Ад фэстаў да майстроў

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

З нядаўняга часу шточацвер на адкрытай пляцоўцы Пінскага гарадскога Дома культуры гучыць класічная і эстрадная музыка — мясцовы духавы аркестр ладзіць тут свае вечарыны. А ўвогуле ў сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі амаль штодня праходзяць розныя адметныя імпрэзы і акцыі.

Напрыклад, 1 мая адкрылася выстава конкурсных работ “Пінскі сувенір”, 9 мая распачаўся фестываль вулічнага майстэрства “Раздарожжа”. А яшчэ раней — 18 красавіка — на будынку былога калегіума езуітаў, у якім месціцца музей Беларускага Палесся, была ўсталяваная першая ў Пінску таблічка з QR-кодам.

Так у Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін у горадзе над Пінай быў пакладзены пачатак праекта “QR-код гістарычных будынкаў” у рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі”. І вось ужо 15 мая інфатаблічкай з QR-кодам быў пазначаны яшчэ адзін старадаўні аб’ект — палац Бутрымовіча. Як паведамілі “К” у Пінскім гарвыканкаме, на першым этапе праекта інфармацыйныя таблічкі ўсталююць на чатырох найбольш значных помніках архітэктурнай спадчыны старажытнага горада.

Акрамя таго, нядаўна адбыліся змены і ў рабоце па стварэнні пінскага “кластару” па вырабе музычных інструментаў. Нагадаю, што аказаць мясцовым майстрам усю патрэбную для гэтага дапамогу даручыў уладам горада Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Па словах загадчыцы сектара культуры Пінскага гарвыканкама Таццяны Дземідзенка, на сённяшні дзень неабходныя плошчы для размяшчэння вытворчасці інструментаў у Пінску знойдзеныя.

— Я вельмі рады, што “эпапея” з пошукам памяшканняў завяршылася, — распавёў мне па тэлефоне адзін з пінскіх майстроў Руслан Макарэвіч, чые інструменты высока ацаніў Кіраўнік дзяржавы і пра дзейнасць якога “К” пісала летась. — Мы ўжо арганізоўваем пераезд у новае памяшканне. І хутка пачнецца сапраўдная праца!

Плануецца, што 1 чэрвеня мясцовыя майстры ўжо справяць улазіны. Прынамсі, яны на гэта вельмі спадзяваюцца.

Акрамя таго, з 1 верасня ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы (філіяле Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта) Руслан Макарэвіч і яшчэ адзін пінскі майстар Мікалай Ярмальчук пачнуць навучаць студэнтаў вырабу музычных інструментаў. Як бачна, праца па стварэнні пінскага “кластара” цяпер выходзіць на фінішную прамую.

І апошняе. У размове з Таццянай Дземідзенка я нагадаў ёй пра задуму правесці ў Пінску фестываль старадаўняй музыкі.

— Усе перспектыўныя ідэі абавязкова ўвасобяцца ў рэальнасць, — запэўніла мяне візаві. — Ёсць у нас і планы па правядзенні ў Пінску ў 2020 годзе фестывалю старадаўняй музыкі. Гэты фэст раней ладзіўся як гарадское мерапрыемства, але, безумоўна, мы мяркуем пашыраць яго маштабы. А сёлета арганізуем фестываль арганнай музыкі MATER MISERICORDIAE (“Маці міласэрнасці”).

Мерапрыемства адбудзецца ў Пінскім кафедральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Удзел у фэсце возьмуць навучэнцы, выкладчыкі, сольныя выканаўцы дзіцячых школ мастацтваў, музычных каледжаў, каледжаў мастацтваў і вышэйшых навучальных устаноў, а таксама сольныя выканаўцы і прызнаныя майстры арганнай і старадаўняй музыкі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"