Вось і назвай выставы аўтар, як здаецца на першы погляд, падводзіць гледача да думкі, што творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, могуць пры жаданні стаць часткай ягонай прыватнай калекцыі — аздобіць побыт і падараваць станоўчыя эмоцыі. Але калі пільна прыгледзешся да яе керамікі, разумееш, што ў дадзеным выпадку спадарыня Ірына сама сабе калекцыянер. А характар выставы абумоўлены натуральным для паслядоўнага збіральніка жаданнем зрабіць свой набытак чыннікам грамадскай культурнай прасторы, наладзіць сумоўе з дасведчанай аўдыторыяй і высветліць, наколькі тое, што хвалюе цябе, цікава іншым. Хтосьці збірае рэчы, яна ж калекцыяніруе ўражанні, пачуцці і эмоцыі, каб потым перавесці іх у адпаведныя настрою і сэнсу формы ды фактуры.
Як у кожнага майстра ў Ірыны Шчаснай ёсць свае ўлюбёныя вобразы, якія ў залежнасці ад абранага кантэксту могуць набываць розны сэнс і фармаваць розны асацыятыўны шэраг. Гэта як перабіраць на далоні марскія каменьчыкі і ўзгадваць, на якім узбярэжжы яны падабраныя, якая хваля іх прынесла. Параўнанне з марскімі каменьчыкамі невыпадковае. Яе дэкаратыўныя пласціны насамрэч нагадваюць прыродныя аб’екты, але адмыслова апрацаваныя. У такім кірунку сёння працуюць многія, бо на гэта ёсць попыт. Такая эстэтыка сёння ў трэндзе. Ды і поле для творчых і тэхнічных эксперыментаў тут, лічы, неабмежаванае. Але там, дзе ў іншых пануе спантанасць, у Ірыны Шчаснай вобразы маюць канцэптуальную аснову. Яна ведае, якога выніку хоча дамагчыся. Праўда, усе нюансы прадугледзіць усё адно немагчыма, бо кераміка — гэта спалучэнне стыхій агню, вады і зямлі. А кіраваць стыхіямі не дадзена нікому.
Спадарыня Ірына часта звяртаецца да вобразаў, якія можна трактаваць як канструктывісцкую версію Вавілонскай вежы. Калі гэтыя канструкцыі перавесці ў іншы маштаб і выканаць у больш трывалым матэрыяле, дык гэта была б ужо не кераміка, а скульптура. А ў дэкаратыўнай аздобе фасадаў будынкаў вельмі эфектна глядзеліся яе “марскія каменьчыкі”. Закладзены ў яе работах форматворчы патэнцыял дазваляе, як мне падаецца, даволі проста пераходзіць умоўныя цэхавыя межы. Гэта сведчанне сапраўднага таленту.