Прыярытэт — навіне з сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі. Дырэктар Пінскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Дзіна Лагодзіч піша пра куток гісторыі гарадской бібліятэкі, які, па сутнасці, пачаў стварацца з 1944 года — з моманту ўтварэння ўстановы. Супрацоўнікі аддзела маркетынгу сабралі ўсё, што маглі: дакументы, фотаздымкі, узнагароды, прылады працы. У бліжэйшы час у экспазіцыі з’явяцца кнігі з аўтографамі аўтараў. Для будучых пакаленняў бібліятэкараў і чытачоў захавана не толькі гісторыя ўстановы, але і інфармацыя пра людзей, якія тут працавалі. Фатаграфіі ветэранаў бібліятэчнай справы — на цэнтральным месцы. Усё правільна, спадарыня Дзіна: адзін са складнікаў стрэсаўстойлівасці — павага да роднага калектыву. З гэтай павагі і вырастаюць асобы.
25 мая на Багданаўскай зямлі пройдзе IX рэгіянальны конкурс-пленэр юных мастакоў, прысвечаны памяці Фердынада Рушчыца. Конкурс “Зямля і неба Фердынанда” — адкрыты, прыняць удзел у ім могуць усе ахвотныя. Заснавальнікі мерапрыемства — Валожынскі райвыканкам і раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна на Беларусі”. Такім чынам, справа Рушчыца працягваецца. Далучыцца да творчасці майстра — гэта як вады ў смажны дзень напіцца.
Ад усёй душы “К” віншуе з 80-годдзем Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, якім кіруе на сёння Кацярына Лабука. У яе высокім прафесіяналізме мы ніколі не сумняваліся. Па колькасці цікавых творчых праектаў Віцебшчына, па маім перакананні, лідзіруе ў краіне. Іншая справа, што не заўжды мы ведаем пра апошнія дасягненні тамтэйшых метадыстаў. А ім, відаць, сціпласць замінае падзяліцца досведам… Вось што распавядае вядучы метадыст установы Ала Лялькіна: “Адной з самых паспяховых стратэгій у галіне развіцця народнай культуры, выпрацаваных цэнтрам, стала практыка арганізацыі клубаў народных майстроў, стварэнне на іх базе дамоў рамёстваў. Упершыню ідэя была ўвасобленая ў 1989 годзе на Глыбоччыне, вельмі хутка ініцыятыву падхапілі ў іншых раёнах. Сённяшні гонар Віцебшчыны — 23 дамы і цэнтры рамёстваў, да якіх далучыліся Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў у гарпасёлку Копысь Аршанскага раёна і Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў, якое выконвае функцыі дома рамёстваў. Два народныя клубы майстроў вобласці маюць званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Гэта клуб “Скарбонка” Лепельскага цэнтра рамёстваў і клуб “Вытокі” Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору”.
Метадыст сектара Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсяннікава піша: “Падведзены вынікі фестывалю-конкурсу аматарскай творчасці, прысвечанага 75-годдзю вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адборачныя туры прайшлі ў сакавіку. Выканаўцы прэзентавалі свае творчыя праграмы і нумары ў намінацыях “Харэаграфія”, “Вакал”, “Інструментальны жанр”, “Мастацкае слова”. Падарункі ўдзельнікам падрыхтавалі Бабруйская асацыяцыя прамыславікоў і прадпрымальнікаў, гарадское аб’яднанне прафсаюзаў, Першамайская і Ленінская раённыя арганізацыі Беларускага фонду міру”. Сапраўды, без надзейнага спонсара на сёння маштабнай творчасцю займацца амаль немагчыма.
Чарговыя навіны — таксама пра конкурсы. Пра адзін з іх паведамляе метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска Наталля Сідорына. Гаворка пра V адкрыты конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў “Ветразь — 2019”. Адбудзецца ён 17 красавіка ў сталічнай СШ № 71. Заснавальнікі і арганізатары: згаданы Цэнтр дадатковай адукацыі, БДУКіМ (кафедра этналогіі і фальклору), Беларускі фонд культуры. Задача — практычнае асваенне аўтэнтычных форм танцавальнага фальклору розных рэгіёнаў нашай краіны шляхам вуснага пераймання і дэманстрацыя перанятых мастацкіх уменняў. Сярод удзельнікаў — танцавальныя пары і танцоры-салісты ўстаноў адукацыі, культуры, творчых калектываў Кастрычніцкага раёна Мінска, Мінскай і іншых абласцей Беларусі.
Бібліятэкар з вёскі Будзёнаўка Ашмянскага раёна Наталля Молчан распавядае, што да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сярод бібліятэк раёна распачаўся марафон-конкурс “Дарогамі славы”. Стартаваў ён акурат у Будзёнаўцы. 3 красавіка быў прадэманстраваны відэаальманах “Бязлітасная праўда аб вайне”.
Вельмі актыўнае творчае жыццё — у Палаца культуры імя Максіма Горкага горада Барысава. 5 — 6 красавіка тут ладзіўся XXVIII Адкрыты фестываль-конкурс дзіцячых тэатральных калектываў “Тэатральны марафон”. Першы тур конкурсу дызайнераў-пачаткоўцаў і стылістаў “Свет фантазіі — 2019” адбыўся 4 красавіка, 9 красавіка прайшоў другі тур. Фінал запланаваны на 25 красавіка.
Тэатральным стаў красавік і ў Ашмянскім раённым цэнтры культуры, дзе 17-ты раз на раённы агляд сабраліся калектывы драматычнага жанру і аматары мастацкага чытання ўзростам ад 5 да 50 гадоў. Сярод дзіцячых калектываў дыплом першай ступені атрымаў драматычны гурток “Вытокі” сельскага клуба аграгарадка Баруны. Сярод дарослых першае месца падзялілі гурткі “Жалейка” аддзела культуры і вольнага часу вёскі Гродзі і “Балаган” сельскага клуба аграгарадка Станцыя Ашмяны.
А вось у Слоніме тэатральнае свята пачынаецца сёння і будзе доўжыцца два дні. Тут адбудзецца XII абласны фестываль узорных тэатральных калектываў “Слонімскія цудадзействы”. Не варта забывацца, што ў горада трывалыя традыцыі: тэатральным ён стаў нават раней за часы Агінскіх. Спектаклі будуць дэманстравацца на дзвюх пляцоўках: на сцэне драмтэатра і ў Цэнтры культуры і адпачынку. Заўтра пройдуць майстар-класы сцэнічнага мастацтва.
На Дзятлаўшчыне, у Мяляхавіцкім сельскім савеце, стартаваў доўгатэрміновы праект “75 дзён да Перамогі”. Два сімвалы — Капсула Памяці і Сцяг Перамогі — пачалі падарожжа па раёне. Іх урачыста перадаюць з сельсавета ў сельсавет, а Дзень Перамогі яны сустрэнуць у Дзятлаве.