Сутнасць чалавека
— Пачну ўсё ж з традыцыйнага пытання пра “японскасць” Одзу. Рэжысёр лічыцца “самым японскім” сярод усіх майстроў японскага кінематографа. І пры гэтым — столькі паслядоўнікаў па ўсім свеце, захапленне еўрапейскіх і амерыканскіх аўтараў. Ды і на рэтраспектыве ў Мінску мы маглі бачыць, як цудоўна ўспрымае яго творы беларускі глядач. Ці не падаецца вам, што ў гэтым ёсць пэўны парадокс?
— Так, мне часта задаюць падобнае пытанне. Сапраўды, калі Одзу здымаў у 1950-я, яго фільмы на радзіме ўспрымаліся як “надта” японскія. Паўсядзённае жыццё, якое ён адлюстроўваў у сваім кіно, падавалася цікавым толькі жыхарам краіны. Менавіта таму стужкі Одзу і не адпраўлялі на міжнародныя фестывалі, — лічылася, што яго творчасць замежная публіка не зразумее. Аднак, па-шчырасці, у фільмах Одзу і для японцаў ёсць дзіўныя рэчы. Напрыклад, тое як размаўляюць героі карцін. Таму я акрэсліў бы стыль майстра выключна як аўтарскі — “одзаўскі”. І ў гэтым вызначэнні ёсць адказ на ваша пытанне — менавіта таму, што Одзу ні на кога не падобны, яго творчасць пераадольвае культурные бар’еры. Вось дазвольце пацікавіцца: што вы асабіста адчуваеце, калі глядзіце яго кіно?
— Мяне ў свой час уразіла тое, што ў карцінах Одзу, здаецца, нічога не адбываецца, але адарваць вачэй ад экрана немагчыма. Гэтаксама кранула яшчэ адна якасць яго кіно: героі ў стужках толькі тое і робяць, што размаўляюць пра ўсялякія няважныя рэчы, а табе пры гэтым чамусьці хочацца плакаць…
— Вось у мяне тое самае! Мне падаецца, галоўнае, што ўдалося Одзу — гэта паказаць чалавечую сутнасць. Таму яго стужкі кранаюць людзей па ўсім свеце. І сям’я. Праз фільмы Одзу можна ўбачыць усе варыянты сямейных стасункаў. У прыватнасці, я знайшоў там сваю сям’ю. Прычым мне падавалася, што тая дыстанцыя, якая існуе паміж бацькамі і дзецьмі ў Японіі і якую паказвае рэжысёр — адметнасць выключна японскай культуры. Аднак учора на сеансе гледачы сказалі мне, што сутнасць такіх стасункаў ім знаёмая. Маўляў, яны пазнаюць сябе ў персанажах. І гэта цудоўна, калі фільмы Одзу ўспрымаюцца як у японскім кантэксце, так і па-за яго межамі.
Чэхаў? Не ўпэўнены
— Дарэчы, пра японскі кантэкст. Нельга не заўважыць, што ў карцінах рэжысёра японская традыцыйная культура сутыкаецца з гарадской — глабалізаванай і вестэрнізаванай. Напрыклад, маладыя гераіні ў стужцы “Кветкі свята Хіган” носяць кароткія фрызуры, карыстаюцца памадай, апранутыя ў модныя спадніцы і сукенкі. На ваш погляд, адлюстраванне гэтых павеваў — імкненне Одзу зафіксаваць, як змяняецца японскае грамадства ў пасляваенны час? Або гэта персанальнае мастацкае захапленне аўтара іншай культурай?
— Мяркую, што і першае, і другое. Так, трэба адзначыць, што Одзу быў вялікім прыхільнікам амерыканскіх фільмаў. Увогуле, ён вырашыў стаць рэжысёрам, убачыўшы галівудскае кіно і потым актыўна задзейнічаў яго прыёмы ў сваіх стужках. Плюс да ўсяго, ён заўжды звяртаў увагу на дэталі, быў неабыякавым да моды. Усё так. Але, у той жа час, для Одзу было важна паказаць, як змяняецца Японія ў пасляваенны час. У “Кветках свята Хіган” ён распавядае пра магчымасць маладых людзей самім абіраць сабе сужэнца, якая з’явілася ў краіне ў 1950-я. Бацькі маладых японцаў не мелі такой прывілеі і жаніліся ды выходзілі замуж па дамоўленасці іх бацькоў. Одзу паказвае гэты канфлікт у сваім духу.
— Дарэчы, на паказах вы называлі Одзу жорсткім аўтарам. З кім з творцаў вы маглі б яго параўнаць? Магчыма, з Чэхавым? Хоць гэта і няўдзячная справа — браць за ўзор пісьменнікаў, калі гаворым пра кіно.
— Я чытаў у свой час “Дзядзьку Ваню” і “Чайку”, так... А ў чым вы бачыце падабенства?
— Чэхаў паказвае нам чалавека такім, якім ён ёсць. Тое, што, па сутнасці, мы не змяняемся. Дый, на мой погляд, у п’есах Чэхава, як і ў фільмах Одзу, нібыта нічога не адбываецца. Яны апісваюць завядзёнку. Але, насамрэч, у гэты час здараюцца галоўныя падзеі ў лесё персанажаў.
— Мне цікавая ваша думка. Але наконт Чэхава — не ўпэўнены. Ды ўсё ж калі шукаць параўнанне ў літаратуры, я хутчэй згадаў бы творы англійскай пісьменніцы Джэйн Осцін. Мне падаецца, яе светапогляд блізкі да светапогляду японскага майстра. Дзеянне адбываецца ў правінцыі, бацькі перажываюць, ці выйдуць іх дочкі замуж... Можа быць, вы маеце рацыю: не абавязкова апісваць вялікія падзеі, каб перадаць сутнасць чагосьці: чалавека або стасункаў.
Вялікі перфекцыяніст
— Ведаю, што асаблівым аб’ектам вашага даследавання з’яўляецца кампазіцыя кадра Ясудзіра Одзу. Ці не маглі б вы больш распавесці пра гэта?
— Колькі ёсць у мяне часу? (смяецца). Одзу ў гэтым плане быў вельмі педантычным чалавекам. Ён гадзінамі расстаўляў рэквізіт, і акцёрам не дазвалялася заходзіць у студыю, пакуль, на яго погляд, усё ў кадры не было даведзена да дасканаласці. Нават посуд на стале стаяў у адпаведным парадку. Гэтаксама Одзу ўважліва адсочваў і рухі акцёраў, ім не дазвалялася і кроку ступіць без яго ведама. “Мая кампазіцыя больш важная за вашу ігру”, — казаў ён вядомаму артысту Цісю Рю.
— Чаму гэта было важна для майстра? Ён такім чынам імкнуўся аднавіць гармонію свету?
— Адным словам патлумачыць гэта нельга. Яго педантычнасць і імкненне да дасканаласці зараджала здымачную групу адпаведным настроем. Акцёры бачылі, як самааддана рэжысёр ставіцца да сваёй працы, і гэтаксама імкнуліся дасягнуць найлепшых вынікаў. Стваралася адпаведная атмасфера. Усе лічылі, што памылка будзе недаравальнай, і ў душы артыстаў узнікала патрэбнае Одзу напружанне. Таму сёння мы і глядзім яго фільмы з такой цікавацю — бо бачым дасканаласць кадра, шматзначнасць сімвалаў у ім і трымценне чалавечай душы.
Одзу толькі адзін
— Цікава даведацца, ці шмат сёння ў класіка сусветнага кінематографа паслядоўнікаў?
— Ведаеце, калі мы кажам пра сучасны японскі кінематограф, шмат аўтараў называюць сябе яго паслядоўнікамі, але далёка не ўсе імі з’яўляюцца. Даходзіць нават да крайнасцей: некаторыя рэжысёры здымалі фільмы “для дарослых” у стылі Одзу. Што зробіш, кожны абірае свой шлях да прызнання (смяемся).
— Ды ўсё ж мне хочацца ўзгадаць два імя: Кодзі Фукада і Хіракадзу Карээда, які стаў уладальнікам “Залатой пальмавай галіны” на леташнім Канскім кінафестывалі. У іх фільмах таксама ў фокусе ўвагі сям’я. Аднак у “Фісгармоніі” Фукады стасункі ў саюзе мужчыны і жанчыны ўжо поўныя пакутаў, муж і жонка адзінокія, нягледзячы на шлюб. У “Крамных злодзеях” Карээды сям’я ствараецца ўжо з цалкам чужых людзей… Ці ёсць, на ваш погляд, тут пэўная пераемнасць з фільмамі Одзу?
— Вы цікава выбудавалі гэтую лінію, ды ўсё ж Кодзі Фукаду тут я бы вынес за дужкі. А вось сувязь паміж Одзу і Карээда — прысутнічае. Больш за тое, адзначу, што Хіракадзу пераймае вельмі асаблівую манеру маўлення персанажаў, якая ёсць у фільмах японскага класіка.
Выбачайце, не ўтрымаюся ад дадатковай інфармацыі. У японскім кіно ёсць чатыры знакавых постаці: Акіра Курасава, Кэндзі Мідзагуці, Ясудзіра Одзу і Мікіа Нарусэ. Дык вось, апошні пераможца Канскага кінафестывалю натхняўся не толькі фільмамі Одзу, але і кіно Нарусэ. Прычым з гэтым цудоўным рэжысёрам у свой час не працягнулі кантракт на студыі “Сёціку” — па той прычыне, што яго кіно нібыта было надта падобнае да фільмаў Одзу (хоць гэта і не так). Дырэктар кінакампаніі так і сказаў Мікіа: “Нам два Одзу не трэба”. І таму давялося сысці. Што важна, Нарусэ яшчэ да Карээды падымаў у сваім кіно тэму стасункаў паміж чужымі, не роднымі па крыві людзьмі. Я да таго, што гэтыя сувязі і ўзаемаўплывы аўтараў праяўляюцца самым нечаканым чынам. Ды ўсё ж, безумоўна, цікава іх адсочваць і назіраць за тым, як кожны рэжысёр імкнецца знайсці сваю інтанацыю, пазіцыю, каб выказацца на гэтую важную тэму. Сям’я, вядома, па-ранейшаму знаходзіцца ў цэнтры ўвагі японскага грамадства. Але Одзу, лічу, ні да каго не падобны.
— Тым не менш, вы адзначылі, што самотнасць у стасунках японскай сям’і даследаваў яшчэ Мікіа Нарусэ?
— Так. І ў самога Одзу яна гучыць тонкім матывам. Дакладней сказаць, майстар паказвае нам сям’ю ў колазвароце жыцця. Дзеці вырастаюць, уступаюць у шлюб, пакідаюць дом. Бацькі застаюцца ў самоце, і з гэтым нічога не зробіш. Гэта не дрэнна і не добра — так пабудавана жыццё. І Одзу імкнуўся данесці нам такую думку, паказваючы таксама цеплыню і пяшчоту зносін паміж блізкімі людзьмі. Усё змяняецца — і адначасова ўсё застаецца на сваіх месцах.