Блізкасць вякоў і пакаленняў

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

Сёння ў Аляксандраўскім скверы ля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы да вечара будзе шумна і незвычайна: маштабным тэатральным пікніком купалаўцы адзначаюць 100-ты сезон. Пачаставаўшыся на фудкорце тэатральнымі сэтамі, хтосьці парэлаксуе на музычным канцэрце з удзелам акцёраў і аркестра тэатра, іншы патанчыць пад культавыя тэатральна-музычныя гурты Бенькі, іli-ili, Ягора Забелава ды вядомую “Касіапею”. Фанаты “Радзіва “Прудок” занурацца ў вясковы космас праз паказ спектакля на шырокім экране. Сам жа аўтар папулярнай кнігі Андрусь Горват на адзін дзень вернецца на працу тутэйшым дворнікам, каб правесці адну з некалькіх атмасферных экскурсій. “К” таксама пабывала ў купалаўскім закуліссі і прапануе чытачам падарожжа па тэатральных закуточках.

/i/content/pi/cult/763/16495/09.JPG50 рублёў на будучыню

100-ты сезон — лічба прыгожая, аднак у купалаўцаў сёлета падвоены юбілей: будынак, у якім у 1920-м годзе пачаў працаваць Беларускі дзяржаўны (будучы Купалаўскі) тэатр, святкуе сваё 130-годдзе.

— Уявіце толькі, у ХІХ стагоддзі губернскі горад Мінск аказаўся без сваёй тэатральнай пляцоўкі, — распавядае ў фае загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Вольга Бабкова. — Спектаклі ставіліся на прыватных кватэрах і ў адрынках, у зале Дваранскага сходу, аднак спецыяльнай вялікай сцэны не было. Гарадская дума пачала хвалявацца з гэтай прычыны.

Да нашага часу захаваліся газеты, у якіх апавядаецца, як мінскі губернскі князь Мікалай Трубяцкі “звяртаў сур’ёзную ўвагу” на праблему, нагадваючы, што тэатр пры годнай пастаноўцы “можа служыць такой жа школай, сродкам маральнага выхавання, як і вучэбная ўстанова”. Відавочна, гарачая прамова князя падзейнічала: у 1888 годзе пачаўся збор грошай.

На ўзвядзенне чаканага гараджанамі гмаху першапачаткова патрабавалася каля 80 тысяч рублёў. Як падкрэслівае Вольга Бабкова, 100 рублёў з асабістага рахунку перадаў легендарны сталічны губернатар Караль Чапскі. 50 рублёў выдаткаваў мінскі губернскі маршалак Антон Горват. Сімвалічна, што праз сто гадоў пісьменнік з такім жа прозвішчам адкрые новую старонку ў гісторыі тэатра.

Спачатку новая тэатральная прастора павінна была з’явіцца на Саборнай плошчы (сённяшняй плошчы Свабоды). Супраць паўсталі царкоўнікі, маўляў, ліцэдзеі хочуць месціцца занадта блізка да кафедральнага сабора. Прапанова з Аляксандраўскім скверам таксама магла “праляцець”, бо ў тыя часы побач месцілася капліца Аляксандра Неўскага. На нашае шчасце, усё ж пакінулі гэты варыянт.

— Мінуць дзесяцігоддзі, і дом насупраць тэатра пачнуць называць домам пісьменнікаў. Тут жылі Янка Маўр, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч, Васіль Вітка, Уладзімір Някляеў, Янка Брыль і многія іншыя. Іван Мележ напісаў “Людзі на балоце”. Праз пэўны час тэкст апынуўся ў будынку насупраць: на нашай сцэне паставілі спектакль паводле гэтага рамана. Вельмі люблю тую блізкасць, — дадае спадарыня Бабкова.

Нязменныя лесвіца і калоны ў эпіцэнтры перабудоў

Экскурсія перамяшчаецца ў глядзельную залу. Пасля капітальнай рэканструкцыі, што была праведзеная ў тэатры напачатку 2010-х гадоў, сцены галоўнай залы набылі гістарычны блакітны колер. Менавіта такім яго задумваў запрошаны з Варшавы архітэктар Караль Казлоўскі.

— Казлоўскі слыў геніяльным акустыкам. Яму давяралі ўзвядзенне культавых і музычных будынкаў у Любліне і Варшаве. У чарцяжы для Мінску ён заклаў усе сучасныя яму тэхнічныя дасягненні, — тлумачыць наш адмысловы экскурсавод.

У 1890-м аматарскім спектаклем “Сфінкс” адбылося ўрачыстае адкрыццё новабуду. За 30 гадоў, што папярэднічалі з’яўленню ў гэтых сценах БДТ-1, на гарадской тэатральнай пляцоўцы выступалі перасоўныя трупы з Масквы, Вільні, Варшавы, Парыжу. У 1904-м годзе тут нават працаваў цырк Уладзіміра Дурава. Аднак гарадская дума палічыла такі варыянт блюзнерствам і цыркавых больш сюды не пускалі.

У рэвалюцыйныя гады тут прайшоў І Усебеларускі сход і была прынятая першая канстытуцыя БССР. У 1943-м годзе ў зале адбыўся тэракт. Бомба прызначалася гаўтляйтэру Вільгельму Кубэ, аднак яго на тым спектаклі не было. Пацярпелі акцёры і простыя гледачы, якія прыйшлі на “Пана міністра” па Францішку Аляхновічу. Спадарыня Бабкова нагадвае, што ўсе загінуўшыя пахаваныя на Вайсковых могілках.

У 1958-м годзе адбылася рэканструкцыя, якая больш як на 50 гадоў змяніла выгляд будынка. Пра задуманыя Казлоўскім інтэр’еры гаварылі толькі парадная лесвіца і калоны ўздоўж яе, якія цудам захаваліся. Наблізіць выгляд тэатра да гістарычнага дапамагла новая перабудова ў 2011-м годзе.

Пульт сакральнай прасторы

/i/content/pi/cult/763/16495/08.JPGКанешне, ёсць безліч нюансаў і фактаў, як беларускае мастацтва падыходзіла да таго, каб сфарміравацца ў беларускі тэатр. Яшчэ напачатку ХХ стагоддзя за дэкламацыю беларускіх вершаў садзілі ў пастарунак. Гэта на сабе выпрабаваў Фларыян Ждановіч — той самы рэжысёр, пад кіраўніцтвам якога пачынаў працаваць БДТ-1, — вяртаецца да гісторыі Вольга Бабкова.

І ўсё ж у 1920-м тэатр пачаў афіцыйна запрашаць на спектаклі гледачоў. Тады зала ўмяшчала 550 месцаў. Першыя рады партэра каштавалі даволі дорага — 3 рублі 20 капеек, самыя танныя былі на галёрцы. На оперу прадавалі за 50 капеек, на драму білеты былі больш даступныя — па сорак. Пры неабходнасці падлогу можна было ўздымаць да ўзроўню сцэны. Так рабілі, напрыклад, калі абвяшчалі танцы.

Пасля апошняй рэканструкцыі колькасць месцаў паменшылася да 337, каб зрабіць адпаведную сённяшнім нормам адлегласць паміж шэрагамі крэслаў ды вярнуць у лоджыі сценкі, як гэта заўжды было ў імператарскіх тэатрах. Партэр стаў спускацца да сцэны прыступкамі для камфорту гледачоў. Сама ж сцэна павялічылася на 3 метры і атрымала шыкоўнае тэхнічнае начынне ад чэшскіх і нямецкіх спецыялістаў. Усёй машынерыяй можна кіраваць з рэжысёрскага пульта.

Пульт стаіць практычна ў кішэні сцэны, аднак на саму пляцоўку экскурсантаў не пускаюць. Маўляў, артысты ставяцца да яе, як да сакральнай прасторы і ніколі не дазваляюць сабе зайсці сюды ў вулічным абутку. “Ёсць такі тэатральны забабон, што пры парушэнні няпісанага правіла, чалавеку не пашанцуе”, — уводзіць у курс справы Вольга і запускае натоўп у службовыя памяшканні.

У радзівілаўскім люстэрку

Пакой ля сцэны — месца, дзе артысты чакаюць свайго выхаду на сцэну. Тут яны маглі ў касцюмах гуляць у шахматы падчас антракту, расказваць адзін адному байкі, прыдумваць падчас рэпетыцый новыя падыходы да сваёй ролі. Спадарыня Вольга пераказвае нам успаміны мастака Барыса Герлавана пра тое, як раней моладзь абавязкова ўставала з крэслаў, калі ў гэты пакой уваходзілі сталыя артысты.

У куце — знакамітая “спавядальня”: за шторамі акцёр можа хутка пераапрануцца, калі на змену касцюма ў яго ёсць толькі пару хвілін і да ўласнай грымёркі ён дабегчы не паспявае. А за яшчэ аднымі дзвярыма — рэквізітарская. На паліцах побач стаяць сапраўдныя закаткі з “Рэвізора”, маска з “Пана Тадэвуша”, гітара з “Дзвюх душ”. Ружовыя мядзведзі з “Рэвізора” знаходзяцца ў іншым пакоі, бо займаюць занадта шмат месца. Дарэчы, яшчэ адзін мядзведзь — ужо белы, са “Школы падаткаплацельшчыкаў” — па сваіх габарытах не памясціўся ні ў адным пакоі, таму шчыруе наўпрост у калідоры ля бутафорскага цэху.

— У некаторых спектаклях выкарыстоўваюцца муляжы зброі. Для іх захоўвання ў цокальным паверсе ўсталяваны адмысловы сейф, — удакладняе загадчык літаратурна-драматургічнай часткі і адразу ўспамінае купалаўскую байку. — Гавораць, што калісьці Аляксандру Гарцуеву — на той час яшчэ толькі артысту нашага тэатра — неабходна было перабегчы ад асноўнай сцэны да Малой, што месціцца насупраць у памяшканні колішняга кінатэатра “Навіны дня”. Усё было б добра, але ён бег на свой “ваенны” эпізод са зброяй — з-за ружжа яго прама на вуліцы і “павязалі”.

Пасмяяўшыся, ідзем далей: на чарзе — грымёры. У вялікім памяшканні стаяць шафы з парыкамі, вусамі, бародамі розных колераў і памераў. У адной з тых шуфляд можна адшукаць касу незабыўнай Паўлінкі. У другой частцы пакоя размешчаны некалькі люстэрак са столікамі, застаўленымі спецыяльнай тэатральнай касметыкай.

— Дарэчы, тут знаходзіцца адзінае арыгінальнае люстэрка Радзівілаў, якое засталося ў тэатры. Два іншых у рост чалавека пасля апошняй рэканструкцыі вярнуліся з нашага фае ў нясвіжскі палац Радзівілаў, — дзеліцца тайнай экскурсавод.

Штомесяц для акцёраў заказваецца індывідуальная касметыка. Вакол люстраў шмат асвятлення, каб артыст бачыў, як яго грым будзе выглядаць на сцэне ў свеце сафітаў.

— Сёння на роспіс твару ідзе не больш за паўгадзіны, бо амаль не ўжываюцца такія складаныя грымы, як было раней, — распавядае начальнік грымёрнага цэха Антаніна Талкун. — Звычайна кожны грыміруецца сам, а мы толькі дапамагаем, калі патрэбна прыклеіць вейкі ці прымацаваць бараду. У моладзі больш увагі да валасоў: яны хочуць добрую прычоску і гатовыя за складанай укладкай прыйсці за дзве гадзіны да пачатку спектакля.

Працягваем агляд у бутафорскім цэху, дзе па словах спадарыні Бабковай, заўсёды патыхае фарбамі і надзеяй. Нядаўна тут паклалі новую падлогу, аднак мастакі раяць зазірнуць напрыканцы сезона, каб параўнаць. У гэтым цэху распісваюць дэкарацыі і ствараюць неабходныя для спектакля прадметы, таму дошкі хутка пакрываюцца рознакаляровымі плямамі.

Экскурсія завяршылася ля грымёрных. У адсутнасць асабістага музея партрэты славутых купалаўцаў, якія некалі малявалі студэнты Барыса Герлавана з Акадэміі мастацтваў, вісяць у калідорах. Аднак у гэтым таксама нешта ёсць: калі кожны дзень праходзіш перад вачыма вялікіх, наўрад ці згасне ўнутры памкненне расці, каб дасягнуць у прафесіі іх жа велічынь.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"