Сляды пажару ў маёнтку “Гаспадыні”

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Не так даўно я звярнуў увагу чытачоў “К” на крытычны стан калісьці вядомай на ўсю Беларусь сядзібы роду Цюндзявіцкіх, якая мела неафіцыйную назву “Беларускі Манчэстэр” (гл. № 16 за 20 красавіка). Гэта была канстатацыя факта: сядзіба яшчэ ёсць, а гаспадарчага падыходу да яе няма і блізка. Зразумела, хочацца верыць, што сітуацыя зменіцца. Прынамсі, падчас другога нашага візіту, 3 мая, які адбыўся ў кампаніі з даследчыкам Вітальдам Ханецкім, мы сустрэліся на аб’екце з гаспадарчай групай мясцовага райвыканкама, якая адмыслова прыехала на закінуты аб’ект, каб разабраць на складовыя часткі шматпакутныя калоны.

/i/content/pi/cult/745/16166/5.JPGПаляўнічыя на шыфер

Як я ўжо пісаў, гэтыя былыя “вартаўнікі сядзібы”, усталяваныя на ганку галоўнага ўвахода ў будынак 1898 года, абезгалоўленыя, ляжалі на зямлі. Па словах мясцовых жыхароў, яны былі зрынутыя не ветрыкам, але чалавекам, прычым здарылася гэта адкрыта, сярод белага дня. Дарэчы, калоны створаны з адмыслова фармаванай цэглы, якую, вядома, ніхто цяпер не выпускае. Таму вельмі важна захаваць хаця б іх парэшткі — іначай аднаўленне архітэктурнага ўпрыгожвання дома будзе не самай лёгкай справай.

Другі ўдар па сядзібе нанеслі тыя, каму спатрэбіўся стары шыфер і драўляныя канструкцый страхі. Іх стараннямі траціна даху знікла ў невядомым накірунку. Пэўна, гэтыя ж “рупліўцы” адначасова развалілі і трубы комінаў. Як можна меркаваць, дадзеныя працы таксама не праводзіліся ўначы пры святле ліхтарыка — каб перапілаваць нясучыя канструкцыі, патрэбная не толькі “добрая воля”, але і адпаведны рыштунак ды процьма вольнага часу. Хочацца верыць, высвятленнем асобаў гэтых “страхалазаў” зоймецца міліцыя.

Пасля адной з публікацый у СМІ мясцовыя ўлады выявілі клопат пра сядзібу ды зладзілі ў ёй першасную кансервацыю — забілі вокны і дзверы дошкамі. Гэта, вядома, радуе. Але, на жаль, забыліся пра такую дробязь, як папераджальная шыльда, якая б абяцала вандалам адпаведную кару за рабунак або псаванне дзяржаўнай маёмасці.

Магчыма цяпер, калі дакументы на ўнясенне сядзібы ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці адпраўлены ў адпаведныя дзяржаўныя органы, а за яе лёсам пачынае пільна сачыць уся краіна, нешта зменіцца.

І, перш-наперш, неабходна вярнуць будынку дах — хаця б часовы. Пакуль што гэта не патрабуе надта шмат высілкаў, але працэс руйнавання спакваля ідзе. І, зразумела, трэба захаваць цэглу ад калонаў.

У гэтым звязку ў мяне ёсць прапанова. Чаму б мясцовым уладам не арганізаваць улетку які-небудзь валанцёрскі летнік, падчас якога моладзь магла б заняцца допраўпарадкаваннем тэрыторыі сядзібы? Шмат для гэтага не трэба, а карысць была б вялікая. Такое практыкуецца шмат дзе, і ахвочых заўсёды хапае.

Гісторыя маёнтка ў Галошава вартае асобнага артыкулу. А пакуль жа хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адзін праблемны помнік спадчыны, які
наўпрост звязаны з гэтым.

У Кішчынай Слабадзе

Абуджаная цікавасць да спадчыны старабеларускага шляхецкага роду Цюндзявіцкіх (дарэчы, яго прозвішча паходзіць ад назвы сядзібы Цюндзі на Віленшчыне) прывяла нас і ў цэнтральны яго маёнтак — Кішчыну Слабаду, што “схавалася” недзе паміж Барысавам і Бярэзінскім біясферным запаведнікам.

Гісторыя гэтай вёскі, як і гісторыя Галошава, мае такія глыбокія карані, што ніхто і не скажа, калі ж тут упершыню пасяліліся людзі. Цюндзявіцкія ж з’явіліся ў тых мясцінах, па касмічных мерках, зусім нядаўна — у 1751 годзе. Спярша маёнтак трымалі ў “закладзе”, а праз 30 гадоў, у 1781-м, ён стаў уласнасцю роду.

У вёсцы тады ўжо стаяла ўніяцкая Петрапаўлаўская царква, якую пасля скасавання Уніі перасвяцілі ў праваслаўную. У Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь, на шчасце, захаваліся метрычныя кнігі храма ад 1776 года і ажно да ХХ стагоддзя.

Сядзібны дом, які вядомы нам не толькі з фота і мастацкіх твораў “з раньшага часу”, але і са здымкаў паваенных і сучасных, быў пабудаваны акурат пасля напалеонаўскага ўварвання, калі ў водах Бярэзіны, да якой ад маёнтка “рукой падаць”, патанулі легкадумныя надзеі мясцовай шляхты на адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага. І да нядаўняга часу сядзіба была ў выдатным стане.

Усё змянілася пасля таго, як недзе напрыканцы “нулявых” з яе высяліўся дзіцячы садок, і будынак стаў “нічыйным”. Па інфармацыі, якую можна сустрэць у інтэрнэце, у 2014 годзе мясцовыя ўлады нават мелі намер прадаць сядзібу. І ахвочыя знайшліся. Знакаміты кулінарны праект сям’і Прышывалак “Жорны” выказаў намер вярнуць маёнтку тое, без чаго ён ціха паміраў, зарастаючы хмызняком — людскія галасы.

І гэтая цікавасць была заканамерная — зважаючы на самую знакамітую жыхарку сядзібы.

/i/content/pi/cult/745/16166/6.jpgЛітвінскі бестселер

У 1848 годзе ў віленскім выдавецтве Юзафа Завадскага выйшла кніга “Гаспадыня літоўская”. Яна стала сапраўдным бестселерам, вытрымаўшы за 60 гадоў ажно 11 перавыданняў. Па іх колькасці “Гаспадыня” можа спаборнічаць з “Дон-Кіхотам” Сервантэса і нават самой кнігай “Рэкордаў Гінэса”! Попыт на першую беларускую гаспадарча-кулінарную энцыклапедыю быў каласальным: кожны жадаў мець яе ў сваёй бібліятэцы. Шалёную папулярнасць кнізе забяспечыла практычная карысць, якую гарантавала выкананне асноўных парадаў аўтаркі.

Доўгі час яна лічылася невядомай. Толькі ў 1906 годзе гісторык Аляксандр Ельскі адкрыў яе імя — Ганна Цюндзявіцкая.

Жыццё шляхцянкі з Меншчыны абарвалася заўчасна, у 46 гадоў. Але за гэты час яна паспела падрыхтаваць да выдання дзве паўнавартасныя кнігі — “Гаспадыню літоўскую” і зборнік парадаў. Трэцяя засталася ў рукапісе, які яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя захоўваўся ў сямейным архіве, а ў наш час, па ўсёй верагоднасці, можа лічыцца страчаным. Прынамсі, нашчадкі Цюндзявіцкай нічога пра яго не ведаюць. Што і нядзіўна: падчас Другой сусветнай вайны, як вядома, гарэлі не толькі сядзібы, але і рукапісы.

Ужо ў наш час прафесар Адам Мальдзіс адкрыў беларусам “Гаспадыню літоўскую” наноў. Не так даўно выйшла 14 яе перавыданне (трэцяе на беларускай мове)!

Здавалася б, папулярнасць кнігі гарантавала пераўтварэнне невялічкага лядашчага дамка ў прывабны кулінарна-турыстычны аб’ект. Але нешта пайшло не так.

Літаральна праз пару месяцаў пасля таго, як на сядзібу была звернутая ўвага грамадскасці (Юрый Жыгамонт у сакавіку 2016-га зняў тут сваю чарговую праграму), яна, па дзіўным збегу абставінаў, ледзь не пайшла дымам. І толькі дзякуючы пажарным і мясцовым людзям, якія своечасова заўважылі ўзгаранне, дом быў уратаваны.

Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі сядзібы як бы “самі сабой” пачынаюць гарэць пасля таго, як да іх праяўляе цікавасць нейкая асоба. Варта прыгадаць маёнтак О’Руркаў ва Уселюбе (Навагрудчына), якую хацеў набыць і аднавіць нашчадак былых уласнікаў і якая згарэла ці не за дзень да яго прыезду на радзіму продкаў.

У дадзеным выпадку, сядзіба ацалела. Сёння яе стан цяжкі, але небезнадзейны. Варта адзначыць, што мясцовыя ўлады Барысаўшчыны правялі кансервацыю будынка. Вокны і дзьверы забітыя, перакрыты таксама ўваход у шыкоўныя сутарэнні. І гэта выдатна — але недастаткова.

Пашкоджаны дах для драўлянага будынка — падвойная небяспека, калі параўноўваць з камяніцай. А дом Цюнзявіцкіх у Кішчынай Слабадзе — цалкам драўляны! Такіх сядзібаў не тое што ва ўсходняй Беларусі — ва ўсёй краіне ацалелі хіба адзінкі.

Таму хочацца параіць мясцовым уладам выявіць сапраўды гаспадарчы падыход і правесці рамонт даху. Не сумняюся, што ўкладзеныя сродкі (а іх патрэбна зусім небагата) вернуцца стакроць — і не толькі ў грашовым эквіваленце, бо, у пэўнай меры, ад гэтага залежыць і прэстыж раёна.

А пакуль жа самае важнае — гэта надаць прызабытаму помніку афіцыйны статус культурнай каштоўнасці. Адпаведныя дакументы, як і ў выпадку з Галошаўскай сядзібай, ужо пададзены ад Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў.

І хочацца верыць, што сумеснымі намаганнямі рупліўцаў ды мясцовых уладаў гэтае месца неўзабаве будзе сустракаць прыезджых ужо не чорнымі плямамі слядоў ад пажару, а сапраўднай гаспадарлівасцю ды гасціннасцю.

Зміцер ЮРКЕВІЧ.

Фота з архіву Вітальда ХАНЕЦКАГА і Крыштафа СВЯНЦІЦКАГА.