Канец сезона багаты на дыпломныя спектаклі студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёлета курс рэжысёраў выпускае заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык. Не дзіва, што цэнтрам прыцягнення дыпломнікаў стаў менавіта НАДТ. “К” ужо распавядала пра неадназначнага “АбломOFF” (№ 52 за 2018 год) на галоўнай сцэне тэатра. Зараз размова пойдзе пра камерны спектакль Віталіны Бідзюк “Аскар і Ружовая дама”, пад які маладому рэжысёру аддалі Малую сцэну.
Цікава, што горкаўскія сцены ўжо бачылі дадзеную п’есу Эрыка-Эмануэля Шміта: у 2005 годзе ў рамках міжнароднага тэатральнага фестывалю “Залаты віцязь” Санкт-Пецярбургскі акадэмічны тэатр імя Ленсавета прывозіў у Мінск аднайменны монаспектакль з народнай артысткай СССР Алісай Фрэйндліх. Аліса Брунаўна адначасова была і сядзелкай, якая перачытвае лісты памерлага хлопчыка, і тым малым, які імкнецца за пакінуты яму час пражыць усё, што толькі магчыма. У той вечар я сядзела недзе далёка на балконе, аднак чутно было кожнае слова: зала літаральна затрымала дыханне на ўсе тры гадзіны.
Беларуская пастановачная каманда вырашыла не аглядвацца на папярэднікаў. Пошук свайго шляху пачала адразу з тэксту. У рускамоўнай прасторы п’еса Эрыка-Эмануэля Шміта ўжо існуе, аднак для нашага спектакля арыгінальны пераклад зрабіла рэдактар НАДТ Дар’я Андрэева. І трэба зазначыць, недарэмна: дыялогі загучалі больш сучасна, а пафас, за які на спадара Шміта неаднойчы наракалі, стаў менш відавочным.
Ад маналагічнасці выказвання, закладзенай у тэкставай першакрыніцы, рэжысёр вырашыла пазбавіцца. Віталіна Бідзюк робіць шматперсанажны спектакль: на сцэну выйдзе і сам Аскар (Дэвід Разумаў), і дзяўчынка Пэгі Блю (Дар’я Палякова), у якую закаханы галоўны герой, і нават цацкі хлопчыка, якія ажывуць, каб у перадсмяротны час закружыцца ў апошнім танцы ў віхуры бліскучага канфеці. У відэашэрагу з’явяцца тыя самыя блудныя бацькі, з якімі Аскара прымірыць Ружовая дама. А яшчэ на экране будзе зашмат дактароў і карцінак, дзе бачна, што ракавыя клеткі робяць з арганізмам. Уся гэтая залішняя ілюстрацыйнасць не дае пазбавіцца адчування, што глядзіш вучэбную спробу, а не рэпертуарную рэч.
Відавочнае памкненне зрабіць усё па правілах прыводзіць да банальных вырашэнняў накшталт пераварочвання двухкаляровай коўдры з аднаго боку на іншы — каб пазначыць розныя палаты, блакітная сукенка — на хворай дзяўчынцы, ружовая — на здаровай. Спектаклю не хапае лёгкасці, каб тое ж пастаяннае перасоўванне Аскарам вялікіх пластыкавых кубоў не ператваралася ў адно запаўненне сцэнічнага часу.
Дарэчы, тыя празрыстыя кубы, у якія перыядычна ўстаўляюць каляровыя пласціны з лістамі да Бога, былі хіба што не адзінай цікавай сцэнаграфічнай дэталлю (на жаль, так да канца рэжысёрам і не абыграныя). Мулялі вока цэлафанавыя расцяжкі ля відэаэкрана, шматлікі рэквізіт, быццам узяты ў краме, дзе ўсё прадаецца па адным кошце. Нават не верыцца, што сцэнографам пастаноўкі з’яўляецца галоўны мастак тэатра Ала Сарокіна.
За што сапраўды можна падзякаваць спадарыні Бідзюк, дык за запрашэнне на ролю Ружовай дамы Бэлы Масумян. Патэнцыял народнай артысткі Беларусі родным тэатрам чамусьці не выкарыстоўваецца ў поўным аб’ёме. Яе імя не так часта сустрэнеш у бягучым рэпертуары, але кожны спектакль з Бэлай Амаўнай — гэта сапраўднае адкрыццё. Спадарыня Масумян умее быць рознай і з юнацкай апантанасцю ідзе на эксперымент. Ружовая дама не стала для яе самой новым словам у прафесіі, але гэта тая роля, на якую, бы на майстар-клас, трэба вадзіць студэнтаў. Яе гераіня без сюсюкання і падману гаворыць цяжкахвораму хлопчыку пра смерць, каб гэтай шчырасцю ўзняць яго над жалем да сябе самога. Але пры гэтым за ўсмешкай адчуваецца і глыбінны боль дарослага, які бяссільны абараніць дзіця ад бязлітаснай будучыні.