Пошукі крэатыву пад знакам аўтэнтыкі

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

Крупскі раён: платныя паслугі, адраджэнне абрадаў і знакавыя імпрэзы ў сельскай мясцовасці
Не сакрэт, што Мінская вобласць здаўна і заслужана лічыцца ўзорнай у плане культурнага абслугоўвання насельніцтва. Тым больш, што за апошні час у сферу было ўкладзена багата фінансаў, прычым, як з Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” — мінулай і цяперашняй, — так і з абласных ды раённых бюджэтаў. Узгадаю хоць бы пабудову амфітэатра ў Маладзечне, новы Палац культуры ў аграгарадку Чысць Маладзечанскага раёна, новыя Любанскую ды Мар’інагорскую школы мастацтваў… Не абышла сваёй увагай Дзяржпраграма і Крупскі раён Мінскай вобласці, у якім я пабываў першы раз яшчэ дзесяць гадоў таму.

/i/content/pi/cult/755/16347/16.JPGЭпапея з “кніжніцай”

Першы прыезд, да слова, быў прысвечаны пераважна праблемам у культурнай сферы раёна: тады, у 2009 годзе, цэнтральная бібліятэка Крупак вымушана была “кватараваць” у адным невялікім будынку — у звычайнай цаглянай адпапавярхоўцы — разам з дзіцячай “кніжніцай”. Таксама меліся праблемы і з давядзеннем да ладу мясцовага Цэнтра культуры.

Рамонтныя работы ў Крупскім РЦК на той час былі амаль завершаныя: мясцовыя супрацоўнікі чакалі ўсталёўкі новай апаратуры, крэслаў ды “адзення” сцэны. Таму асноўная ўвага ў артыкуле, зразумела, прысвячалася гаротнаму стану бібліятэкараў, якія працавалі ў неспрыяльных умовах і сядзелі не ва ўтульных кабінетах, а ў вузкіх праходах паміж стэлажамі з кнігамі, а таксама ў збольшага прыстасаваных закутках дзіцячай бібліятэкі. Людзі, займаючыся сваёй справай, літаральна туліліся на адведзеных для іх “пятачках”, пра што і напісала “К”.

Натуральна, мясцовыя ўлады думалі пра тое, каб перавесці раённую бібліятэку на новае месца дыслакацыі і нават ужо адшукалі патрэбны для гэтага былы адміністрацыйны будынак Крупскага райспажыўтаварыства ў цэнтры мястэчка. Але ж, як кажуць беларусы, хутка гаворыцца, ды паціху робіцца.

— Рамонтная бібліятэчная эпапея ў Крупках завяршылася не так даўно: 24 кастрычніка 2017 года мы ўрачыста адкрыліся ў новым будынку ў цэнтры горада, — кажа дырэктар Крупскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Наталля Купрыянава. — Вялікую прэзентацыю новай “кніжніцы” зладзілі крыху пазней, 7 лістапада, і адразу ж пачалі абслугоўваць жыхароў Крупак.

Але “пярэбары” на гэтым не завяршыліся: і ў канцы 2017 года, і летась бібліятэкары яшчэ перавозілі кнігі з асноўнага бібліятэчнага фонду на новае месца жыхарства: як-ніяк, а гэта каля 24 тысяч кніг, газет і часопісаў.

Як кажа Наталля Купрыянава, тая, яшчэ дзесяцігадовай даўніны публікацыя ў “К”, паспрыяла таму, што на беды бібліятэкараў звярнула больш пільную ўвагу як абласное, так і раённае кіраўніцтва. Больш за тое: па яе словах, літаральна праз год пасля выхаду газетнага артыкула неабходныя фінансавыя сродкі на правядзенне рамонтных работ у Крупскай цэнтральнай бібліятэцы былі асобна прапісаны ў Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады.

Па падліках метадыстаў аддзела бібліятэчнага маркетынгу, з якімі я пазнаёміўся яшчэ ў 2009 годзе, падчас першага прыезду ў Крупкі, рамонт і праца бібліятэкараў у адным будынку з дзіцячай бібліятэкай доўжыліся даволі доўга — блізу 15 гадоў. Але дырэктар раённай “кніжніцы” з гэтымі падлікамі не згаджаецца.

— Мы пераехалі ў будынак дзіцячай бібліятэкі ўвесну 2007 года, а атрымалі сталую “прапіску” на новым месцы ўжо ў канцы 2017-га, — кажа Наталля Купрыянава. — Так што рамонтная эпапея расцягнулася для нас крыху больш за дзесяць гадоў. Але ж хто яго ведае, як бы ўсё атрымалася, калі б не рэзанансны артыкул у “Культуры”?

/i/content/pi/cult/755/16347/17.JPGУ мяне да бібліятэкараў было толькі адно пытанне: як яны змаглі столькі часу адпрацаваць у неспрыяльных умовах, не сысці на іншую, больш спрыяльную ва ўсіх адносінах працу, не расчаравацца ў прафесіі і ў адносінах да іх кіраўніцтва?

— Праца разам з бібліятэкарамі цэнтральнай бібліятэкі, як я лічу, пайшла нам на карысць, — сцвярджае загадчыца Крупскай дзіцячай бібліятэкі (і адначасова намеснік Наталлі Купрыянавай) Святлана Каляда. — Мы ладзілі розныя мерапрыемствы сумеснымі намаганнямі, выкарыстоўвалі для імпрэз наяўныя вольныя плошчы іншых устаноў культуры горада, карацей кажучы, рабілі ўсё магчымае.

Акрамя таго, як кажа Святлана Каляда, пільная ўвага да праблем “дарослай” бібліятэкі не магла не зварухнуць з месца і пытанні, што хвалявалі “дзіцячую”.

— У 2015-2017 гадах нам выдаткавалі грошы на рамонт Крупскай дзіцячай бібліятэкі, — кажа загадчыца ўстановы. — На гэтыя грошы мы адрамантавалі дах, прывялі да ладу ўнутраныя памяшканні, закупілі мэблю. Так што ўсюды, і ў гэтай сітуацыі таксама, можна адшукаць пэўныя “плюсы”.

“Зазірні ў бібліятэку!”

З рамонтнай эпапеяй разабраліся, таму пяройдзем да дня сённяшняга. У Крупскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, як я ўжо адзначаў, ёсць у наяўнасці значны бібліятэчны фонд, абсталяваны месцы для індывідуальнай працы чытачоў, ёсць магчымасць наведвання кніжніцы людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Таксама такім наведвальнікам у Крупскай бібліятэцы прапаноўваюць узяць аўдыёкнігі для праслухоўвання дадому або на месцы.

— Як вядома, у Беларусі для абслугоўвання невідушчых і слабавідушчых людзей ствараюцца спецыялізаваныя бібліятэкі або адмысловымі відамі літаратуры камплектуюцца бібліятэчныя фонды, — кажа кіраўнік установы. — У нас падобнае таксама практыкуецца. У асноўным гэта кнігі трох фарматаў: рэльефна-кропкавыя, “гаваркія” і узбуйненага шрыфту.

Агучваннем і вытворчасцю аўдыёкніг на кампакт-дысках займаецца прадпрыемства “Звукотекс” грамадскага аб’яднання “БелТІЗ”. Прайс-ліст агучанай літаратуры складае больш за 200 найменняў. У пералік уваходзіць мастацкая, дзіцячая, вучэбна-пазнавальная, метадычная, медыцынская і рэлігійная літаратура. Скажам, не так даўно бібліятэчны фонд папоўніўся трыма назвамі аўдыёкніг у колькасці шасці асобнікаў. Гэта раманы Івана Мележа “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань”, “Аповесці і апавяданні” Янкі Брыля.

Штогод, па словах Наталля Купрыянавай, на камплектаванне бібліятэчных фондаў з раённага бюджэту выкарыстоўваецца не менш за 15 працэнтаў аб’ёму бюджэтнага фінансавання бягучага ўтрымання ўстановы. Летась гэтая лічба склала нават 16 працэнтаў. Таму чым-чым, а новым кніжным і часопісным багаццем жыхары райцэнтра забяспечаны. Да слова, у чытальнай зале раённай бібліятэцы сёння можна пагартаць 20 найменняў газет і 70 найменняў часопісаў.

Ёсць тут і свае крэатыўныя знаходкі. Скажам, нядаўні праект “Зазірні ў бібліятэку” прыцягнуў увагу да кніжніцы нават з боку тых людзей, якія з кнігамі па той ці іншай прычыне не надта сябруюць.

— Мы выстаўляем у вокнах бібліятэкі разнастайную літаратуру, прысвечаную пэўнай тэматыцы ці нейкай важнай падзеі, — адзначыла мне метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Сакалова. — Скажам, нядаўна прэзентавалі кнігі і пласцінкі з нагоды дня нараджэння Уладзіміра Высоцкага, а летась на вокнах змясцілі фотавыставу на планшэтах “Міншчына: учора, сёння, заўтра”. Экспазіцыя складалася з работ карэспандэнтаў БелТА, якія захавалі важныя падзеі з гісторыі сталічнага рэгіёна і дня сённяшняга Міншчыны.

Натуральна, ёсць у бібліятэкараў і свае праблемныя пытанні. Так, у Крупскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы не стае камп’ютараў, каб абслугоўванне карыстальнікаў у бібліятэцы ажыццяўлялася ў аўтаматычным рэжыме. Няма тут і свайго бібліятэчнага сайта, а старонка ў адной з сацыяльных сетак, дзе супрацоўнікі змяшчаюць інфармацыю пра свае мерапрыемствы, зацікавіла пакуль што толькі 60 падпісчыкаў. Загадчыца дзіцячай “кніжніцы” Святлана Каляда казала мне пра нястачу мэблі для дзяцей, якой хацелася б абсталяваць гульнявы пакой, а таксама пра патрэбу ў плазменным тэлевізары. Натуральна, пераадрасаваў гэтыя скаргі выконваючай абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крупскага райвыканкама Таццяне Мельнік.

— На жаль, сёлета бюджэтных грошай пад закупку камп’ютараў для бібліятэкі не прадугледжана, — адзначыла суразмоўца. — Што да праблем у дзіцячай бібліятэцы Крупак, дык мы ўжо зрабілі інвестыцыйны праект, які дазволіць нам у перспектыве набыць неабходнае абсталяванне, плазменны тэлевізар, іншыя рэчы, патрэбныя для паспяховай працы супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі. На жаль, інвестар пакуль на гэтую прапанову не адгукнуўся. Таму, на маю думку, бібліятэкарам варта было б больш актыўна шукаць спонсараў, партнёраў, прапаноўваць ім сумесныя цікавыя праекты і такім чынам паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу сваіх устаноў.

І яшчэ. Мяркую, мясцовым культработнікам таксама варта было б звярнуць увагу ў кірунку замежных грантаў. Скажам, у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці праектнай дзейнасцю пры падтрымцы еўрасаюзаўскіх грантаў пачалі займацца ажно з 2008 года. Вынік гаворыць сам за сябе: на сёння на Рагачоўшчыне асвоена звыш 550 тысяч еўра грантавых сродкаў, і тое, натуральна, не канчатковая лічба.

Канечне, гэта не азначае, што кожны праект падтрымліваецца. Бываюць і адмовы. Аднак, як колісь пры сустрэчы казаў мне начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў, трэба ніколі не губляць надзеі і працягваць стукацца ў любыя дзверы. Той жа прынцып, мяркую, можна выкарыстоўваць і ў іншых раёнах, у тым ліку — і на Крупшчыне.

Інвестар і інвестыцыі

Дарэчы, як адзін з паспяховых прыкладаў узаемадзеяння з партнёрамі Таццяна Мельнік прывяла мне раённае святкаванне 3 ліпеня.

— Скажам, большая частка выдаткаў на гэтае нядаўняе маштабнае свята была пакрытая менавіта з дапамогай спонсарскіх сродкаў, — кажа в.а. начальніка аддзела ІРКСМ Крупскага райвыканкама. — На просьбу дапамагчы ў правядзенні святочных мерапрыемстваў адгукнуліся не толькі прадпрыемствы, але і прыватныя арганізацыі ды індывідуальныя прадпрымальнікі.

А нядаўна ў мясцовым аддзеле культуры распачалі новы праект “Вяртанне да мінулага”. Асноўная яго ідэя — аднавіць адметныя абрады Крупскага раёна і, магчыма, зарабіць сюю-тую “капейчыну”.

— Спачатку праводзілася грунтоўная даследчая праца, — кажа Таццяна Мельнік. — Галоўнымі літаратурнымі крыніцамі сталіся для нас матэрыялы вядомага этнографа Адама Багдановіча і энцыклапедыя “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”. Таксама каштоўнымі былі ўспаміны Зінаіды Карповіч і Лізавіты Міронавай з вёскі Зароўе.

У манаграфіі бацькі Максіма Багдановіча “Пережитки древнего миросозерцания у белорусов” ёсць матэрыял, запісаны Адамам Ягоравічам з вуснаў сваёй бабулі Рузаліі Осьмак, якая нарадзілася і ўсё сваё жыццё пражыла ў мястэчку Халопенічы Крупскага раёна. Нагадаю, што і сам Адам Багдановіч нарадзіўся ў Халопенічах.

У выніку даследчай працы супрацоўнікі сферы культуры атрымалі каштоўныя адказы на пытанні пра вясельны абрад на Крупшчыне і з іх дапамогай аднавілі асноўныя моманты мясцовага вяселля. Як аказалася, вясельны абрад у Крупскім раёне, па словах Таццяны Мельнік, мае свае адметныя рысы.

— Напрыклад, вянок маладой у нашым раёне плялі за тыдзень-два да вяселля, і не сяброўкі маладой, а “ўмелыя людзі”, — кажа суразмоўца. — Таксама на вяселлі маладая павінна была быць сумнай: як пісаў у сваіх даследаваннях Адам Багдановіч, сярод халопенцаў было меркаванне, што чым больш і праўдзіва будзе маладая плакаць падчас вяселля, тым болей яна будзе радавацца ў жыцці.

Плач для маладой з галашэннем, дарэчы, лічыўся абавязковым. Галашэнні завучвалі, як вучаць песні, разам са словамі і напевам. Нават практыкаваліся загадзя, каб у неабходны момант не засаромецца. Так што калі на Крупшчыне пабачыце сумную маладую ў вясельным строі — не палохайцеся, як зрабіў я, калі мне паказвалі фотаздымкі з вяселля ў аўтэнтычным стылі: усё ідзе згодна з абрадам, а не таму, што дзяўчына пакрыўдзілася на свайго маладога!

Як кажа Таццяна Мельнік, і вясельны абрад, і абрад правядзення Масленіцы, і Каляды ўжо былі зладжаны супрацоўнікамі некаторых сельскіх клубаў раёна. І хто яго ведае, магчыма, з цягам часу абрадавыя дзеі стануць настолькі папулярнымі ў мясцовага люду, што за іх правядзенне можна будзе браць і нейкія грошы. Прынамсі, падобнага развіцця падзей Таццяна Іванаўна абсалютна не выключае. Што ні кажы, а гэта будзе неблагі даробак да выканання плана платных паслуг для многіх устаноў культуры раёна.

Барацьба а дыскатэку

Пра план платных паслуг я загаварыў нездарма. Падчас майго наведвання Крупскага раённага Цэнтра культуры разгаварыўся з дырэктарам установы Галінай Бандарык. Па яе словах, Цэнтр у асноўным спраўляецца з планам платных паслуг, хаця праца гэтая ідзе даволі цяжка.

— Галоўная праблема — змяншэнне колькасці наведвальнікаў нашых вечаровых дыскатэчных мерапрыемстваў, — кажа Галіна Бандарык. — Справа ў тым, што непадалёк ад нас падобныя паслугі — дыскатэкі, вечары адпачынку — прапаноўвае і прыватны рэстаран. Раней яны працавалі да гадзіны ночы, а мы — ажно да трох, таму людзі ішлі пераважна да нас, асабліва ў позні час. Цяпер, калі прыватнік таксама перайшоў на падобны рэжым працы, у РЦК на дыскатэкі амаль што перасталі хадзіць.

Прычына, як не цяжка здагадацца, простая: прыватнік можа забяспечваць наведвальнікаў не толькі танцамі, але і алкагольнымі напоямі, а дзяржаўная ўстанова, зразумела, гэтага не робіць ды і не жадае гэтую справу распачынаць, што цалкам зразумела і правільна.

— Так, мы спрабавалі нейкім чынам прывабіць сваіх гасцей: скажам, прапаноўвалі людзям гарбату, каву, выпечку, але, на жаль, гэтага нашым наведвальнікам яўна недастаткова, — кажа Галіна Бандарык. — Таму, натуральна, цяпер і план платных паслуг пакуль у нас выконваецца з цяжкасцю, бо дыскатэкі прыносілі неблагі даход.

Я ж, у сваю чаргу, згадаў дырэктару прыклад з Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, пра які пісаў у “К” ужо неаднойчы. Дырэктар сельскага клуба з вёскі Плябанаўцы Ваўкавыскага раёна Аляксандр Бабін праз суполку ў адной з сацыяльных сетак (у ёй на сёння амаль шэсць тысяч удзельнікаў) пастаянна, літаральна штосуботы, збірае на свае танцавальныя вечары блізу 200 чалавек — больш невялікі клуб проста не змяшчае. Не варта і казаць, што заробкі ад танцавальных вечароў у вясковым (нават не аграгарадоцкім!) клубе за год даволі значныя: летась склалі 21,5 тысячы рублёў! Так што план платных паслуг можна выканаць і ў вёсцы. Чаму ж такога нельга зрабіць у горадзе?

— Тут у нас значная канкурэнцыя, ды і ўмовы ў прыватніка значна лепшыя за нашыя, хоць гукаўзмацняльная апаратура і дзі-джэй у нас, безумоўна, лепшыя, — адказвае Галіна Бандарык. — А каб выканаць план платных паслуг, цяпер у асноўным працуем з дзецьмі і падлеткамі, ладзім дзіцячыя дыскатэкі, запрашаем школьнікаў на выпускны бал, які арганізоўваем сумесна з мясцовым аддзелам адукацыі.

Што ж, гэта таксама выйсце з сітуацыі. Хаця, як мне здаецца, “паваяваць” з прыватнікам у райцэнтры за месца пад дыскатэчным “сонцам” усё ж такі можна. Адна з магчымасцей: больш і лепш прэзентаваць сябе і свае крэатыўныя распрацоўкі, цікавыя мерапрыемствы ды платныя паслугі ў інтэрнэце. Прывяду толькі адну лічбу: у адной з папулярных сацыяльных сетак сёння колькасць сяброў суполкі “Крупскі раённы цэнтр культуры” складае усяго 117 чалавек. Як кажуць, адчуйце розніцу — асабліва на фоне лічбы сяброў суполкі сельскага клуба з вёскі Плябанаўцы.

І апошняе, пра што варта сказаць. Пры ўстанове дзейнічае народны ансамбль народнай песні “Жывіца”, які не так даўно стаў лаўрэатам III ступені ХІV абласнога фестывалю народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”. А яшчэ не магу не згадаць пра аматарскае аб’яднанне “Скарбонка”, якое аб’ядноўвае калекцыянераў усяго раёна. Аматары старадаўніх манет, фотаздымкаў, значкоў, паштовак, нават гумак прымаюць удзел у шматлікіх раённых мерапрыемствах, выязджаюць з выставамі ў школы раёна. Акрамя таго, у РЦК пастаянна ладзяць адметныя канцэртныя праграмы, падчас якіх зала пад чатырыста пасадачных месцаў бывае запоўненая, што называецца, пад завязку. Так што крэатыву ва ўстанове хапае. Таму, мяркую, і пытанне з выкананнем плана платных паслуг Крупскі РЦК паступова вырашыць на сваю карысць.

І для старых,і для маладых

Так, я, безумоўна, згодны з ужо агучаным меркаваннем пра тое, што план платных паслуг усё ж такі лепш выконваць у вёсцы: вялікай канкурэнцыі тут, як у горадзе, няма і не прадбачыцца. Праўда, сёй-той кіраўнік сельскага клуба ці бібліятэкі можа без канкурэнцыі і расслабіцца, падумаўшы, што стымулу працаваць з аддачай і імпэтам у яго ўжо няма. Але ж такіх работнікаў культуры, якім абы дзень на працы пераседзець, на шчасце, у Беларусі адзінкі.

Загадчыцу Дубраўскага сельскага клуба-бібліятэкі Ірыну Прысь да такіх “культработнікаў” язык залічыць не павернецца. Яна ўжо не адзін дзясятак гадоў працуе ў сферы культуры, прычым, у вёсцы, дзе сёння няма ні школы, ні сельсавета. Але ж ёсць яе клуб-бібліятэка — сапраўдны цэнтр жыцця вясковага паселішча. Тут дзейнічае гурток сольных спеваў, аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька”, дзіцячы гурток “Умелыя ручкі” (Ірына Прысь на высокім узроўні валодае мастацтвам саломкапляцення і перадае свае ўменні ўсім ахвотным), а таксама можна ўзяць дадому ўпадабаную кнігу ці часопіс ды газету.

За грошы, заробленыя падчас правядзення культурных мерапрыемстваў, загадчыца нядаўна набыла ноўтбук, а таксама адрамантавала ганак сваёй установы. Цяпер думае над тым, каб прыдбаць два мікрафоны для правядзення клубных мерапрыемстваў.

Зарабіць грошы для выканання плана было, па яе словах, не так ужо і складана. Так, у рамках раённага свята “Вёска-фэст” Ірына Прысь задумала і правяла імпрэзу пад немудрагелістай назвай “Сустрэча землякоў”. Сабраць народ у вёску, дзе на сёння пражывае каля 170 чалавек, дапамаглі сацыяльныя сеткі, аб’явы і тэлефанаванні знаёмым і суседзям.

— Для гасцей мы арганізоўваем салодкі стол, варым юшку, а таксама ладзім канцэрт ды шмат што яшчэ, — кажа кіраўнік установы. — Мерапрыемства, натуральна, платнае, і даволі няблага папаўняе скарбонку платных паслуг.

Але ж на гэтым крэатыўныя задумкі Ірына Прысь не заканчваюцца. Яна таксама ладзіць у паселішчы ўжо не першы год яшчэ адно знакавае мерапрыемства — “Маладзёжную тусоўку”. Зноў-такі пры дапамозе сацыяльных сетак і сталых кантактаў.

— На гэтую імпрэзу збіраю ўсіх тых, хто наведваў мае дыскатэкі, а таксама тэатральны гурток у 1990-я і 2000-я гады, — кажа Іраны Прысь. — А каб было пра што ўспамінаць, раблю стэнды з фотаздымкамі тых гадоў. Не варта і казаць, што падобная фотавыстава выклікае захапленне ва ўсіх маіх гасцей: кожнаму прыемна пабачыць сябе і сваіх сяброў у антуражы сельскага клуба, успомніць, якімі яны былі дзесяць, а то і 20 гадоў таму, калі былі падлеткамі.

Падчас мерапрыемства ладзяцца конкурсы, гульнявыя праграмы, а таксама, натуральна, праводзіцца дыскатэка 1980-х і 1990-х гадоў — каб сённяшнія дарослыя яшчэ раз успомнілі, пад якую музыку яны “адрываліся”, калі хадзілі ў школу.

— “Маладзёжная тусоўка” ладзіцца таксама на платнай аснове, — гаворыць Ірына Прысь. — Таму толькі правядзенне гэтых дзвюх названых імпрэз значна дапамагае мне ў выкананні плана платных паслуг. А ў перспектыве мне хацелася б аднавіць у клубе правядзенне вячорак — так, як гэта было колісь у нашай вёсцы. Мяркую, гэта мне па сілах.

Я, да слова, у сілах загадчыцы Дубраўскага сельскага клуба-бібліятэкі зрабіць яшчэ некалькі адметных і крэатыўных мерапрыемстваў таксама не сумняюся і веру, што ўсё ў яе сапраўды атрымаецца. З такім імпэтам і цягай да творчасці іншае проста немагчыма.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"