцным будзе і беларускі блок: Анатоль Ярмоленка і “Сябры”, Іна Афанасьева, Іскуі Абалян, гурт “Атлантыка” — гэта далёка не поўны спіс.

Так што сёлетні “Залаты шлягер” — гэта шэсць адметных музычных вечароў, дзе кожны — з прыемным сюрпрызам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"