Нараджаецца ў сэрцы

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Паводле выслоўя, якое прыпісваюць Станіслаўскаму, тэатр пачынаецца з вешалкі. Гэта значыць — з першага кроку ва ўласна тэатральнай прасторы. Крыху паездзіўшы па Беларусі з мэтай асвятлення культурніцкіх мерапрыемстваў, магу дадаць да слоў класіка, што фэст пачынаецца з дарогі, якая вядзе да месца, дзе ён адбываецца.

/i/content/pi/cult/761/16454/pages-2-3-copy-2-S.jpgНа шчасце дарога на Слонім выдатная. Я не стаў скарыстоўваць магчымасць ехаць 1 верасня на Дзень беларускага пісьменства на службовым аўтобусе. Выправіліся з жонкай на сваім самаходзе. Сябры параілі абраць Брэсцкую трасу. Якасць дарогі на ёй дазваляе разганяцца да 120 кіламетраў. За Баранавічамі паворот на Слонім. Дабраліся крыху болей чым за дзве гадзіны. Нават стаміцца не паспелі. На ўездзе ў Слонім супрацоўнікі ДАІ параілі як праехаць у цэнтр горада і дзе прыпаркавацца. Паспелі якраз на адкрыццё помніка Льву Сапегу. Вакол бронзавай постаці віраваў натоўп, ладзіліся сэлфі і фотасесіі на фоне помніка.

Першае ўражанне: свята атрымалася. Горад невялікі, і ўсё, што ёсць у ім цікавага, знаходзіцца ў крокавай і нават візуальнай даступнасці. Стоячы на Цэнтральнай плошчы, дзе знаходзяцца ўстановы ўлады, цэнтральная сцэна свята і выставачныя павільёны Фестывалю кнігі і прэсы, сягаеш вокам аж да плошчы Леніна, дзе паўстаў помнік Льву Сапегу, і дзе разгорнуты святочны кірмаш. Вуліца, што злучае дзве плошчы, у святочныя дні была пешаходнай. На той частцы вуліцы, што ў звычайныя дні праезджая, стаялі столікі і крэслы, зараблялі грошы і стваралі гастранамічны камфорт людзям прадпрыемствы грамадскага харчавання. Тут жа можна было набыць прысмакі, якімі здаўна слаўная Гродзеншчына. Вуліца ў гэтыя дні была гандлёва-гастранімічнай, але ў адрозненне ад іншых гарадоў, дзе я прысутнічаў на рознага кшталту буйных фэстах, гасцям свята не трэба было рабіць выбар: есці шашлыкі ці слухаць народных музыкаў. Мастацтва і гандль не разносілі ў розныя бакі на немалой адлегласці, але сумяшчалі ў аднай прасторы. На тратуары на ўсім працягу вуліцы выступалі фальклорныя ансамблі. Так што людзі, нават прысеўшы адпачнуць і падсілкавацца, ні на хвіліну не выходзілі з эмацыйнага кантэксту свята. У дадзеным выпадку арганізатары вельмі разумна скарысталі структуру горада, якая дазваляе спалучыць розныя чыннікі свята, так бы мовіць, “у адным флаконе”.

Вельмі спадабаўся дэмакратычны настрой Дня беларускага пісьменства. Так на адной са сцэнаў кожны жадаючы мог спець у мікрафон сваю любімую песню. Зразумела, што вакальныя здольнасці Бог дае не ўсім, але ж публіка вітала апладысментамі ўсіх. Мабыць, за смеласць…

Запомнілася такая сцэна. Самадзейны артыст у беларускай кашулі спявае шлягер савецкіх часоў, дагэтуль папулярны. З натоўпу публікі выходзіць мужчына сярэдніх гадоў, якога песня, відаць, расчуліла, становіцца побач з артыстам і пачынае падпяваць. Артыст абдымае яго за плечы, дзеліцца з ім мікрафонам, і далей яны спяваюць дуэтам. Публіцы, сярод якой былі і мы, такая непасрэднасць спадабалася.

Гэты фэст па ліку дваццаць пяты. За час ад першага святкавання Дзень беларускага пісьменства прайшоў па ўсіх рэгіёнах краіны, ахапіў мноства мясцін, звязаных з выбітнымі літаратурнымі постацямі і помнікамі нашай літаратуры. Склалася рэжысура свята, акрэсліўся ягоны фармат. Так на Днях пісьменства звыкла разгортваюцца экспазіцыі беларускіх кніг і прэсы. Па Днях вандруюць выставы друкарскіх прылад часоў Францыска Скарыны. Прэзентуюцца праекты, што прапагандуюць кнігу як цывілізацыйную каштоўнасць і чытанне як культурную з’яву. Ладзяцца выставы па тэматыцы, наўпрост ці ўскосна звязаныя з беларускім словам, з нашай культурнай і палітычнай гісторыяй. Адбываюцца сустрэчы з літаратарамі, круглыя сталы і навукова-практычныя канферэнцыі. Сталічныя музеі прывозяць рарытэты, некаторыя з якіх нячаста бачаць і мінчукі. Канцэрт на адкрыцці, канцэрт на закрыцці, феерверк. Усё гэта было і ў Слоніме.

Акрамя таго замацоўваецца традыцыя менавіта на Дне беларускага пісьменства ўшаноўваць лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Гэтым разам Слонім вітаў аўтара лепшага паэтычнага зборніка Мікалая Маляўку, празаіка Алега Ждана, публіцыста Віктара Хурсіка, аўтара лепшага твора для дзяцей Уладзіміра Ягоўдзіка, літаратуразнаўцу Cвятлану Калядка. Як лепшы дэбютант адзначана Станіслава Умец.

Падрабязна ўсё пералічваць няма патрэбы, бо цікаўныя мелі магчымасць пабачыць гэта ў праграмах нацыянальнага тэлебачання і прачытаць у прэсе ў час і адразу пасля Дня. Але, мяркую, варта адзначыць адну акалічнасць, характэрную менавіта для сёлетняга свята. Рэч у тым, што калі на невялікі горад з уласцівым яму павольным рытмам жыцця, з глыбока ўкаранёнымі ў свядомасць жыхароў традыцыямі і побытам, звычкамі, звальваецца сталічны культурніцкі дэсант у выглядзе літаратараў, артыстаў, музейшчыкаў, дык мінскі чыннік альбо пачынае пераважаць над мясцовым, альбо ў пэўных праявах успрымаецца не тое каб чужародным, але не надта сумяшчальным з тутэйшымі рэаліямі. Так бывае…

Дык вось у Слоніме я адчуваў сябе як … у Слоніме. Горад жыў сваім жыццём, святкаваў як яму зразумела і звыкла, а мінскі люд не вылучаўся са святочнага шэрагу сваёй сталічнасцю, але надаваў у эмацыйнае суквецце горада дадатковыя — але не дамінуючыя — фарбы. Тлумачыць ментальнасць і настраёвасць — справа няўдзячная. Я толькі распавядаю пра свае пачуцці.

Гэты Дзень пісьменства для мяне знак, што ў Беларусі няма глыбінкі, няма правінцыі. Ад сталіцы да Слоніма пракладзена дарога, што зрабіла бы гонар якой заўгодна еўрапейскай краіне. У Дзень пісьменства ў горадзе паўстаў помнік палітычнаму генію беларускай нацыі. Такога помніка нават у сталіцы няма. А само свята хоць і мела нацыянальны маштаб, засталося свойскім і мясцовым.

І яшчэ, з кожным такім святам у ягоным фармаце ўсё больш пазіцый заваёўвае беларуская мова. Гэта пры тым, што нікога не прымушаюць карыстацца менавіта ею. Але сам лад беларускага свята спрыяе таму, што ягоныя ўдзельнікі і госці імкнуцца адпавядаць настрою Дня пісьменства, выказваць павагу да беларускага слова.

Каля будынка райвыканкама я звярнуў увагу на чараду лімузінаў са сцяжкамі замежных амбасадаў. Гэта значыць, што для замежных дыпламатаў Дзень беларускага пісьменства стаў важным чыннікам спасціжэння Беларусі, разумення таго, чым жыве, на чым стаіць наша дзяржава. Я мяркую, што на такіх святах замежнікі знаходзяць рысы, якія яднаюць нас з іншымі народамі.

Я вось у Слоніме па асацыяцыі згадаў летнюю вандроўку на Сіцылію і прыбярэжнае паселішча Летаяні, дзе бачыў шэсце мясцовага самадзейнага аркестра на свяце, прысвечанае шанаванаму тут святому. Да шэсця паступова прыстроілася бадай усё насельніцтва гарадка, не занятае на гэты момант пільнымі справамі. Той жа дух, той жа настрой, тое пачуццё еднасці і ў Слоніме… Зрэшты, свята гэта не толькі эфектныя відовішча і добра наладжаны гандль. Гэта найперш людзі, настроеныя на свята, на станоўчыя эмоцыі. Свята нараджаецца ў сэрцы і толькі потым выплёскваецца на вуліцы.

Мінск — Слонім — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"