“Містэр Не”

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава, прымеркаваная да 110-годдзя з дня нараджэння савецкага дыпламата, дзяржаўнага дзеяча, ураджэнца Беларусі Андрэя Грамыкі.

Андрэй Андрэевіч нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Цяпер гэта — Веткаўскі раён Гомельскай вобласці. У 1980-х, калі я працаваў у Веткаўскай газеце, Старыя Грамыкі налічвалі некалькі напаўразбураных хат. Усё, што было звязана з Андрэем Грамыкам, месцілася ў маленькім музейчыку Новых Грамык, якія на сёння называюцца проста Грамыкі. Дык вось, мне пашчасціла гаварыць са сваякамі знакамітага земляка. Падаецца, цётка Андрэя Андрэевіча са смехам згадвала, што быў ён у дзяцінстве кепскім пастушком: цягаў за сабой стос кніг, якімі зачытваўся, а каровы ў канюшыну прарываліся. Але толькі такім чынам хлопчык здолеў вывучыць некалькі замежных моў.

А ў Старабарысаве мне паказвалі падмурак сельгастэхнікума (побач месціўся калісьці дамок Напалеона), дзе вучыўся Андрэй Грамыка. Адукацыю ён атрымаў грунтоўную: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт народнай гаспадаркі, потым — аспірантура Акадэміі навук БССР. Пасля пераезду ў Маскву запрошаны на працу ў Народны камісарыят замежных спраў СССР. У якасці міністра замежных спраў і дыпламата займеў у свеце высокі аўтарытэт, а за жорсткі стыль вядзення перамоў заходнія калегі называлі Грамыку “Містэрам Не”. Мая школа ў Ветцы і адна з галоўных вуліц райцэнтра носяць імя Андрэя Грамыкі.

На выставе экспануюцца фотадакументы, копіі ўказаў, дамоваў і пастаноў. Шмат экспанатаў, звязаных з асабістым жыццём знакамітага савецкага дыпламата.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"