Адзін з першых выпускнікоў
— Ілья Львовіч, вы вучыліся ў нашых тэатральных легенд — у таго ж Дзмітрыя Арлова…
— Так. Паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут адразу пасля вайны, калі ён толькі ўтварыўся, — у 1945 годзе. Лічыце, адзін з першых яго выпускнікоў. Педагогі — неверагодныя, фантастычныя! Гэта быў яшчэ той склад: Арлоў, Міровіч, мама мія! Бацькі і яны мяне сфарміравалі. Ды яшчэ, вядома, сам час… Памятаю, першыя пасляваенныя дні, калі вярнуўся ў Мінск з Самарканда, дзе мы жылі з мамай і братамі ў эвакуацыі. Наш дом разбамбілі яшчэ ў самым пачатку вайны — прытулку аніякага. Куды пайсці? Куды падацца? Дзве ночы правёў на вакзале: рабіў выгляд, што чакаю цягнік... Спаў на лаўцы ў скверы ля Купалаўскага тэатра. Нарадзілася нават думка заначаваць у танку: ля Дома афіцэраў утварылася такая плошча ажно да Савецкай вуліцы, і на ёй — выстаўка нямецкіх трафейных рэчаў. Акурат на месцы нашага былога дома — танк стаіць. Я і падумаў: а мо залезці ў яго? Там жа сядзець і, адпаведна, спаць можна? Але пашанцавала: сустрэў нечакана на наступны дзень у Мінску свайго бацьку. Уяўляеце сабе! Вось так ішоў па вуліцы Карла Маркса — а ён мне насустрач. Жывы! Яго толькі-толькі дэмабілізавалі. Колькі было радасці! Высветлілася, што за гэты час ён ужо і працу знайшоў, і жыллё ў яго мелася. Адвёў ён мяне ў інтэрнат, усё паказаў. Спалі з ім удвух на адной койцы. Але ж гэта дом! Родны чалавек побач! А потым ужо сілы паступаць знайшліся. І паступіў. Вось так распачыналася мая вучоба.
< ... >
Радыё
— А як вы пачуваліся на Беларускім радыё? Якая атмасфера там панавала?
— Там было ўтульна, я сказаў бы. Працавалі цікавыя і моцныя журналісты. Не ўсе, але агульны ўзровень быў высокім. Наша дыктарская група складалася з чалавек дваццаці. На ранішнюю змену (толькі на яе, вядома ж), якая пачыналася а шостай, прыязджала забіраць машына. Людзі кантактавалі паміж сабой, нават калі працавалі ў розных аддзелах. Не магу паскардзіцца: было ў каго павучыцца, з кім сябраваць. Але сама праца была цяжкай. Такі прыклад прывяду. Прыносяць мне неяк чытаць чарговыя паперчыны: да 70-годдзя Сталіна, здаецца, прамова кшталту “Сталін і армія”. На гэтай паперы стаяць усе штампы, подпісы цэнзара, але пачынаю чытаць, а там чорным па-белым напісана: “Сталін — прычына бяздольнасці савецкай арміі”. Не “баяздольнасці”, а “бяздольнасці”. Літару “а” прапусцілі. Столькі подпісаў — і ніхто тую памылку не заўважыў. Калі я прачытаў бы, як там напісана, немаведама што адбылося б. Працавалі вось у такім напружанні, шмат прамых эфіраў, трансляцый.
< ... >
Сіла падтэксту
— А ці дазвалялася савецкім дыктарам пэўная ступень імправізацыі?
— Тое, што называецца, падтэкст… Чытаеш літара ў літару, не прычапіцца, а тэкст гучыць інакш.
Памятаю, як Аркадзь Куляшоў пасля праграмы патэлефанаваў у літаратурную рэдакцыю і сказаў: “А я і не ведаў, што такія добрыя вершы склаў!” Вось ён — падтэкст, яго сіла. І мне сёння не хапае гэтага разумення, працы з тэкстам у некаторых сучасных журналістаў. Слухаеш іншы раз — і ўсведамляеш: чалавек усяго толькі прамаўляе тэкст, распавядае пра факт здарэння, але ж няма ніякай думкі! Не выяўлены свае чалавечыя адносіны да зместу.
< ... >
Куды знікла прыгажосць мовы?
— Ілля Львовіч, сёння радыёжурналістыка змянілася. Раней быў дыктар, а зараз — вядучы навінаў, вядучы музычных праграм…
— Вось у тым і справа, што я не заўжды разумею, куды вядуць тыя вядучыя. Некаторыя з іх не валодаюць спецыфікай і тонкасцямі вуснай мовы. І гэта, на жаль, становіцца нормай...
Культура прафесіі сыходзіць. У людзей знікае разуменне нормы — і яны пачынаюць той дэфект успрымаць як належнае. А дзе тая прыгажосць мовы, якая ў ёй ёсць?
— Ведаем, што рэжысёр Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін запрашаў вас ставіць маўленне ў прэм’ернай “Чайцы”...
— Сапраўды, запрашалі. І я, увогуле, працаваў і там, і ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі кансультантам па сцэнічнай мове. І сёння існуе такая практыка: акцёры тэлефануюць ды пытаюцца, як вымаўляць тое або іншае слова. У Купалаўскім, сапраўды, яшчэ застаўся пэўны ўзровень культуры маўлення. Але я памятаю, разам з тым, яшчэ тых купалаўцаў — Глебаў, Платонаў. Вось гэта было дзіва дзіўнае! А сёння бывае і такое, што я кажу маладым артыстам на рэпетыцыі: “Хлопцы, а як ваш тэатр называецца? Нацыянальны акадэмічны? Памятаеце пра тое?” Калі казаць пра ўзровень валодання беларускай мовай, то становішча, вядома, не радуе. У Акадэмію мастацтваў прыходзілі маладыя людзі, якія, нібыта, з-за мяжы прыехалі. Мовы не ведаюць. Некаторыя кажуць: “Нам настаўніца казала, што “як пішацца, так і гаворыцца”. І лупяць абы што: сумесь французскага з ніжагародскім. А, да прыкладу, тое ж слова “смяешся” ў нас гаворыцца зусім не так як пішацца, а “сьмяесься”.
< ... >
у тэатры
— Вы разам з Андрэем Калядой з’яўляецеся аўтарам трохтомнай хрэстаматыі па сцэнічнай мове. Прызнайцеся, напісалі яе, ужо зусім страціўшы надзею на новае пакаленне?
— Тут — іншае. Студэнты звычайна проста не могуць знайсці матэрыял для працы. Таму я палічыў вартым напісаць гэту работу. Бо моладзь — яна ж амаль не чытае беларускія кнігі.
— А ўвогуле моладзь зараз чытае?
— У Акадэміі — чытае. Бо без чытання ў акцёрскай прафесіі няма чаго рабіць. Для таго, каб выбраць верш, студэнту неабходна прачытаць творы многіх аўтараў. З гэтай вялізнай колькасці абраць свой і вывучыць. Але мая заклапочанасць узроўнем беларускай сцэнічнай мовы ды мовы ўвогуле выклікана тым, што няма да яе піетэту. Не ва ўсіх, праўда. Але праблема — існуе.
< ... >
Пра родных студэнтаў
— А вам, Ілья Львовіч, дарэчы, радыёслухачы пісалі?
— Так. Былі такія водгукі: мы вас слухаем і хочам размаўляць так, як вы. Ды і мае студэнты на занятках часам скардзіліся: “Мы баімся з вамі размаўляць”. “Ну, давайце, — адказваю, — тады будзем маўчаць разам і вось так вучыцца”. Але потым паступова стасункі наладжваюцца, я ім дапамагаю, і студэнты пачынаюць штосьці рабіць. Колькі і кружэлак з маімі запісамі ёсць, праўда, расцягалі ўсё. З іншага боку, даеш паслухаць — і яны паступова ўцягваюцца. Адзін запіс, другі… І яны ўжо пачынаюць вучыцца, ім ужо, здаецца, і цікава робіцца. Таму і кружэлак тых не шкада…
< ... >
Паспеў!
— Сябравалі вы і з вашым вядомым калегам — Юрыем Левітанам…
— 1968 год. У Маскве праходзіла канферэнцыя кіраўнікоў замежных камуністычных партый. І іх запрасілі ў Мінск на ганаровае пасяджэнне. У той час у нас гасцяваў Юрый Барысавіч, і я дамовіўся, каб ён падмяніў мяне падчас трансляцыі, прачытаўшы ўступную прамову: напярэдадні я атрымаў званне заслужанага артыста БССР і адсвяткаваў гэту справу. Стэлефанаваліся з Масквой, дамовіліся. Пераклалі тэкст на рускую мову. Часовы пропуск Левітану выпісалі, аніякіх перашкод, здаецца, не ўзнікла. Але было вырашана, што я ўсё ж такі буду суправаджаць Левітана на сход. Прыйшлі ў Палац спорту, пасяджэнне ладзілася там. І тут да Юрыя Барысавіча кідаецца вядомы маскоўскі каментатар па інтэрв’ю. Добра, адпусцілі на паўгадзінкі.
І вось тут пачаліся прыгоды. Юрый Барысавіч — ЮрБор, як я яго называў — даў інтэрв’ю і паспрабаваў дайсці да нашай студыі. А ў Палацы паставілі ахову, якая, як ёй і належыла, нікога не пускала. “Ніякіх хаджэнняў”, — гавораць ахоўнікі, і ўсё тут. І Левітан, знаходзячыся ад нас літаральна ў некалькіх дзясятках метраў, праз залу, не можа прарвацца праз гэты кардон. Не пускаюць. Чаго ён толькі не рабіў: паказваў той часовы пропуск, казаў, што ў яго трансляцыя, казаў, што ён Левітан. Але ўсё дарэмна! Мы ж у гэты час месца сабе не знаходзім. Адчуваем: трэба штосьці вырашаць. Наш рэдактар і кажа: “Ну ўсё, Ілья, ты будзеш чытаць”. Тут высветлілася, што і тэксту няма — ён жа ў Левітана застаўся! І вось якімсьці цудам у аднаго з маіх калег знайшоўся нейкі пакамечаны варыянт, лічы, чарнавы. Працягваюць яго мне і заклінаюць: “Чытай!” “Хлопцы, — кажу, — а павязуць жа мяне аднаго, калі што. Хацелася б усё ж такі, каб у кампаніі”. Жарты жартамі, а дзеячы кампартый рассаджваюцца… Вось ужо і Машэраў падыходзіць да свайго месца. Як толькі прамаўляю яго прозвішча, усе рэгаліі, ён пачынае выступаць: “Таварышы!..” Паспеў! Але тое, што мы там перажылі, — не перадаць словамі. Я потым пэўны час ад напружання нават узняцца не мог. Калі нарэшце суворыя “дзядзечкі ў гальштуках” сышлі, да нас дайшоў-такі Левітан. “Хто чытаў?”, — пытаецца. “Ілья”, — яму адказваюць. “Жартуеце? А тэкст адкуль?”. А яму працягваюць той пакамечаны варыянт. І тады ЮрБор, ён жа ўсё разумее, і сказаў: “Вам не трэба Левітан, ёсць у вас Ілья Курган”.
З серыі матэрыялаў “Рэдакцыя плюс...” (“Культура” № 41
за 2015 год)