Калі падлічыць усіх беларускіх мастакоў — дыпламаваных і самавукаў, прафесіяналаў і аматараў; тых, каму мастацтва — хлеб надзённы, і тых, хто з алоўкам і аркушам, палатном і пэндзлем бавіць вольны час, дык у працэнтных адносінах да колькасці насельніцтва лічба будзе сур’ёзная. А калі з гэтага масіву вылучыць актыўных асоб, чые імёны нешта гавораць і адмыслоўцам мастацтва і паспалітым гледачам, дык высветліцца, што творцаў, здатных на крэатыў, здатных сказаць новае ці хаця б пераканаўчае слова, у краіне яшчэ і не стае. Яны вандруюць з выставы на выставу, з аднаго творчага праекта ў другі, і для гледачоў яны ўжо накшталт добрых знаёмцаў.
Вось і на гэтай выставе можна вылучыць групу аўтараў, якіх недзе ўжо нібыта бачыў. Але гаворка не пра эфект “дэжавю”, а пра ўстойлівыя стэрэатыпы, за якімі стаяць асэнсаваныя пошукі свайго почырку для свайго тэксту. Такія адмыслоўцы сярод маладых мастакоў ёсць. Згаданая акалічнасць спараджае надзею, што высокую планку ў нашым мастацтве атрымаецца захаваць, незалежна ад зменлівай моды і ваганняў кан’юктуры рынку.
Ёсць на выставе работы высокатэхналагічныя. Тут я вылучыў бы выхаванцаў кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, і выкананыя дэманстратыўна сціплымі сродкамі ў стылістыцы постмадэрнісцкага інсіту і разлічаныя на тое, каб здзівіць гледача ці то сваёй непадуладнасцю канонам прафесіяналізму, ці то арыгінальнасцю на мяжы з нахабствам — гэта як паглядзець. Зрэшты, і першае, і другое ў мастацтве мае быць. І на тое, і на другое ёсць свае заўзятары і нават фанаты. Прычым, у намінацыі “графіка” прэзентаваны не толькі традыцыйныя пяро, аловак, акварэль, розныя формы эстампа і іншае са звыклага шэрагу, але і лічбавыя калажы, фотадрук, аналагавыя здымкі. Я, шчыра кажучы, не ведаю, ці то радавацца наяўнасці новых і, што важна, даступных шырокаму колу тэхналогій і адпавядаючага ім інструментарыя — ці то бедаваць з нагоды размытасці цэхавых межаў і, адпаведна, страты некаторых крытэрыяў ацэнкі твораў.
Тэхніка большасці жывапісных твораў — алей, але сустраюцца і дзіўнаватыя вызначэнні кшталту “змяшаная тэхніка, ф’юзінг”.
Скульптура прадстаўлена сціпла. Яно і зразумела. Не кожнаму маладому мастаку па кішэні зрабіць бронзавую адліўку свайго твора, нават невялікага памеру. Прадстаўляць жа на сур’ёзны конкурс работу ў танным матэрыяле неяк няёмка. Але тое, што прадстаўлена, вартае ўвагі і дае ўяленне пра сучасныя тэндэнцыі пластыкі.
Манументальнае, манументальна-дэкаратыўнае мастацтва Беларусі, як мне падаецца, у стане калі не крызісным, дык роспачным. Міжволі з’яўляецца настальгія па буйнамаштабных праектах савецкай пары. Тое, што мы бачым на гэтай выставе, можна вызначыць як дэманстрацыю творчага патэнцыялу ў чаканні сур’ёзнай працы. А тым часам дэкаратыўна-прыкладное мастацтва паціху займае “кананічную” прастору “манументалкі”. Кераміка, дрэва, мастацкія тканіны сёння трывала атабарыліся там, дзе раней было месца для мазаікі, фрэскі, манументальнай пластыкі. Адлюстраванне гэтай тэндэнцыі і ў творах выставы.
Толькі па адным творы прадстаўлена ў намінацыях “Куратарскі праект” і “Мастацтвазнаўства і мастацкая крытыка”. Гэтак жа — і ў намінацыі “Навацыя”…
Як па мне, зыходна не варта было чакаць ад Трыенале чагосьці надзвычайнага. Праект гэты па сваёй сутнасці пілотны. Напрацаваны ў ім досвед дапаможа вызначыць актуальныя, перспектыўныя напрамкі як маладога мастацтва, так і мастацтва нашага ўвогуле. Мастакам далі магчымасць прадставіць на суд публікі і журы тое, што яны самі хочуць. А што з гэтага насамрэч актуальна ці каштоўна — вызначыць культурніцкая грамада. Уласна кажучы, дзеля гэтага Трыенале і ладзіцца.
Фота аўтара і Сяргея ЖДАНОВІЧА