Сэлфі з варэнікам

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

На Дзятлаўшчыне вёску Міроўшчыну называюць вёскай вырэнікаў. Сёння ўжо ніхто не скажа, чаму паселішча стала сталіцай такой адмысловай стравы. Так склалася гістарычна. Дзесьці вада ў студнях надзвычай смачная, дзесьці грушы ў прысадах самыя салодкія, дзесьці пчолы на пасеках на дзіва разумныя. А Міроўшчына спрадвек славіцца адборным пульхным варэнікам, слава пра які сягае далёка-далёка. Ну як не выкарыстаць такую адметнасць для таго, каб падвысіць вясковы імідж незвычайнай творчай акцыяй?

/i/content/pi/cult/760/16440/pages-10-11-copy-2-S.jpgМясцовыя работнікі культуры выкарыстоўваюць брэндавую акалічнасць спаўна. Днямі свята адпаведнае правялі. Нават песню адшукалі пра варэнікі са смятанай. Адшукалі і выканалі з імпэтам… Мая маці гатавала варэнікі толькі ўлетку і толькі з чарніцамі. Тут галоўнае, каб ягадным сокам не абпырскацца. І ўсё лета я хадзіў з чорнымі зубамі… І ў Міроўшчыне, напэўна, на сталы таксама ставілі і варэнікі з чарніцай. Дэгустацыя страў стала цвіком праграмы. А ладзіліся яшчэ і конкурсы. Пляцоўка раённага савета ветэранаў была прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўражвала фантазіяй: лік 75 быў выкладзены… варэнікамі. Можна было сфатаграфавацца з гэтай стравай. І ўвогуле вёска ў той дзень нагадвала вялізны апетытны варэнік.

Аграгарадок Жукоўшчына гэтага ж Дзятлаўскага раёна справіў дажынкі, адначасова — і свята яблык. Усё адбывалася ў рамках раённага сельскагаспадарчага праекта “Дбайных людзей славім — весела час бавім”.

Яблычны фэст прайшоў і ў аграгарадку Кашалёва. Дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская напісала, што гасцей на мерапрыемстве частавалі яблычным пірагом.

Вікторыя Касцюк з аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці паведаміла “К”: “Аграгарадок Аюцавічы правёў фестываль кветак Colurs. Вёска літаральна патанула ў духмяных букетах. Мерапрыемства ладзіцца другі год запар і пастаянна збірае шмат аматараў вяргінь, лілій, гладыёлусаў, астраў… Як зазначыла інспектар Мірскага сельсавета Таццяна Скок, чалавеку для шчасця патрэбна няшмат: неба, сонца і кветкі. Лепшую кампазіцыю з колераў і пахаў склала Анжаліка Шастак”.

Чарговае свята называлася “Іўеўскі памідор”. Як вядома, расказы пра яго вельмі ўразілі Кіраўніка краіны, які захацеў на ўласныя вочы паглядзець на гэтае нешараговае мерапрыемства ў наступным годзе. Сёлета свята адбывалася на беразе гарадской сажалкі. Тут зрабілі і памідорны бутэрброд даўжынёй у пяць метраў. Паласавацца хапіла ўсім ахвотным.

Пра брэндавыя мерапрыемствы работнікаў культуры раёна вяла гаворку дырэктар Смаргонскага цэнтра культуры Галіна Крацянок. Свята Кушлянская талака славіцца конкурсамі: жаночым (хто лепш прадэфіліруе з двума вёдрамі) і мужчынскім (хто звяжа лепшы венік для лазні). Трэці год запар у Сінькоўскім Доме культуры ладзіцца свята жывата. Сваім кухарскім досведам дзеляцца мясцовыя гаспадыні. Толькі тут можна пакаштаваць страву “Бульбяная свіння”. А ў вёсцы Вялейкавічы ўжо ў другі раз арганізавалі акцыю “Вялейкавіцкі баравік”. Галоўныя героі свята — грыбы. Яны прысутнічалі ў стравах, тэатралізаваных дзеях, песнях і гульнях.

Супрацоўнікі Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы сустрэліся з земляком, пісьменнікам, артыстам і рэжысёрам Барысам Лагодам. Навуковы супрацоўнік установы Мікалай Пацэнка распавядае: “Жыве Барыс Барысавіч у Рэспубліцы Комі, служыць галоўным рэжысёрам у Сыктыўкарскім драматычным тэатры. А ў свой час ён працаваў у Гродзенскім драмтэатры, друкаваў свае вершы ў “Маладосці”, быў галоўным рэжысёрам тэатра Музкамедыі ў Мінску... Госць расказаў пра сваю творчасць, пра планы, падарыў афішы спектакляў, фотаздымкі і буклеты”.

Аляксей Мартынаў (1904 — 1999) — краязнаўца, ганаровы грамадзянін Кобрына, першы загадчык Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. У гісторыка-краязнаўчым цэнтры гэтай установы сфарміравана папка інфармацыйна-бібліяграфічных выданняў на аснове публікацый Аляксея Міхайлавіча “У адной фігуры — цэлая эпоха”. Да 115-годдзя з дня нараджэння Мартынава ў райбібліятэцы дзейнічае выстава “Асоба ў гісторыі малой радзімы”. Дарэчы, бібліятэка сёлета адзначае 80-годдзе з дня заснавання. Пра гэта напісала галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Курачук.

Майстры-керамісты з розных куткоў Беларусі прыехалі на фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва”. Пераможцам фестывальных конкурсаў стаў глінамес Уладзімір Матораў з Вілейкі.

У аграгарадку Нарач у касцёле Святога Андрэя Апостала адкрылася памятная дошка ў гонар Марыі Качыньскай. Эканаміст, грамадскі дзеяч, жонка 8-га прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага нарадзілася ў 1942 годзе на Мядзельшчыне, у 2010 годзе загінула ў авіякатастрофе пад Смаленскам.

Малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Наталля Білімава паведаміла, што рамеснікі ўстановы прынялі ўдзел у Ягелонскім кірмашы ў польскім Любліне. Кірмаш быў арганізаваны ў 13 раз. Ганцавіччыну годна прадставілі ткачыхі Алена Цялушка і Ульяна Віннік.

Метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Давідовіч распавяла пра гульнявую праграму “Да пабачэння, лета!” для дзяцей інтэрната № 15 “Белшыны”.

Нізка бібліятэчных навін. Загадчык аддзела маркетынгу і работы з фондам Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага Алена Огер піша пра рэалізацыю абласнога і раённага праектаў, скіраваных на сістэмную работу з людзьмі сталага ўзросту. Іх аматарскае аб’яднанне ў Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы называецца “Ладачкі”. Днямі тут прайшла рэтра-вечарына “Калі мы былі маладымі…” Гучалі любімыя песні, не абышлося, натуральна, і без танцаў. А супрацоўнікі Алекшыцкай сельскай бібліятэкі сумесна з чытачамі і клубнікамі наведалі аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых і адзінокіх, дзе правялі бібліятэчную “дэгустацыю” “Сёння свята ў нас, Яблычна-Мядовы Спас”.

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання райбібліятэкі імя Цёткі са Шчучына Ірына Гудач распавяла пра ўрок-вернісаж “Таленты роднага краю”. На ім былі прэзентаваны мясцовыя вязанне і шыццё, кулінарыя і вышыўка…

Літаратурны клуб “Паэтычны Кобрын” пачаў дзейнічаць пры мясцовай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Пра гэта напісала бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Ефціфеева.

У Астрынскай гарпасялковай бібліятэцы Шчучынскага раёна, піша супрацоўнік установы Ганна Сцяпанчанка, язычніцкія персанажы Лясун і Пачвара выкралі сімвалы народных святаў. Юныя чытачы адправіліся на пошукі скрадзенага. Натуральна, святы былі выратаваны.

Намеснік дырэктара Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Ірына Ігнатовіч напісала пра тое, як бібліятэкі вобласці рыхтаваліся да Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. Да прыкладу, раённая ўстанова імя Якуба Коласа запрасіла на Коласаўскія чытанні. У праграму ўключана прэзентацыя выдання доктара філалагічных навук Алеся Бельскага “Чалавек з сонечнаю ўсмешкай: кніга пра Алега Лойку”. 1 верасня ўдзельнікі і госці рэспубліканскага свята пазнаёмяцца з калекцыямі самаробных кніг з фондаў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага. Пляцоўка Свіслаччыны будзе прысвечана Белавежскай пушчы, Гродзенскі раён распавядзе пра Аўгустоўскі канал, Зэльвенскі — пра Ганненскі кірмаш, мастаўчане прадэманструюць, як “Кнігі будуюць МАСТЫ”, у літаратурнай кавярні прэзентуюцца экспанаты з музеяў Чэслава Немана і Алаізы Пашкевіч са Шчучыншчыны, а на пляцоўцы Іўеўскай раённай бібліятэкі гаспадарыць будуць прадстаўнікі чатырох нацыянальнасцяў — беларускай, польскай, яўрэйскай і татарскай, якія пражываюць у раёне.

У Навагрудскую райбібліятэку завіталі маленькія вучні Шчорсаўскай школы. Ім была прапанавана гульня-вандроўка “Навагрудскай сцяжынкай”. Асаблівую цікавасць у вандроўнікаў выклікаў макет Навагрудскай ратушы, будынак якой, на вялікі жаль, не захаваўся. Пра гэта паведаміла бібліёграф установы Святлана Чубрык.

Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"