Фані, Клара, Ірына — тры кіты архіва купалаўцаў

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

У 1920-м годзе мінскія афішы стракаталі запрашэннем на надзвычайную падзею: 14-га верасня мусіла адбыцца ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра. У той аўторак амаль 100 гадоў таму, выступалі беларуская, руская і яўрэйская трупы тэатра, а таксама хор і сімфанічны аркестр. З той імпрэзы пачалася гісторыя выдатнага калектыву, які сёння мы ведаем, як Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/761/16460/pages-7-S.jpg

Учытацца ў лічбавую копію знакавай афішы можна ў купалаўскім архіве. У невялічкім памяшканні па тэчках раскладзены старыя фотаздымкі, газетныя выразкі, рэцэнзіі на ўсе гучныя прэм’еры, інтэрв’ю з купалаўцамі. Шмат матэрыялу алічбавана і захоўваецца на вынасных жорсткіх дысках. Самыя старыя дакументы датуюцца 1920-мі гадамі.

— Падчас апошняй рэканструкцыі нам у рукі трапілі цікавыя гістарычныя матэрыялы больш сталага веку. Працоўныя знайшлі на гарышчы тэатра, агітацыйныя паперы і ўваходныя квіткі на I Усебеларускі сход, — прыгадала загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Вольга Бабкова. — Тая лёсавызначальная для нашай краіны падзея адбывалася акурат у нашым тэатры. У глядзельнай зале сабралася больш за 1700 чалавек, у розных кутках спявалі хто “Марсельезу”, хто песню слуцкіх паўстанцаў “Ад веку мы спалі”. Знойдзены скрутак дакументаў з таго сходу перадалі ў Таварыства беларускай мовы.

У купалаўскім жа архіве захоўваюцца дакументы, якія звязаныя ўласна з гісторыяй тэатра.

— Праўда, сённяшні архіў не параўнаць з тым, які быў тут напрыканцы мінулага стагоддзя, — гаворыць загадчык тэатральнага архіва Ірына Сцяклова. — Яго пачынала збіраць легендарная Фані Алер, якая з 1938-га па 1946-ты працавала дырэктарам БДТ-1.

Напачатку 1970-х Фані Яфімаўна вярнулася ў Купалаўскі менавіта для таго, каб стварыць музей. На той час пад рарытэты выдаткавалі памяшканне, куды маглі заглядваць і акцёры, і гледачы. Рупліва сабраныя дакументы адлюстроўвалі не толькі гісторыю тэатра, але і эпоху, якая маланкава змянялася за сценамі тэатра.

— Аднак адзін з чарговых дырэктараў вырашыў, што стосы праграмак, фотаздымкаў і асабістых прадметаў знакамітых артыстаў тэатра не патрэбныя. Патрабаваў пазбавіцца ад “залішніх папер” любым спосабам, хоць вынесці на сметнік, — смуткуе спадарыня Ірына. — Тады загадчыкам архіва працавала спадчынніца Фані Алер Клара Мізгайла. Яна зрабіла максімальна магчымае, каб выратаваць гістарычныя каштоўнасці: велізарную частку эскізаў, фотаздымкаў, рэжысёрскіх эксплікацый аддала ў Музей гісторыі тэатральнай і музыкальнай культуры, шматлікія дакументы — у архіў-музей літаратуры і мастацтва. Калі ж наступнае кіраўніцтва схапілася за галаву, калі зразумела, што мы страцілі, то Клара Леанідаўна вярнула ва ўжытак трэцюю — невымерна малую — частку, якую некалі пакінула ў сваім кабінеце. Сённяшняе захоўванне базіруецца менавіта на гэтых дакументах.

Як дбайна падбіраліся на працягу дзесяцігоддзяў унікальныя матэрыялы, так жа далікатна вынаходзіліся рукі, у якія той каштоўны архіў перадаваўся. Клара Леанідаўна не сыходзіла са сваёй службы да 84-х гадоў, бо ўсё не магла знайсці, каму даверыць сваю справу. З палёгкай зачыніла купалаўскія дзверы толькі тады, калі ў літчастку тэатра прыйшла на працу Ірына Сцяклова.

— Калі я запытала Клару Леанідаўну, чаму менавіта мне яна вырашыла аддаць стосы дакументаў, тая распавяла сваю колішнюю гісторыю. Калісьці Мізгайла, скончыўшы артыстычную кар’еру, шукала сабе новую работу. Раз-пораз заходзіла ў купалаўскі музей, дзе аднойчы разгаварылася з жанчынай, якая, як высветлілася пасля, з’яўлялася яго захавальніцай. У нейкі момант Фані Алер прапанавала суразмоўніцы замяніць яе, дадаўшы, што пераемніцу сімвалічна клічуць так, як і яе дачку, Кларай. Дык вось дачка Клары Леанідаўны носіць імя Ірына. Такі лёс, — усміхаецца сённяшні загадчык тэатральнага архіва.

Дзякуючы гэтым тром жанчынам мы можам сёння пабачыць, як на працягу стагоддзя змянялася жыццё вядучага тэатра краіны.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"