Сёмы фэст, 75-ты сезон

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

1 лістапада ў Бабруйску стартуе VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Сёлета яго праграма абяцае быць яшчэ больш насычанай, чым калісьці.

/i/content/pi/cult/768/16585/03.JPGЗа шэсць дзён — каля двух дзясяткаў спектакляў, уключаючы некалькі зрэжысіраваных чытак новых п’ес, а таксама лекцыі, майстар-класы, “круглыя сталы”. Акрамя асноўнай, малой сцэн і фае Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча, паказы пройдуць таксама ў раённым Цэнтры культуры і Палацы мастацтваў. Творчыя сустрэчы — у так званай анцікавярні “1387” (дзейнічае ў Бабруйску і такая ўстанова — у фармаце тайм-клуба). Як ніколі многа замежных гасцей і калектываў — пры тым, што ўсе будуць прэзентаваць менавіта беларускую драматургію.

— Упершыню, — гаворыць Вераніка Вінэль, дырэктар тэатра ў Бабруйску, на базе якога і ладзіцца форум, — будзем прымаць Грузінскі дзяржаўны прафесійны драматычны тэатр з горада Горы. У рэпертуары гэтага калектыву, які носіць імя легендарнага грузінскага драматурга, рэжысёра, акцёра, грамадскага дзеяча ХІХ стагоддзя Георгія Ерыставі, — спектакль “Ты знойдзеш Алісу пад старым снегам” па аднайменнай п’есе маладога беларускага аўтара Алены Іванюшэнка, чые творчыя работы неаднойчы перамагалі на конкурсах, адзначаліся не толькі ў Мінску, але і Маскве. Цікава, што грузіны самі знайшлі наш фестываль праз інтэрнет і даслалі заяўку. Упершыню да нас прыедзе прадстаўнік Паўднёвай Карэі. Гэта Донг Хі Чан — рэжысёр, акцёр, тэатральны крытык, доктар тэатразнаўства і магістр акцёрскіх мастацтваў Універсітэта Кенхі з Сеула. Вялікае па колькасці чальцоў і вельмі прадстаўнічае журы вылучыць найлепшых. Але галоўная мэта фестывалю — не раздача ўзнагарод. Вельмі важна сабраць разам усе лепшыя дасягненні сцэнічнага мастацтва, скіраванага на беларускую драматургію, што мы і робім. Фестываль дае магчымасць маладым драматургам і рэжысёрам заявіць пра сябе, гледачам — далучыцца да новых тэм, форм падачы матэрыялу.

У праграме заяўлены творы сацыяльнай скіраванасці, актуальныя па змесце і яго выкладанні, па мастацкіх рашэннях. Каб праграма фестывалю атрымалася цікавай, над яе складаннем працавала група экспертаў, куды ўваходзілі заслужаны артыст Беларусі, прафесар, дэкан тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук, кандыдат мастацтвазнаўства, вядомая даследчыца Вераніка Ярмалінская з Нацыянальнай акадэміі навук, дырэктар Магілёўскага драматычнага тэатра Андрэй Новікаў, вядучы акцёр нашага тэатра, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Парфяновіч, прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства культуры Беларусі. Творчую лабараторыю ладзяць, паводле традыцыі, Цэнтры беларускай драматургіі і эксперыментальнай рэжысуры.

Дый самі мы падрыхтавалі да фестывалю прэм’еру: літаральна днямі юбілейны 75-ты сезон нашага тэатра адкрыўся маладзёжным драйвам “Сіртакі” (на здымку) паводле аднайменнай п’есы Вольгі Прусак у пастаноўцы Таццяны Траяновіч.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"