Партытура лёсу “колоссАль”нага Эдзі

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Да 80-годдзя джаза ў Беларусі
І яшчэ адзін нечаканы вынік аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі: з’яўленне ў рэспубліцы ўласнага джаз-аркестра. У 1939-м яго не мела ні адна іншая рэспубліка СССР! І таму мы лічым, што менавіта ўвосені таго года адбылося — Нараджэнне джаза ў Беларусі

/i/content/pi/cult/765/16531/010.JPGМалавядомыя факты і зусім невядомыя ўспаміны пра гісторыю легендарнага Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле з. а. БССР, трубача й шоумена Эдзі РОЗНЭРА

Хто прыдумае новы пачатак эстраднага канцэрта, таму трэба даваць Нобеля! Спаконвеку існавалі толькі тры варыянты: або заслона рассоўвалася, або ссоўвалася ў бок, або ўзнімалася. Усё.

На свае вочы бачыў: у рэвю Рознэра напаўпразрыстая заслона… падала!

А што ж было за ёй?

/i/content/pi/cult/765/16531/011.JPGВосень 1939-га. У ціхім раней Беластоку — памежным горадзе ўжо Савецкай Беларусі — біблейскі Вавілон. Танкі, пяхота, кавалерыя, штабы і абозы Чырвонай Арміі. Уцекачы са зруйнаванай фашысцкімі бомбамі і ўжо занятай немцамі Варшавы імкнуцца сюды, на выратавальны ўсход — пехатою, на вазах, роварах, віснучы на прыступках апошніх цягнікоў. Тут жа органы НКУС “прасейваюць кантынгент”, ловячы шпіёнаў. Бурлівае жыццё!

Сярод уцекачоў з Польшчы — тры маладыя кампазітары, якія неўзабаве ўвальюцца ў мастацкае жыццё Савецкай Беларусі: Леў Абеліёвіч, Генрых Вагнер, Эдзі Тырманд.

Сярод уцекачоў — і ажно тры джаз-аркестры: Генрыха Варса, Ежы Пецярсбурскага (дарэчы, аўтара музыкі песень “Гэта апошняя нядзеля”, вядомая ў нас найперш як “Утомлённое солнце”, і “Синий платочек”), і трэці — Бяльзацкага. Нас апошні і цікавіць.

Ежы (Іехунон, а затым Юрый) Бяльзацкі ў Варшаве быў вядомы як багемны піяніст-віртуоз: граў у кабарэ і суправаджаў паказ нямых фільмаў. Таму ў Беластоку, дзе ён з жонкай і дачкой ратаваўся ад нацыстаў, да яго і пацягнуліся музыканты.

Сярод іх — ягоны брат Адам, бубнач, дзядзька Юзаф, кантрабасіст. А затым — ураджэнец Гародні лысы таўстун-жартаўнік Павел Гофман, які граў на скрыпцы і мандаліне, гітарыст і выканаўца гарлавых цірольскіх ёдляў Леа Маркавіч, які аддаў немцу-памежніку сваю гітару, каб той выпусціў яго на ўсход. А таксама і музыканты іншых двух джазаў.

Але аркестр не вельмі адрозніваўся ад іх, пакуль…

Пакуль у Беластоку не з’явіўся 29-гадовы музыкант — таксама ўцякач, у футарале якога побач з трубой ляжала адно свежая кашуля.

Трубач-гастралёр у Еўропе быў вядомы, і Бяльзацкі запрасіў яго ў свой калектыў.

Зваўся ён — Адзі (Адольф) Рознэр.

Берлінскую кансерваторыю ён заканчваў адначасова па класах скрыпкі і трубы, усё больш аддаючы перавагу медзі.

Іграў з прэстыжнымі аркестрамі: у 20 — 30-х на нямецкім лайнере “Гамбург”, потым на гастролях у ЗША, дзе яму прапанавалі застацца, а ў 1938-м — у Парыжы. Там жа запісаў грамплыту са сваім сола: “Караван” і “Сан-Луі блюз”. Кружэлку потым прадубляваў у СССР Нагінскі завод.

А ў Германію яму вяртацца было нельга: джаз для Гітлера — музыка “недачалавекаў”.

У 1938-м Рознэр асядае ў Польшчы. У Лодзі ў яго свой бэнд, які штовечар грае ў клубе “У Адзі”. Там ён узяў шлюб з прыгажуняй Рут, дачкой славутай яўрэйскай актрысы Іды Камінскай. У іх нарадзілася дачка Эрыка, якая ўсё жыццё будзе шанаваць і прапагандаваць творчасць бацькі.

Але 1 верасня 1939-га фашысцкія бомбы пасыпаліся на Варшаву — і ў яўрэйскай радзіны выратавальны напрамак адзіны: на ўсход.

Так у Беластоку і перасекліся лёсавырашальныя шляхі Рознэра і Бяльзацкага.

Тагачасная гісторыя нібы сціскала час: усё адбывалася надта хутка, падзея за падзеяй.

Бяльзацкі разумеў, што седзячы за раялем, — а як інакш?! — ён не здолее заваяваць цікавасць публікі. Патрэбна прозвішча для афішы, для “чырвонага радка”. І, нягледзячы на свой аўтарытэт лідара, прапануе стаць кіраўніком аркестра Рознэру: той артыстычны, можа рухацца па сцэне з інструментам. А сам Ежы застаецца музычным кіраўніком.

/i/content/pi/cult/765/16531/012.JPGПры пастаноўцы першай жа праграмы Рознэр нечакана выявіў сябе і як шоумен: джаз грае ў цемры, без нот, часам спінай да залы, а трубач з’яўляецца не адразу, і неяк нечакана — нібы зніадкуль.

Ён дае каманду падняць заслону па-нямецку: “Аўф!” А выправаджваючы музыкантаў на сцэну, загадвае на польска-англійскай: “Смайлінг, панове, смайлінг!”

Як у 1939-м усё адбывалася, расказала мне ў Маскве ў 2008-м пані Ірэна Маркавіч, якая ўжо тады была ці не адзіным у свеце сведкам тых падзей. Заўважу: усе прыведзеныя інтэрв’ю адзнятыя на відэа — і сёння гэта ўнікальныя дакументы!

— Музыканты — усе з Варшавы, на рэпетыцыях размаўлялі па-польску, — кажа яна. — Рускую тады мала хто ведаў. І вось, іх першы канцэрт! Пасля кожнага нумара гледачы апладзіравалі па пяць хвілін. Беласток такой музыкі не чуў! Рознэр іграў адразу на дзвюх трубах.

У інтанацыях сівой элегантнай пані і праз сем дзесяцігоддзяў чуецца гонар. І справа не толькі ў музыцы:

— Мне было сямнаццаць, калі на рагу вуліцы, дзе мы жылі, пачаў рэпетаваць гэты аркестр. Усе мясцовыя жыхары хутка перазнаёміліся з музыкантамі. А Леа чамусьці прыбіўся да нашага дома. Неяк я стаяла ля печкі, сушыла валасы, і раптам прамовіла: “А да мяне пасватаўся ваенны”. Леа: “А калі я зраблю табе прапанову?” Кажу: “Я згодная”. Пабудзілі тату з мамай: “Мы вырашылі ўзяць шлюб”. Яны: “Ты ж яшчэ дзіця!..” Нас з Леа напачатку зблізіла тое, што размаўлялі мы з ім выключна па-французску… І гэтак стасаваліся ўсе сорак чатыры гады нашага сумеснага жыцця.

Дзіўна, што Леа Маркавіч — музыкант з такім слыхам! — так і не здолеў належна авалодаць рускай гаворкай.

А пані Ірэна дзякуючы свайму веданню моў шмат гадоў працавала ў аддзеле замежнай літаратуры ў кніжнай краме, што побач з Моссаветам. Мы з кінарэжысёрам Валерам Рубінчыкам не раз заходзілі туды да яе.

І вось, неяк аднойчы, роўна 80 гадоў таму, прыкладна ў такі ж восеньскі вечар на канцэрт джаза Адзі Рознэра завітаў Панцеляймон Панамарэнка — фактычна, кіраўнік БССР. Клопатаў у яго хапала: тэрыторыя рэспублікі ўраз павялічылася амаль удвая. Але вось ён са світай — на канцэрце!

Што яны ўбачылі і пачулі?

Спявалі: Рут Камінска (па-французску), Лотар Лямпель і браты Гарысы (па-польску), Павел Гофман (стараўся па-руску), Леа Маркавіч (цірольскія ёдлі). Канферансье Казімеж Крукоўскі вёў праграму на добрай рускай мове. Выдатна выступіў танц-дуэт сястры і брата: Славы і Юрыя Нэй. І, канешне, блішчэў Рознэр, граючы на трубе і скрыпцы.

Высветлілася, што Панамарэнка чуў яго запісы. Ды і ўвогуле, партыйны бос — прыхільнік джаза!

У размове з Рознэрам ён распавёў пра становішча ў Германіі і ў заваяванай нацыстамі Польшчы: антысемітызм, гета, пагромы. І прапанаваў надаць аркестру статус Дзяржаўнага калектыва БССР — прызнацца, надзвычай рашучы ўчынак для паслухмянага камуніста.

Рознэр, параіўшыся з музыкантамі, дае згоду.

Праз нейкі час Панамарэнка распараджаецца перадаць Дзяржаўнаму джаз-аркестру БССР узмацняльную апаратуру з радыёзавода толькі што далучанай да СССР Вільні. Такой не меў ніводны аркестр у СССР.

У “падтрымку” Рут калектыву прыдалі новую вакалістку Зою Ларчанка — здольную жанравую спявачку. Да таго ж, як неўзабаве высветлілася, яна аказалася “пратэжэ” нейкага важнага чыноўніка — і гэта ў будучым адыграе станоўчую ролю ў лёсе аркестра. Яго кіраўнік так захапіўся заняткамі з новай спявачкай, што выклікаў рэўнасць жонкі.

З каштоўных парцьер Нясвіжскага замка шыюць зіхоткія сукенкі вакалісткам, з шыкоўных матэрыялаў заказваюць камплекты элегантных строяў для ўсіх музыкантаў.

І яшчэ: Панамарэнка раіць кіраўніку джаза змяніць сцэнічнае імя “Адзі” — Адольф — на Эдзі. Каб не быць цёзкам Гітлера.

А неўзабаве загад: аркестру перабірацца ў Мінск.

Крутыя змены былі і ў асабістых лёсах.

— 9 студзеня 1940-га Леа зрабіў мне прапанову, 14-га вяселле, а 15-га я назаўсёды пакінула дом бацькоў, — згадвае пані Ірэна. — Я, 17-гадовая, на вакзал з’явілася ў паласатых школьных гетрах. Рознэр агледзеў мяне і ўсклікнуў: “Леа, ты вязеш з сабой у Мінск дзіцячы садок?”

У Мінску музыканты з радзінамі пасяліліся ў гатэлі “2-я Савецкая”, што на Камсамольскай вуліцы. Будынак захаваўся, там цяпер турыстычныя агенцтвы і нечыя офісы.

Асноўнай канцэртнай пляцоўкай у сталіцы Беларусі стаў клуб імя Сталіна — цяперашні кінатэатр “Перамога”.

Рознэр хутка засвоіў рускую мову ды зачароўваў манерамі ўсіх, хто з ім сустракаўся.

— О, ён такі цікавы, такі дасціпны! — згадвае пані Ірэна. — Усю ноч Адзі мог расказваць цікавыя гісторыі. А якім попытам ён карыстаўся сярод жанчын! Нехта мне казаў, што ў яго “аксамітнае цела”. І нічога дзіўнага: тройчы на дзень ён прымаў душ ды штодня па флакончыку парфумы на сябе выпырскваў. Па-руску пісаў без памылак, а гаварыў з акцэнтам.

Так, усе, хто бачыўся з Рознэрам, заўважалі, што гаварыў ён на ўсіх еўрапейскіх мовах — і на ўсіх з акцэнтам. Часта ўжываў перакручаныя “замежныя” слоўцы кшталту: “КолоссАль! ПрОграмм!” А злаваўся выключна па-польску: “О, холера ясна!”

У чэрвені 1940-га ў аркестра планаваліся нядоўгія выступленні ў Маскве.

Ні музыканты беларускага джаза, ні Эдзі Рознэр, ні нават кіраўнікі рэспублікі не ведалі, чым тыя гастролі стануць для калектыву і як паўплываюць на прэстыж усяе Беларусі.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр