У Наталлі Ташчылінай было шмат іншых, куды больш значных лічбаў. Дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, яна выкладала таксама ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры гэтай вышэйшай установе. І падрыхтавала безліч таленавітых, адораных і проста здольных музыкантаў. Адных толькі лаўрэацкіх званняў сярод яе вучняў — больш за сотню. У розныя часы ў яе вучыліся Алег Бабій, Ёсіп Сяргей, Андрэй Шычко, Ганна Гетманава і Настасся Пазднякова, якія склалі фартэпіянны дуэт. Тактоўная, далікатная і адначасова настойлівая, яна займалася з юнымі і маладымі піяністамі, як і большасць кансерваторскай прафесуры, і па раскладзе, і па-за раскладам — у свой вольны час. Яна шчыра дзялілася вопытам, набытым і ва ўласным канцэртаванні, і ў колішнія гады сваёй вучобы ў знакамітага Рыгора Шаршэўскага, па класе якога яна скончыла нашу кансерваторыю, а потым — Міхаіла Васкрасенскага, пад кіраўніцтвам якога стажыравалася ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі.
Адзначаная нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, Наталля Іванаўна мела стос грамат ды ўсялякіх узнагарод міністэрстваў, міжнародных конкурсаў ды іншых творчых устаноў не толькі Беларусі, але і Германіі, Італіі, Літвы, Латвіі, Расіі, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Эстоніі, Японіі.
З яе сольных выступленняў мне больш за ўсё запомнілася прэм’ера Канцэрта для двух фартэпіяна з аркестрам Генрыха Вагнера. Яна іграла разам са сваім мужам — народным артыстам нашай краіны Ігарам Алоўнікавым, дзеля якога ў канцы 1970-х і пераехала ў Мінск. А гэты твор, пры ўсім сваім зіхаценні і заліхвацкім бляску, далёка не просты. У ім вядомы беларускі кампазітар узгадаў сваю джазавую маладосць, праведзеную ў даваеннай Польшчы, а пасля, у гады Вялікай Айчыннай, у ансамблі Леаніда Уцёсава, дзе наш Генрых Матусавіч, да ўсяго, быў яшчэ асабістым джазавым канцэртмайстрам дачкі кіраўніка — Эдзіт Уцёсавай. У пасляваенны час, калі распаўсюдзілася фраза: “Сегодня ты играешь джаз, а завтра Родину продашь”, кампазітар пра гэта не згадваў. І толькі ў эпоху перабудовы раптам напісаў гэты Фартэпіянны канцэрт № 4, прызначаны для двух раяляў і, па сутнасці, біг-бэнда. Сапраўдны сімфаджаз! Салісты прыпаднеслі яго з усёй апантанасцю. Паміж імі было і негалоснае спаборніцтва, і неверагоднае паразуменне, і падтрымка адно аднаго — усё тое, што яднала іх і ў жыцці.
Цяпер Ігар Алоўнікаў застаўся без сваёй паловы. Аўдавелі і шматлікія выхаванцы Наталлі Ташчылінай. Але памяць пра выкладчыка і музыканта будзе жыць — не толькі ў сэрцах, але і ў зробленых ёй запісах, нотных рэдакцыях, апрацоўках, навукова-метадычных даследаваннях. Светлая памяць!