Апельсіны падаюць у лён

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Акцэнты клубнай разнастайнасці
“К” працягвае гаворку пра развіццё культуры Аршанскага рэгіёна, унікальнага па сваіх гістарычных ды прыродных брэндах. Гэтым разам больш падрабязна хочацца распавесці пра клубную дзейнасць мясцовых работнікаў культуры. Яна, як і музейная ды бібліятэчная, — вартая дэталёвага разгляду і аналізу. Урэшце, сур’ёзны праектны досвед павінен стаць агульным набыткам. Лепшай нагоды для матывацыі творчага пошуку і не прыгадаць.

/i/content/pi/cult/765/16532/013.JPGА пачаць хацелася б вось з чаго. Днямі Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур і Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці правялі на базе ўстаноў культуры Аршанскага і Лёзненскага раёнаў рэспубліканскі семінар-практыкум. Была прааналізавана сістэма фарміравання нацыянальнай свядомасці дзяцей і моладзі сродкамі нацыянальнай культуры. Разглядаўся вопыт работы па развіцці фальклору і народных мастацкіх рамёстваў. Што ж убачылі ўдзельнікі семінара (больш за сорак метадыстаў краіны, дырэктараў Дамоў рамёстваў і кіраўнікоў дзіцячых фальклорных ды рамесніцкіх калектываў) на Аршаншчыне? Комплекс былога езуіцкага калегіума, дзе месцяцца карцінная галерэя Віктара Грамыкі і дзіцячая бібліятэка імя Уладзіміра Караткевіча. Дык вось, у галерэі працавала выстава, прысвечаная 25-годдзю Аршанскага дома рамёстваў… Далей — больш падрабязная гаворка пра гэту ўстанову культуры і яе руплівых супрацоўнікаў.

Крэсла для Растаргуева

Дырэктар Дома рамёстваў Уладзімір Сакалоў распавядае, што ў планах — выданне чатырох кніг. Першая — уласна пра Аршанскі Дом рамёстваў; другая прысвячаецца памяці ўнікальнага разьбяра па дрэве Ігара Пахомчыка, які сышоў з жыцця два гады таму; трэцяе выданне павінна распавесці пра калегіум езуітаў. Жаданне — пачэснае, але яго ажыццяўленне вымагае немалых інвестыцый. Уладзімір Мікалаевіч прадумаў і гэты важны нюанс.

/i/content/pi/cult/765/16532/014.JPG— Мяркуем выкарыстаць для кнігавыдавецтва дзяржаўныя ці замежныя гранты. Менавіта па гэтым прынцыпе дзейнічае наш абласны метадычны цэнтр. Вельмі прыстойна тут выдадзены кнігі “Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны”, “Мастацтва інсіту”, “Народны сувенір Віцебшчыны” і “Народная цацка і лялька Віцебшчыны”… Летам мы сустракаліся з калегамі з Латвіі і Літвы, з імі таксама абгаворвалі пытанні будучага кнігавыдавецтва. Так што будзем спрабаваць.

Ад сябе дадам, што паколькі культура Аршаншчыны пазіцыянуе сябе як цэнтр перакрыжавання турыстычных маршрутаў, дык выдавецкая дзейнасць як адна з разнавіднасцяў піяру павінна стаць абавязковай для кожнай раённай установы. А рамесніцкі свет раёна — неабсяжны ў сваёй шматграннасці. Да прыкладу, крэсла работы лозапляцельшчыка Уладзіміра Гапеенкі з задавальненнем набыў саліст гурта “Любэ” Мікалай Растаргуеў. Надзвычай цікава працуюць вышывальшчыца Галіна Кутузава, кераміст Таццяна Шынкарова, майстар па апрацоўцы бяросты Алег Шамро… А ці шмат гарадоў Беларусі могуць пахваліцца музеем драўлянай скульптуры? У Оршы такая ўстанова з’яўляецца філіялам Музейнага комплексу гісторыі і культуры раёна і носіць імя рэзчыка Сямёна Шаўрова. Установа месціцца ў хаце, дзе жыў і працаваў майстар. Інсітныя скульптуры экспануюцца і ў садзе, дзе часта ладзяцца яблычна-мастацкія імпрэзы.

Бярозавы пажыўны ўраджай

Працягнем гаворку пра пажыўную садавіну. Аршанскі гарадскі Цэнтр культуры “Перамога” некалькі гадоў запар прымае міжнародны конкурс “Апельсінавая бяроза”. Сказаць “прымае” ужо, напэўна, няправільна. Менавіта на аршанскай зямлі, наколькі ведаю, конкурсны праект “для тых, хто верыць у цуды і ўпарта рушыць да сваёй мэты”, стаў адукацыйным і аб’яднаў людзей, што крэатыўна праяўляюць сябе ў самых розных аспектах прафесійнага і аматарскага сучаснага мастацтва. Збольшага гэта сінтэз музыкі, пластыкі і сцэнічнага самавыяўлення.

Не ў баку знаходзяцца і аматары дызайнерскага, фатаграфічнага, літаратурнага мастацтваў. Майстар-класы падчас конкурсу — абавязковыя. Конкурс збірае да тысячы маладых таленавітых людзей з Расіі і Беларусі. За апошнія пяць гадоў конкурсны праект стаў адной з яркіх старонак культурнай хронікі рэгіёна.

Чарговая ініцыятыва — рэспубліканскі конкурс аматарскага цыркавога мастацтва “Арэна”, які ўпершыню стартаваў у Оршы мінулым лістападам і сабраў 14 аматарскіх цыркавых калектываў. Хтосьці з вялікіх сказаў, што колькасцю цыркаў вызначаецца сур’ёзнасць падыходу нацыі да гумарыстычнага ўспрыняцця рэчаіснасці. Мяркуючы па тым, што аналагічныя студыі ёсць ці не ў кожным раённым цэнтры Беларусі, мы — вельмі сур’ёзныя. “Арэна” абяцае стаць традыцыйнай. А вось фэст беларускага мастацтва і фальклору “Бараньскія музыкі” ладзіцца ўжо ці не трыццаць гадоў. Мо менавіта таму мясцовая дзятва, што навучаецца ў ДШМ, удзел у прэстыжных музычных конкурсах лічыць справай будзённай і нават абавязковай.

Дзень марозіва ў гарадскім дзіцячым парку — як напамін спякотнага лета. Ды яшчэ доказ клубнай крэатыўнасці, пры дапамозе якой Міжнародны дзень аховы дзяцей набыў казачна-святочную афарбоўку.

Заблукаць у Доме льну

Апельсіны з бярозы падаюць на Аршаншчыне не абы-куды, а ў брэндавы аршанскі лён. Дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Крутаўцова распавядае, што лён для раёна — не толькі брэнд, а яшчэ і стратэгія будучага развіцця. У Оршы ёсць Інстытут ільнаводства, ільнокамбінат, фабрыка мастацкіх вырабаў і фірмовая крама “Дом лёну” такой плошчы, што заблукаць можна. Мясцовыя работнікі культуры не маглі не адпавядаць. Такім чынам летась з’явіўся раённы фестываль “Орша — калыска беларускага лёну”, прымеркаваны да Дня лёгкай прамысловасці. Ёмістая канцэртная праграма, выставы ільнавырабаў і сельскагаспадарчай тэхнікі ажывілі вуліцы і пляцы горада. Асноўнай дзеяй фэсту стала дэфіле навучэнцаў гімназіі № 1 і ліцэя тэкстыльшчыкаў, якія пачалі модны шпацыр ад калегіума езуітаў. І кожны быў у адзенні з лёну.

Якім будзе наступны льняны фестываль, пакуль невядома. Але тое, што ён будзе — не выклікае сумневу. Як, зрэшты, і тое, што ў Оршы нават на бярозе вырастае экзатычная садавіна. І менавіта на аршанскай зямлі днямі прайшоў абласны конкурс аратых. Прайшоў па той простай прычыне, што раён засыпаў у дзяржаўныя засекі 119 тысяч тон намалочанага збожжа (паказчык — адзін з лепшых у краіне). А ў пасёлку Арэхаўск мяркуецца правесці кастрычніцкімі днямі рэспубліканскія дажынкі энергетычнай галіны. Яшчэ адна неадкладная творчая задача для клубнікаў Аршаншчыны.

Пяць гадоў з арэхамі

Кастрычнік — месяц для работнікаў культуры напружаны. Падвядзенне вынікаў сельскагаспадарчага года, абавязковая карэкціроўка планаў пазабюджэтнай дзейнасці, рэалізацыя бягучых задач — усё важнае, усё трэба паспець. Ды яшчэ ў Копысі з 9 па 12 кастрычніка на замчышчы “Пятроўскі вал” пройдзе міжнародны пленэр ганчароў. Месца абрана невыпадкова, бо менавіта ў гэтым пасёлку паспяхова дзейнічае Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў, пра які я сёлета пісаў. Напэўна, няма ў Беларусі калекцыянераў керамікі, якія б не мелі ў сваіх зборах гліняных вырабаў з Копысі.

Хтосьці з уважлівых чытачоў запытаецца: “Гаворка дагэтуль ішла пра клубныя шчыраванні ў буйных паселішчах: раённым цэнтры і Копысі. А на вёсцы як справы з крэатывам?” Пытанне слушнае. Калі б на яго не было адказу, можна было б і пра наяўнасць немалой праблемы сцвярджаць. Маўляў, на Аршаншчыне пяць буйных дзяржаўных клубных устаноў, кожная з якіх мае сваю сельскую клубную структуру. І буйныя ўстановы нібыта паглынаюць ініцыятыву ўстаноў больш дробных. Але гэта не так. Прынамсі дырэктар метадычнага цэнтра Таццяна Крутаўцова сцвярджае, што літаральна ў кожнай вёсцы распрацаваны і дзейнічаюць брэндавыя мерапрыемствы. Арэхаваму святу ў Арэхаўску, да прыкладу, ужо пяць гадоў.

А ў Крапіўне збіраюць усіх на Крапівенскі кірмаш, Лісуны адзначаюць дзень калодзежаў, Ларынаўка ўшаноўвае рабіну, Забалацце — яблыню…

Час звесці ўсе вясковыя брэндавыя святы ў адзін, так бы мовіць, рэестр, каб паўтораў не было. Рэспубліканскі па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці на падставе здаровай канкурэнцыі павінен вырашыць, якая акцыя — лепшая. А пасля можна і карту беларускіх брэндаў ставараць.

 

Фота з архіва аддзела культуры Аршанскага райвыканкама

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"