У экспазіцыі прадстаўлены ілюстрацыі да новага паэтычнага зборніка легенд і паданняў “Скарб бяздонны” вядомага беларускага паэта, публіцыста, перакладчыка Мікалая Мятліцкага. Выданне адзначана дыпломам першай ступені конкурсу “Мастацтва кнігі” (2016 год). Афармленне зборніка раскрывае і вобразна ўзбагачае тэкст, пашырае межы ўспрыняцця паэтычных радкоў.
Абраная для выставы назва — “Паэзія срэбра” — утойвае ў сабе падвойны сэнс. Па-першае, яно выклікае асацыяцыі з высакародным металам, каштоўным вырабам, нейкім загадкавым прадметам. Аднак, па-другое, падказвае нам пра тэхнічныя асаблівасці стварэння графічных работ. Бо на мове мастакоў-графікаў выраз “пісаць срэбрам” указвае на глыбіню нюансіроўкі, тонавыя градацыі, асаблівае майстэрства дадавання ў чорна-белую графіку срэбнага тону — як прыкметы вытанчанасці тэхнікі. Мастак сумяшчае класічныя прыёмы графікі з сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, калі шляхам накладання на аўтарскія малюнкі, твор падпадае пад лічбавую апрацоўку. Самі ілюстрацыі выкананы ў аб’ёмна-прасторавым плане, аднак не пазбаўленыя аўтарскай стылізацыі, мастацкай перапрацоўкі выявы.
Мы бачым закаханых, легендарных каралёў з рэгаліямі ўлады, вяшчуноў-ведзьмакоў, паганскіх багоў, ваяўнічых рыцараў. Разам малюнкі складаюцца ў гістарычныя карункі, як у старажытнагрэчаскіх вяшчунак, якія пралі сваю пражу з героямі і падзеямі, якім наканавана адбыцца і ніводны сцяжок нельга змяніць… Гэта і ёсць той нематэрыяльны скарб нацыі — яе гістарычнае мінулае, старажытная памяць роду чалавечага.
Ксенія ЖУКОЎСКАЯ, куратар выставы, мастацтвазнаўца