Вярнуць згубленыя саўндтрэкі эпохі

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Не абавязкова быць сур’ёзным навукоўцам, каб займацца гістарычнымі даследваннямі — можна проста любіць музыку і мець цікаўнасць. Вось як Віктар Сямашка — музыкант, паэт і журналіст, які акрамя 20-ці гадоў на сцэне і некалькіх паэтычных зборнікаў можа пахваліцца і вялікім шэрагам радыёперадач, што даносяць да сучаснага слухача галасы і гукі з мінулага і насамрэч адкрываюць невядомыя ці проста забытыя старонкі. У свой час меў розгалас радыёцыкл Віктара Сямашкі пра беларускі рок-н-рол 60 — 70-х гадоў, на чарзе перадгісторыя джаза ў Беларусі, у полі зроку першыя беларускія саўндтрэкі, першыя беларускія пласцінкі і гэтак далей. Істотна, што ўсё са словам “беларускае”, бо яно і наша роднае, і падчас амаль не даследаванае.

/i/content/pi/cult/761/16465/123-S.jpg— Па прафесіі вы журналіст, а па прызванні, мабыць, музыкант?

— З дзяцінства я быў перадусім чалавекам, які займаецца музыкай і вершамі, ды й зараз лічу сябе менавіта музыкантам, а не журналістам. Проста бацька сказаў: “Ну, калі пішаш, то ідзі на журфак”. А што такое журналістыка, я нават і не ўяўляў. Мяне размеркавалі на радыё, і маёй асноўнай прафесіяй і галоўным заробкам стала чытанне навін. У нейкі момант гэта моцна надакучыла, і я пачаў “прабіваць” перадачы пра беларускую музыку — хацелася і сябе спазнаць, і пра нашу культуру даведацца болей. Ствараў сам сабе беларускае асяроддзе, перайшоў на беларускую мову, вершы пачаў пісаць толькі па-беларуску. Такім чынам сталеў як чалавек і як творца.

— Вы працуеце даволі актыўна як музыкант, прычым заўсёды гэта нейкая не самая простая музыка, эксперыментальная, можна сказаць.

— Выступаць я пачаў з канца 90-х — іграю на фартэпіяна і духавых інструментах. Была група “Нагуаль”, больш за дзесяць гадоў іграў у праекце “Князь Мышкін”. Мае сольныя праекты “Сямашка ды кумпанія” — меладэкламацыя пад імправізаваную музыку — і “Фантастычныя плыўцы” — авангардны джаз, калі пад розныя ідэі збіраюцца розныя людзі. Мне не падабаецца заўсёды іграць адно і тое ж, бо я вельмі люблю сам момант стварэння, нараджэння цуда.

Калі б не “75 працэнтаў”

— За якую тэму як журналіст-даследчык вы ўзяліся найперш?

— Гадоў 13 таму пачаў на радыё Unistar невялічкую аўтарскую праграму “Новая зямля” — тады акурат увялі патрабаванне пра 75 працэнтаў, а беларускай музыкі ў эфіры не ставала. Я разумеў, што гэта нефармат і што кожны выпуск перадачы можа стаць апошнім, але мне хацелася распавядаць пра тое, пра што ніхто не расказвае. Можа быць, справа ў маіх аўтарскіх амбіцыях? Першым сур’ёзным даследваннем стаў цыкл перадач пра беларускі андэграунд 60 — 70-х гадоў. Я паказваў, што гісторыя рок-н-рола ў Беларусі пачалася яшчэ да “Песняроў”, якія лагічна нарадзіліся з плыні тагачасных самадзейных ансамбляў.

— Дзіўна, што да пэўнага часу ў нас гэта была практычна “тэра інкогніта”. У той жа Расіі, ці ў Англіі, гісторыю сваіх ансамбляў па костачках разабралі…

— Сапраўды, я неаднойчы пра гэта думаў. Калі мы гаворым, што ў нас нічога не было, ці не было нейкай з’явы ў нашай гісторыі, гэта значыць, што мы проста пра яе нічога не ведаем. Як толькі я задаўся мэтай, інфармацыя сама пачала да мяне прыходзіць — гідам стаў гітарыст Яўген Канавалаў з ВІА “Алгарытмы”, ужо нябожчык. А гэта ж самая простая даследчыцкая праца, калі трэба збіраць вусную гісторыю — не перачытваць стосы кніг і корпацца ў архівах, а самому ад першакрыніц здабываць факты. Знайшліся тагачасныя запісы, я пагутарыў са многімі ўдзельнікамі і героямі тых падзей. Яны ўсе былі тут побач, яны ўсё маглі самі расказаць, але неяк сістэмна стварыць з гэтага гісторыю раней ні ў кога, як кажуць, рукі не дайшлі.

Сюжэт для “Беларусьфільма”

— А хто сярод герояў таго дапесняроўскага часу?

— З тых, чые імёны на слыху, акрамя згаданага Яўгена Канавалава гэта і Уладзімір Спірыдовіч з “Арганаўтаў”, наш знакаміты гітарыст Уладзімір Угольнік, той жа Леанід Барткевіч з ВІА “Залатыя яблыкі Сонца”, Вольга Аліпава з групы “Нашчадкі” — адна з першых мясцовых хіпі, Андрэй Плясанаў, што іграў у калектыве з назвай “Пінгвіны”, Генадзь Старыкаў. Калі я за гэта ўзяўся, усе былі жывымі сведкамі эпохі.

— Як доўга тая эпоха доўжылася?

— Усё пачалося разам з хваляй бітламаніі, якая дакацілася да Беларусі, — 64 — 65 гады. Новай музыкай захапілася моладзь, асабліва так званая “залатая” — дзеці партыйных функцыянераў. Адзін з першых гуртоў Уладзіміра Спірыдовіча, што называўся Funny foxes, нарадзіўся акурат у дварах ля цяперашняй Кастрычніцкай плошчы. Тады было прынята самім выразаць гітары, нацягваць струны, абрываць слухаўкі тэлефонных апаратаў, каб даставаць адтуль мікрафончыкі… Паступова ўтварылася вельмі шмат такіх гуртоў — у асноўным пры інстытутах, і тады ўжо з’явілася патрэба ў фестывалі, за які камсамол і ўзяўся. Гэта быў першы ў СССР фестываль са словам “біт” у загалоўку, першы фестываль рок-н-рола — Мінск, красавік 68-га года, Радыётэхнічны інстытут. Тры дні, вельмі аўтарытэтнае журы на чале з Барысам Райскім, кіраўніком аркестра Белдзяржтэлерадыё. Перамог гурт “Алгарытмы” з гэтага ж інстытута, а Яўген Канавалаў быў адзначаны як лепшы гітарыст. Адным з лаўрэатаў быў гурт “Дойліды”, які потым і да Масквы дабраўся, — удзельнічаў у тэлевізійным конкурсе “Алло, мы ищем таланты!”

— Я вось уяўляю, які б з гэтага мог атрымацца фільм — згадваюцца “Стиляги”, бо наша ж кінастудыя шукае сцэнарыі на беларускім матэрыяле і не пра нешта “чарнушнае”. А тут і канец 60-х, і тры дні музычнага фестывалю, і “залатая моладзь”…

— І напярэдадні Пражскай вясны, бо 68-мы год стаў адначасова пікам гэтага руху і яго фіналам. Прыйшоў канец адлізе, пачалося “закручванне гаек”, амаль усё, у прынцыпе, спынілася.

— Але пачаліся “Песняры”.

— Мулявін акурат шукаў музыкантаў па розных рэстарацыях і танцах, дзе ігралі студэнцкія ансамблі, прыходзіў да тых жа “Алгарытмаў” на рэпетыцыі. Так знайшоў і Кашапарава, і Барткевіча. Я, дарэчы, потым заняўся і “Песнярамі”, дасканальна разам з былымі ўдзельнікамі разабраў усю дыскаграфію — афіцыйную і неафіцыйную. Нават самыя дасведчаныя знаўцы казалі, што даведаліся тады шмат чаго новага.

Успомніць забытае

— Якія тэмы вас яшчэ прыцягваюць?

— Я задаўся пытаннем, а ці быў у нас у 60-я акадэмічны авангард? Аказалася, што была суполка аднадумцаў — канешне, не аформленая афіцыйна — якую ўтварылі Дзмітрый Смольскі, Сяргей Картэс, Алег Янчанка, час ад часу да іх далучаўся Яўген Глебаў, і яны практыкавалі самыя навамодныя ў Еўропе цячэнні, нават рабілі запісы. Тады ўздымаўся джаз пасля перыяду пэўных забарон — яго цэнтрам стаў эстрадна-джазавы аркестр Белдзяржтэлерадыё, пры якім працавалі Яўген Грышман і Андрэй Шпянёў, ізноў жа Глебаў з ім супрацоўнічаў. Было створана вельмі шмат выбітнай музыкі з вялікім зваротам да беларускага фальклору, я, калі паслухаў, дык моцна ўразіўся. Таксама ёсць яшчэ з кім размаўляць — з жывымі ўдзельнікамі і сведкамі падзей. Мяне ўвогуле цікавіць гісторыя беларускай авангарднай музыкі, бо калі трактаваць беларускасць шырока, можна ж казаць і пра Шастаковіча, і пра Стравінскага, і пра вялікую суполку, якая была заснаваная ў Маскве, пра кампазітара Рослаўца. Дарэчы, сёлета амаль ніхто акрамя музея Полацкай Сафіі не адзначыў юбілей Алега Янчанкі, выдатнага і вельмі перадавога музыканта, які зрабіў вельмі шмат для беларускага арганнага мастацтва, для беларускага кіно. Вакол яго гуртаваліся іншыя такія ж творцы, гэта ўсё былі сябры-аднадумцы — Смольскі, Картэс.

— Вы ўвогуле, мабыць, маеце спіс імёнаў, якія лічыце вартымі большай увагі?

— Адзначаю іх сабе. Напрыклад, сёлета прайшла бадай што нікім незаўважаная круглая дата ў Юльяна Дрэйзіна, музыказнаўцы 20 — 30-х гадоў. А гэта быў велічэзны інтэлектуал, выкладаў у Мінску, Магілёве. У яго кнізе “Музыка і рэвалюцыя” ўжо было напісана пра будучую электронную музыку! А яшчэ, уявіце, ён падрыхтаваў таўшчэзныя сшыткі перакладаў усіх знакамітых арый на беларускую мову, хоць зараз бяры і спявай.

Мне вельмі цікава ў сваёй праграме “Кракатук” разбірацца з беларускай дыскаграфіяй 30-х гадоў мінулага стагоддзя. У тыя ж часы запісвалася і выдавалася вельмі шмат беларускай музыкі! Я стасуюся з калекцыянерамі, звяртаўся, напрыклад, да Уладзіміра Берберава з гурта “Ліцьвіны”, які збірае патэфонныя кружэлкі. Тады дзяржава паставіла на паток запісы самых розных калектываў — і акадэмічных, і народных, асабліва тых, што перамагалі на мастацкіх алімпіядах. Многае дагэтуль не знойдзена, не апісана. Беларуская дыскаграфія — гэта ж і тое, што выдавалася ў Заходняй Беларусі, і запісы яшчэ імператарскіх оперных спевакоў, і шмат чаго яшчэ.

Ці быў беларускі джаз да Эдзі Рознера

— Але галоўнае для вас зараз — джаз, наколькі я ведаю…

— Пасля некалькіх гадоў падрыхтоўкі я практычна гатовы пачаць цыкл пра перадгісторыю беларускага джаза — то-бок ад пачатку 20-га стагоддзя да 40-га года, калі з’явіўся Дзяржаўны джаз-аркестр БССР. У нас нямала напісана пра Эдзі Рознера, які лічыцца “стваральнікам і пачынальнікам”, але калі ўвайсці ў дэталі, то і да яго, і акром яго былі сузаснавальнікі.

— Джаз у Беларусі на пачатку 20-га стагоддзя? Нават не ўяўляю, што гэта магло б быць…

— Напрыклад, рознымі шляхамі да нас трапілі, а потым аселі ў беларускім фальклоры такія амерыканскія танцы як кейкуок ці тустэп, яны займелі беларускія назвы — кшталту “Лысы” — і лічацца традыцыйнымі. А гэта такія зачаткі джаза, блізкія да рэгтайма. Напрыклад, у тыя гады беларусы па паходжанні і людзі, народжаныя на Беларусі, пачыналі ўжо рабіць нешта перадджазавае, той жа Стравінскі ці Вернан Дзюк — Уладзімір Дукельскі. Нашы землякі стваралі музыку і ў Заходняй Беларусі, многія зрабілі кар’еру на даваеннай польскай эстрадзе — Зігмунд Левандоўскі, аўтар танга “Тамара” ці Зігмунд Беластоцкі, аўтар многіх шлягераў, што нашыя вясковыя музыканты дагэтуль выконваюць. І гэтак далей.

Датычна БССР яшчэ зусім нядаўна я меў толькі дзве згадкі з тагачаснай прэсы пра джаз. А калі праштудзіраваў газеты “Рабочий” і “Советская Белоруссия” 30-х гадоў, то знайшоў проста незлічоную колькасць калектываў, якія самі сябе называлі джаз-бандамі альбо джаз-аркестрамі. Іншая справа, цяпер і не даведаешся, што на самай справе яны ігралі.

Але ж вядома, што ўраджэнец Віцебска Марк Фрадкін у Мінску ў Політэхнічным інстытуце напрыканцы 30-х гадоў кіраваў джаз-аркестрам, і гэты аркестр перамагаў у тых самых алімпіядах. Ці Міхаіл Штэйнман рэгулярна іграў танцы менавіта з джаз-аркестрам у кінатэатры “Пралетарый”. Нават у вёсках быў джаз! Напрыклад, джаз-аркестр з 20-ці чалавек у сельсавеце Новая Мётча пад Барысавам, джаз-аркестр у свінакомплексе “Дзяржынск”, джазавыя калектывы ў вайсковых частках, у танкістаў і гэтак далей…

— Ці збіраецеся вы ўсё гэта афармляць у кнігі, ці хаця б у артыкулы?

— Сапраўды, мне неаднойчы гэта раілі. Але толькі пісаць пра музыку і не паказваць самі творы мне здаецца недастаткова інфарматыўным. Тым больш, што ўсё гэта застаецца ў інтэрнэце ў выглядзе падкастаў. Я сябе даследчыкам-навукоўцам не называю і раблю гэта ўсё не па загадзе, не для галачкі, а проста таму, што мне самому гэта цікава — я такім чынам самаадукоўваюся. То-бок, я нешта дазнаўся і дзялюся гэтым з людзьмі. І вельмі рады, што тое-сёе потым мае розгалас, бо гэта значыць, што справа рухаецца, і нейкія белыя плямы закрываюцца.

Фота Марыны Верабей