Партытура лёсу “колоссАль”нага Эдзі

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Да 80-годдзя джаза ў Беларусі
З 5 па 15 чэрвеня 1940 года ў Маскве была запланаваная дэкада беларускага мастацтва, якая ўжо двойчы адсоўвалася на пазнейшы тэрмін. Адсутнасць у рэспубліцы калектываў народнага танца і народнага хора яе кіраўнік Панамарэнка вырашыў кампенсаваць гуртом салдацкага танца Беларускай Асобай ваеннай акругі і падрыхтаваным Генадзем Цітовічам сялянскім хорам вёскі Вялікае Падлессе, якая толькі ў верасні 39-га ўвайшла ў склад БССР. А ў якасці яшчэ аднаго “сакрэтнага козыра” ён планаваў гастролі ў Маскве свайго джаз-аркестра. Прычым слова “джаз” са сцэнарыя было выкрэслена.

/i/content/pi/cult/766/16558/021.JPGКанешне, рызыка была: як успрыме такі адыход ад выпрацаванай дэкадамі папярэдніх саюзных рэспублік завядзёнкі, галоўны глядач — таварыш Сталін?

Таму джаз вырашылі — на ўсялякі выпадак, ад граху падалей — не ўключаць у афіцыйную праграму, а паралельна даць яму пляцоўку ў Летнім тэатры сада “Эрмітаж”, што ў Карэтным радзе.

Ежы Бяльзацкі сачыніў і аранжыраваў вялікую джаз-фантазію “Казкі Венскага леса” паводле музыкі Іагана Штрауса, аркестраваў песенькі братоў Гарысаў і рэпертуар вакалістак.

Юнак-трубач Юра Цэйтлін з паплечнікамі лезуць праз плот Летняга тэатра, каб паслухаць рэпетыцыю беларускага джаза. Іх затрымлівае міліцыя. Выпадкова побач апынуўся Рознэр. Ён хутка ўладжвае дробны інцыдэнт і прэзентуе юнаку сваё фота з аўтографам: “Добраму трубачу Юрыку”.

Урэшце, прэм’ера. Квіткі, фота Рознэра і паштоўкі з выявай аркестра разляцеліся за лічаныя гадзіны.

Масква ведала джаз-аркестры Леаніда Уцёсава, Барыса Рэнскага, Аляксандра Цфасмана, братоў Пакрас, Аляксандра Варламава, Каралі-Шульжэнка… Але такога — не чула і не бачыла!

У Дзяржаўным джаз-аркестры БССР капрызлівай маскоўскай публіцы ўсё здавалася незвычайным, усё было нейкае “не наша”, заходняе: элегантныя белыя строі музыкантаў, іх вольныя рухі і паводзіны на сцэне, вытанчаныя манеры, гарэзлівыя зносіны з залай, прыгажосць пані-спявачак у ззяючых сукнях, іх мілагучныя замежныя акцэнты, сцэнічнае асвятленне, мікрафоны… А таксама — амаль цалкам замежны рэпертуар. І, канешне ж, непераадольнае абаянне ўсмешлівага Эдзі Рознэра — яго фірмовы “Смайлінг!” Не кажучы ўжо пра віртуозныя сола.

На працяглым сола ўдарніка музыканты сыходзілі за кулісы — гралі там у карты, чыталі газеты, пасопвалі, тым самым падкрэсліваючы, якой доўгай здаецца ім партыя калегі.

Замест дзесяці дэкадных дзён, “рознэраўцы” займалі “Эрмітаж” цэлы месяц, ламаючы графікі занятасці прэстыжнай сталічнай пляцоўкі.

Сярод тых нешматлікіх нумароў з дэкаднай праграмы, якія былі знятыя на кінастужку, тры прыналежылі да беларускага джаза: два аркестравых і танц-дуэт Славы і Юрыя Нэй. Стужка захавалася ў добрым стане.

Пра ажыятаж і трыумфальныя гастролі джаза данеслі Сталіну. І, як быццам, ён кінуў рэпліку: “Летам на адпачынку паслухаю”. А правадыр нічога не забываў.

І вось, тым жа летам, калі джаз гастраляваў у Алма-Аце, прыйшла ўрадавая тэлеграма: тэрміновы выклік у Сочы.

Прыбылі. Перад канцэртнай залай — ні душы. Кардоны аховы. Музыкантам пры ўваходзе загадана раскрыць футаралы з інструментамі.

У фае нікога. Праз шчыліну ў заслоне відаць пустую залу. Як гэта ўсё патлумачыць?

/i/content/pi/cult/766/16558/022.JPGІм загадваюць: “Пачынайце”.

Музыка, спевы, жарты ў пустую залу. Няма рэакцыі, апладысментаў.

Ледзь рассунуты шторкі ва ўрадавай ложы.

Развітальная песенька, “бісоўка”. Сыходзіцца заслона. Згасае святло. Музыкантаў вязуць у гатэль.

Неспакойная ноч без сну.

Раніцай тэлефануюць Рознэру: “Эдзі Ігнатавіч, таварышу Сталіну канцэрт спадабаўся”.

Трыумфальныя гастролі па СССР завяршаюцца раніцай 22 чэрвеня 1941 года ў Кіеве. Эдзі, Рут і іх дачка Эрыка ў гатэлі хаваюцца пад раялем ад кавалкаў цэглы і бітага шкла: горад бамбяць.

Пачалася вайна.

/i/content/pi/cult/766/16558/023.JPGУ калектыў прыбывае ўраджэнец Беларусі, дасведчаны дырэктар Давід Ісаакавіч Рубінчык. Ён дабіўся, каб музыканты атрымалі бронь: іх не прызавуць у войска.

Аркестр выступае на прызыўных мабілізацыйных пунктах, перад новасфармаванымі часткамі.

Здараліся кур’ёзы.

У адным горадзе Сярэдняй Азіі джаз грае перад байцамі, якіх адпраўляюць на фронт. Мёртвая цішыня, ніякай рэакцыі, залу ні музыкай, ні жартамі не раскачаць, не “завесці”. У артыстаў недаўменне…

Раптам прылятае Рубінчык і кажа, што здарылася блытаніна: іх не туды прывезлі, у зале ўраджэнцы сярэднеазіяцкай рэспублікі, якія не ўспрымаюць акордавую джазавую музыку, а тут павінны перад імі выступаць выканаўцы на нацыянальных трохструнных камузах.

Аркестр перабазіруецца на іншы пункт, дзе перад байцамі-еўрапейцамі трэнькаюць на камузах. І там у зале таксама завісла цішыня.

Джаз заняў сцэну і радасна зайграў перад сваёй аўдыторыяй.

Або іншы выпадак. Канцэрт у Бакінскай філармоніі не могуць пачаць: няма вакалісткі Зоі Ларчанка. Знерваваная Рут патрабуе, каб муж звольніў парушальніцу дысцыпліны — спрацавала, канешне ж, і жаночая рэўнасць. Але тут з’яўляецца шчаслівая Зоя: яна “выбіла” ў свайго апекуна пасажырскі вагон. Ён на тры ваенныя гады стане “домам на колах” для музыкантаў і іх сем’яў.

Жыццё ў вагоне: пераезды, рэпетыцыі, непарыўнае суіснаванне бок а бок, жарты, розыгрышы, каструлі супа на керасінках і прымусах, пранне і сушка бялізны, дзеці, якія валяцца з верхніх паліцаў… Гэты мікрасусвет быў поўны сяброўства і сварак.

Альберт Гарыс, які не ведае нот, сачыняе мелодыі “пёсэнэк” і ноччу расштурхвае брата: “Мэтэк, запішы!” Той запісвае. Будзяць Рознэра і Бяльзацкага — агульная радасць! Працягваюць спаць. Заўтра ў канцэрце — новая песня.

Сынам дырэктара аркестра быў знакаміты ў далейшым рэжысёр Валерый Рубінчык. Потым ён успамінаў:

— Рознэр быў вельмі разумны. Глядзеў табе ў вочы — і ўсё разумеў з паўслова. Трубач ён быў вялікі, можа, нават геніяльны. І такі ж вялікі шоумен. Поспех для яго быў звыклым: кароль сцэны! Заслона рассоўвалася, аркестр у гэты момант ужо іграў — усе прыгожыя, у белых строях, гальштукі, фрызуры! Затым іншыя пінжакі: блакітныя. Рознэр ведаў простыя прыёмы эстрады: эмацыйны кантраст. Ён прызвычаіўся да сваёй геніяльнасці.

Адной ноччу ў вагоне, што стаіць у тупіку на запасных пуцях, запанавала ціхая мітусня. Чужы франтаваты паляк вядзе патаемныя перамовы — шэптам, каб не чулі дырэктар і кіраўнік.

Ляпаюць дзверы, мільгаюць цені…

На досвітку высвятляецца: няма паловы аркестра! Аказваецца, ноччу музыканты падаліся на аэрадром, адкуль узлятаў апошні самалёт у Іран: там фарміравалася польская армія генерала Андэрса. Зніклі канферансье Крукоўскі, браты Гарысы, спявачка Ігнатовіч, танц-дуэт брата і сястры Мэй, амаль уся група медных.

Засталося менш за палову аркестра.

Рознэр, Бяльзацкі, Рубінчык у адчаі: з кім працаваць? Што такім складам іграць?

Шлюць у Маскву свайму апекуну Панамарэнку тэлеграму аб катастрофе.

У чаканні аслаблены гурт выступае ў фае кінатэатраў перад сеансамі, пасля вяртаюцца ў напаўспусцелы вагон-інтэрнат.

Неўзабаве мясцовы партыйны кіраўнік атрымлівае ўрадавую тэлеграму ад беларускага калегі з просьбай дапамагчы дафарміраваць аркестр.

Прыходзяць музыканты, якія знаходзяцца ў эвакуацыі, канферансье Юрый Благаў, паэт Навум Лабкоўскі, які сачыняе рускія тэксты да “пёсэнэк”, і трубач Юрый Цэйтлін — той самы юнак, якому ў 40-м падчас беларускай дэкады Рознэр прэзентаваў сваё фота.

Цэйтлін пытаецца:

— Эдзі Ігнатавіч, вы тады напісалі “добраму трубачу”…

— А я ведаў, што ты некалі станеш у мяне музыкантам.

Радасць азмрочвае званок Панамарэнкі: ён паведамляе Рознэрам, Бяльзацкім ды іншым музыкантам, што ўсе іхнія родзічы ў Варшаве знішчаныя фашыстамі ў гета…

Тым не менш, канцэрты ідуць штовечар — з песнямі і жартамі.

І вось, гастролі ва Уладзівастоку. Канцэрт для саюзнікаў — амерыканскіх маракоў, сярод якіх нямала цемнаскурых. Музыканты ад прадстаўнікоў “органаў” атрымліваюць інвектыву: “Пасміхацца, але зносінаў пазбягаць”. Рознэр з імі ветліва гутарыць па-англійску, маракі прэзентуюць яму грамплыты з запісамі джаза.

Пра тую даўнюю падзею ўжо напачатку 70-х у рэстаране рачнога вакзала “Хімкі” расказваў нам Благаў. Ён тады ва Уладзівастоку на добрым падпітку абдымаўся з амерыканцамі, уздымаў тосты за перамогу над агульным ворагам! Раніцай да вагона падкаціла “эмка”. Благава арыштавалі, Рознэру сказалі, каб на вечаровы канцэрт ён канферансье не чакаў.

На мясцовым рынку жонкі музыкантаў мяняюць рэчы на амерыканскія кансервы, а мужчыны купляюць грамплыты.

У вагоне ідзе падзел прадуктовых картак: тут “нашы” і “не нашы”, — значыць, тыя што прыбіліся ў аркестр з СССР, і варшавяне.

Ізноў становіцца цесна: па шэсць чалавек у купэ, паўсюль бегаюць дзеці, грымяць тазікі і ванначкі, шыпяць прымусы… Побытавая неўладкаванасць псуе адносіны.

У тамбуры ставяць ялінку, дзеці робяць касцюмы — рыхтуюцца да сустрэчы новага, 1943-га, года.

І тут падкотвае пасажырскі вагон з адзіным пасажырам — Зояй Ларчанка! Гэта новы падарунак яе апекуна аркестру Эдзі Рознэра.

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр