Глебаў, музыка, кіно

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Да 90-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР, кампазітара Яўгена Глебава Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі разгарнула буйны творчы праект “Музычная спадчына Радзімы”. Цягам пачатку верасня студэнцкі духавы аркестр на чале з Максімам Расохам ладзіць канцэртна-гастрольны тур, цалкам адпаведны канцэпцыі Года малой радзімы: выступленні калектыву праходзяць ва ўсіх абласных цэнтрах, прычым на адкрытым паветры, збіраючы самую шырокую аўдыторыю. Гэта стала магчымым, дзякуючы фінансаванню спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

/i/content/pi/cult/761/16467/Book_Glebov_Pages-10-S.jpg

— У праграму ўключана музыка адной з самых, бадай, дэмакратычных сфер — музыка кіно, — гаворыць кіраўнік калектыву, дэкан аркестравага факультэта Акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, дырыжор Максім Расоха. — Апошнім часам стала распаўсюджана выкананне папулярных саўндтрэкаў, што суправаджаецца відэашэрагам. Але часцей гэта тычыцца замежных кінастужак. А ў нас жа ёсць уласная багатая спадчына! І найперш гэта кінамузыка Яўгена Глебава, якая, на жаль, выконваецца вельмі і вельмі рэдка. А яна ж такая яркая, запамінальная, прыдатная для людзей самых розных узростаў і сацыяльных груп — чаму ж яна застаецца ў цені? Дый самі фільмы — гэта тая класіка, што прайшла выпрабаванне часам: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Апошняе лета дзяцінства”, “Саша-Сашачка”, “Пасля кірмашу”, “Вясновая казка” і многія іншыя.

Вядома, была праведзена вялікая папярэдняя работа. Мы вельмі ўдзячны ўдаве кампазітара Ларысе Васільеўне Глебавай за прадастаўленне музычнага матэрыялу. Але патрабаваўся не толькі яго адбор, бо творчасць нашага класіка папраўдзе ўсеабдымная. Уключаныя ў праграму нумары трэба было перакласці для нашага выканальніцкага складу — духавога аркестра. А гэта значыць, што мелодыі загучалі крыху іначай, з новымі тэмбравымі фарбамі і адценнямі. Робячы аранжыроўкі, я дадаў у аркестр ударную ўстаноўку, якая зрабіла гучанне яшчэ больш сучасным. І, зразумела, усё гэта было аздоблена кінафрагментамі, а таксама падрыхтавана фота-слайд-шоу, прысвечанае жыццю кампазітара.

Мы вельмі рады, што наш праект прыйшоўся да душы, сабраў вялікую колькасць гледачоў, нягледзячы на рэзкія змены ў надвор’і. У Гродне, дзе мы ігралі на плошчы Леніна, быў моцны вецер. У Маладзечне, дзе канцэрт быў у Амфітэатры, ішоў дождж. Але народ не разыходзіўся, горача нас падтрымліваў, пасля многія падыходзілі, каб выказаць падзяку асабіста. Дый падчас выступлення было бачна і чутна, як публіка напявае ўпадабаныя мелодыі. Літаральна закахаліся ў гэту музыку і самі студэнты! Многія раней з ёй не сутыкаліся: усё ж айчынныя стужкі не так часта з’яўляюцца на нашых тэлеэкранах, дэманструюцца хіба на БТ-3. Думаю, пасля нашых канцэртаў павялічыцца колькасць запытаў гэтых фільмаў у інтэрнеце: хтосьці захоча паглядзець іх нанова, а хтосьці — пазнаёміцца ўпершыню. Так што вынік ад падобных праектаў, заснаваных на сінтэзе мастацтваў, карысны з усіх бакоў.

Брэст, Гродна, Маладзечна, Віцебск, Магілёў. Заўтра — Гомель. А завершыцца праект у аўторак у сталіцы — у Верхнім горадзе, на плошчы Свабоды перад Ратушай. Прыходзьце!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"