Ілюзія як сэнс жыцця

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Хрыста Бойчаў — адзін з найбольш вядомых сёння балгарскіх драматургаў. Дастаткова зазначыць, што яго творы ставіліся больш за 200 разоў прыкладна ў 40 краінах. У 1997 годзе ён стаў пераможцам прэміі Брытанскага савета за п’есу “Палкоўнік-птушка”. Зрэшты, і тутэйшаму гледачу Бойчаў ужо даволі вядомы. У тым ліку, і яго драматычная камедыя “Бальніца на краі свету”, прэм’ера якой не так даўно адбылася на сцэне Коласаўскага тэатра ў Віцебску.

/i/content/pi/cult/748/16222/pages-8-9-copy-3.jpg

І смешна, і журботна

Пад іншай назвай — “Швейцарыя, Швейцарыя…” — гэтая п’еса ставілася ў 1990 годзе ў Купалаўскім тэатры. Над ёй тады працавала пастановачная група з Балгарыі. І вось сёлета да яе (дакладней, да апошняй рэдакцыі той самай п’есы) звярнуліся і коласаўцы. Першакласная драматургія, напэўна, такой і з’яўляецца, калі дае магчымасць шматварыянтнага, нават жанравага яе прачытання на сцэнічных падмостках. Тым больш, у дадзеным выпадку — калі камедыя, якой спектакль здаецца пры першым знаёмстве, неспадзеўкі набывае рысы прыпавесці альбо, магчыма, трагіфарсу.

Увасобіўшы п’есу як драматычную камедыю, рэжысёр-пастаноўшчык, мастацкі кіраўнік коласаўскага тэатра Міхась Краснабаеў, па яго ўласных словах, стварыў “тры ў адным”:

— Тут ёсць ад нараджэння закладзеная ў людзях драма, якая паказваецца праз яркую камедыйную падачу. А трэці складнік дадасць глядач, бо кожны будзе бачыць сваё, мець свае асацыяцыі — у залежнасці ад жыццёвага досведу і культурнай адукацыі.

Калі глядзіш гэты спектакль, ловіш сябе на думцы, што табе і смешна, і журботна амаль адначасова. Бо першы павярхоўны пласт з гумарам і іроніяй адносна жыццёвых гісторый герояў, іх спадзяванняў і ілюзій (цікава, што і аўтар іранічна-журботна ў прадмове да адной з рэдакцый вызначае змест п’есы: “Пра ілюзію як сэнс чалавечага жыцця”) адкрывае паралельную рэальнасць. Тут і гісторыя асобна ўзятага маленькага чалавека, і гісторыя хворага свету, што ўжо дайшоў да пэўнай мяжы, за якой небыццё (пра гэта фінал спектакля, да якога мы яшчэ вернемся), і гісторыя нашага грамадства. “Бальніца”, адкуль немагчыма выйсці, існуе ў спектаклі на ўзроўні метафарычнай асацыятыўнасці.

Мастак-пастаноўшчык Святлана Макаранка пазначае сцэнічную прастору кратамі з кашульных тканін-рукавоў, якімі звычайна перавязваюць цяжкіх псіхічных хворых, а таксама бальнічнымі ложкамі — як ніжнімі, так і пустымі верхнімі, быццам завіслымі ў паветры (санітары час ад часу, нібы ў іншы свет, будуць падымаць іх угару). У фінале яны і самі пачнуць рухацца ўверх-уніз. Важкай дэталлю з’яўляецца і тэлевізар — гэткае акно ў свет, навіны з якога сэнсава пашыраюць змест спектакля.

Памерці або прызвычаіцца

Кожны з пацыентаў, які сюды трапіў — гэта яскравы характар і цікавы сцэнічны вобраз з
прыўнесенымі акцёрскай ігрой нюансамі. Першую скрыпку тут, вядома, іграе Дзед (Рыгор Шацько). Грунтоўны, мажнога целаскладу, ён запэўнівае іншых сваёй упэўненасцю, бездакорнай, часта парадаксальнай жыццёвай логікай і матывацыяй. Калі дапасаваць крымінальную тэрміналогію да герояў спектакля, то Дзед — безумоўна, пахан, аўтарытэт. Разам з тым, яго вобраз асацыюецца і з горкаўскім Лукой з класічнай п’есы “На дне”. Дарэчы, Дзед таксама мае біблейскае імя — Іосіф (і гэта яўна аўтарская іронія, бо персанаж вельмі далёкі ад святасці: апрача клептаманіі, ён і на схіле дзён не губляе павышанай цікавасці да жанчын).

Але пры гэтым Дзед суцяшае хворых ілюзіямі, дае ім хоць марныя, але спадзяванні, падтрымлівае надзеяй. Праўда, калі надыходзіць фантастычны момант здзяйснення самых недасяжных мар і ў герояў з’яўляецца магчымасць трапіць у Швейцарыю, першым адмаўляецца туды ехаць. А што, калі гэтыя летуценні разыдуцца з рэальнасцю, і там будзе не так, як мроілася? Ну а потым, следам за ім, адмаўляюцца і ўсе астатнія героі.

Магчыма, ён, Іосіф, болей за астатніх разумее: толькі за мару (веру, надзею) можа трымацца чалавек у гэтым жыцці. Адбяры яе — і чалавек памірае. І ў фінале Дзед сапраўды трапляе ў лепшы свет, дзе ён на фоне зорнага неба злучыцца са сваёй вернай і адзінай спадарожніцай жыцця (у ролі Старой — Тамара Скварцова).

Кантузаў трапляе ў клініку са страчанай памяццю: ён апынуўся побач з пацярпелым крушэнне самалётам. Выканаўца ролі Аляксандр Базук вельмі кранальна спрабуе паказаць чалавека, які пачынае жыццё з белага аркуша: ён быццам ілюструе сітуацыю, калі ідэя трапляе ў абсалютна чыстую свядомасць і паказвае, што з чалавекам пры гэтым адбываецца. Пры ўсім дакладным абыгрыванні сітуацый — а яно, безумоўна, у Аляксандра атрымліваецца — хочацца параіць артысту, які стварае фактычна цэнтральны вобраз, больш падаваць характар у развіцці.

Не менш кранальнымі, абаяльнымі, непасрэднымі, хоць і смешнымі здаюцца вобразы маладых герояў — Феро (Герман Дымарэцкі) і Братоя (Аляксей Стома і Уладзіслаў Жураўлёў). Выканаўцы яскрава абыгрываюць усе сітуацыі, у якія трапляюць іх няўдачлівыя героі. Яны асуджаны альбо памерці (смерць замест далейшых пакут выбірае Братой), альбо прызвычаіцца да гэтага жыцця, ужо пазбаўленага ілюзій — а насамрэч да вар’ятні, як Феро.

Яшчэ адзін вельмі цікавы персанаж з’яўляецца ў сценах бальніцы. У яго і імя асаблівае — Уільям (Яўген Бераснеў). Пра сапраўднае ягонае прызначэнне і сутнасць можна толькі здагадвацца. У пацыентаў лякарні нават закрадаецца падазрэнне: а можа, гэта шпіён? Бач ты, усё выпытвае, усё запісвае. Альбо ён усяго толькі хворы са сваёй ідэяй-фікс, альбо тая самая найвышэйшая істота, імя якой не прынята прамаўляць дарэмна.

На жаль, у спектаклі гэта дакладна не вызначана. У фінале з усіх герояў, з усіх насельнікаў палаты № 6, ён застаецца толькі адзін. І прамаўляе маналог, звяртаючыся наўпрост да глядзельнай залы. Гэта маналог-споведзь, маналог-папярэджанне, у якім ён ставіць безліч дыягназаў хвораму чалавецтву: камунізм, фашызм, тэрарызм, глабалізм, антыглабалізм... Паварочвае тэлевізар у бок глядзельнай залы і імкліва збягае са сцэны.

Свая рэальнасць

Героі “Бальніцы”, якія здадуцца камусьці хворымі, а камусьці — людзьмі з неістотнымі адхіленнямі (так бы мовіць, асаблівасцямі), ствараюць сваё прыдуманае жыццё, сваю рэальнасць. Для кагосьці, як для Дзеда, яна ў мінулым, якое ён песціць, для кагосьці ў будучым, для кагосьці зусім не ў іншым часе, а ў іншай прасторы. Зразумела адно: туды не трапіць, адсюль не вырвацца. І марна будзе ўсклікаць Братой: “Я тут часова!” Нічога не бывае больш пастаяннага, чым часовае. І ў гэтай бальніцы ён сканае пад скальпелем няздатнага хірурга.

У спектаклі заняты артысты-коласаўцы самых розных пакаленняў. І ўсе яны вельмі суладна кантактуюць паміж сабою, утвараючы добры ансамбль. Нават эпізадычныя ролі тут не губляюцца. Чаго толькі варты выхад Жонкі Кантузава (Ніна Обухава), якая неспадзявана апусціць яго з нябёсаў на зямлю, а прасцей кажучы — пазбавіць той мары, той фантазіі, што ўжо намалявалася ў яго чыстай свядомасці! Несупадзенне, я б так зазначыў — кантраст акцёрскага тыпажу і самога персанажа (простай вясковай жанчыны) раптам нараджае вельмі цікавы, можна сказаць, эксцэнтрычны, трагіфарсавы вобраз.

Альбо маленечкая роля Лені (А.Рэўчанка-Лук’янава і Г.Дубчанка) — цяжарнай дзяўчыны, якая, бы нейкі прывід, раз-пораз мільгае на дальнім плане, і з якой “ажэняць” у фінале Феро. Яна не прамовіць ніводнага слова, але якая гамма пачуццяў, нязбытных мрояў у яе вачах!

Вартасць новага спектакля коласаўцаў палягае найперш у яго шматслойнасці. Праз верхні, камедыйны пласт прасвечвае другі, драматычны, а праз яго трэці — абсурдысцкі. Праз адну тэму — ілюзорнасці чалавечага існавання — узнікае другая: бязглуздасці і абсурднасці тых ідэалогій і дзяржаўных сістэм, якія не заснаваны на міласэрнасці, увазе і любові да звычайнага чалавека. Бо ён і сам — цэлы Сусвет.

Юрый ІВАНОЎСКІ