Сямейная сага мастакоў

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Сакрэт поспеху мастацкай выставы на першы погляд увогуле і не сакрэт: наяўнасць у мастака таленту. Аднак не заўсёды гэтага дастаткова, бо інфармацыйны паток вялікі, і ў ім лёгка застацца незаўважаным. Зрэшты, часам і без таленту можна абысціся, бо ёсць такія магутныя рэчы, як піяр, хайп, зорнае імя… Выстава “Сям’я”, якая не так даўно прайшла ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, не прэтэндавала ні на што, акрамя прадстаўлення таленавітых работ. Але ж стала і папулярнай, і розгаласнай, і багатай на глядацкія эмоцыі. Бо прапанавала яшчэ і захапляльную сямейную гісторыю — сюжэты, вартыя раманаў і саг. Галоўны “рухавік” падзеі — мастачка Зоя ЛУЦЭВІЧ — натхніла наведвальнікаў шчырай любоўю да сваёй сям’і. І сям’я гэта няпростая.

/i/content/pi/cult/739/16046/11.jpgЯе дзед — Сяргей Каткоў, бацька — Алег Луцэвіч, маці — Святлана Каткова, хросная маці — Зоя Літвінава. Мастакі спрэс адметныя, але ж у нечым недаацэненыя, недаўшанаваныя. Пра гэта Зоя не стамляецца эмацыйна нагадваць.

Пра выставу і яе ўдзельнікаў яна распавядае ад імя нашчадка, вучня і прыхільніцы. Быццам яшчэ раз праводзячы экскурсію, толькі ў скарочаным газетным фармаце. Гісторыі людзей дапамогуць лепей зразумець іх творчасць, якая стала ўжо часткай нашай культуры. Дамо ёй слова.

Сяргей Каткоў. У цяні славы вучняў

— Мой дзед быў педагогам ад Бога. Але і мастаком быў выдатным. Нядаўна яго работамі пачалі захапляцца і бачыць у іх тое, чаго не бачылі раней. Сяргей Каткоў пакрысе выходзіць з-за спіны сваіх славутых вучняў. Проста ён нікуды не лез, не прасоўваў сябе як мастака, не змагаўся за дзяржаўныя заказы. Каб захаваць душу, з галавой сышоў у педагогіку, якую вельмі любіў.

Сваёй галоўнай місіяй дзед лічыў выхаванне культурных людзей. І многія нашы акадэмікі, прафесура, лепшыя мастакі — яны ў яго дзецьмі сядзелі на каленях! Пра сваіх вучняў ён ведаў усё! У нас дома пастаянна нехта жыў — бо яму больш не было дзе. Калі не было чаго есці — прыходзілі да нас. З нашага дома ішлі ў армію і ў яго ж вярталіся. Дзед дапамагаў усім. Бывала, нават ад самагубства ратаваў.

/i/content/pi/cult/739/16046/12.JPGПры гэтым Сяргей Каткоў быў неверагодна занятым чалавекам, бо акрамя вучняў меў і адказны пост у Саюзе мастакоў. Ён перажыў чатыры інфаркты… Моцна дбаў пра стварэнне Дома дзіцячай творчасці, і кожны раз яго намаганні цярпелі крах. Інтэрнат для адораных дзяцей, які цяпер называюць Парнатам, мой дзед рабіў, можна сказаць, ад пачатку і да канца — гэта менавіта ён ездзіў па вёсках, вышукваў таленавітых дзяцей, касцьмі за іх клаўся. Практычна за свой кошт і за капейкі, якія давала дзяржава, ладзіў плэнеры, па 30 дзяцей вывозіў летам на прыроду, сам карміў, сам вучыў. Цяпер нават цяжка ўявіць сабе падобную самаахвярнасць і падзвіжніцтва. І калі інтэрнату для
адораных дзяцей прысвоілі імя Івана Ахрэмчыка, а не Сяргея Каткова, многія яго выхаванцы проста абурыліся.

У асноўным ён пісаў цудоўныя пейзажы. Работ засталося многа, але самыя лепшыя для нас цяпер недасяжныя. Мы не змаглі іх выставіць, бо знаходзяцца яны за мяжой. Неяк прыехаў калекцыянер, адабраў тое, што хацеў, вывез у Маскву — і там выстаўляе з вялізным поспехам. У Беларусі ж іх амаль ніхто і не бачыў, бо ў дзеда практычна не было персанальных выстаў.

Мы абралі розныя работы — пачынаючы з 50-х і да 70-х гадоў. Выставілі некалькі нацюрмортаў, адзін дык вельмі цікавы, з конскім чэрапам. Любіў дзед працаваць на Бярэзіне, і ёсць цудоўны пейзаж з царквою ля вады — вельмі лёгкі і прыгожы. Дарэчы, карціну, якая мне найбольш падабаецца, мы не выстаўлялі, бо яна ў дрэнным стане, і пабаяліся перавозіць. Але, думаецца, і без яе здолелі паказаць, якім своеасаблівым і пранікнёным мастаком быў Сяргей Каткоў.

Алег Луцэвіч. Мастак, які спаліў свае творы

/i/content/pi/cult/739/16046/13.jpg — Некалькі гадоў таму бацька памёр: не ад хваробы, а хутчэй ад тугі. Проста стаміўся жыць. Было яму 92 гады. Болей не выкладаў, усе сябры адышлі раней за яго. Памерла і апошняя жонка, якая была нашмат маладзейшая. Хаця былі дзеці. Як высветлілася пасля яго смерці, нават не трое, а чацвёра.

Вучыўся Алег Луцэвіч у Маскве і быў лепшым студэнтам. Уся акадэмія бегала глядзець, як ён пачынае малюнак, як ён яго заканчвае. Разам з ім вучыліся славутыя потым майстры — напрыклад, Эрнст Неізвестны — а бацька сярод іх лічыўся лепшым! Вярнуўся ў Мінск і пачаў выкладаць у мастацкай вучэльні. Вучняў літаральна зачароўваў, яны былі як сектанты. Я ведаю некалькіх, якія казалі, што слова Луцэвіча для іх было больш важным, чым слова бацькі ці маці.

Цікава, што мой дзед Сяргей Каткоў, які працаваў у той жа мастацкай вучэльні, меў абсалютна іншую сістэму выкладання — ён раскрываў кожнага навучэнца, знаходзіў нешта адметнае ў чалавеку і песціў гэта. І выгадаваў нашмат больш мастакоў, чым мой бацька. Алег Луцэвіч усіх падпарадкоўваў сваёй волі — гэта зусім іншы падыход, усходні. Яму былі адданыя цалкам. Настолькі, што калі гуру галіў налыса галаву — усе галіліся. Калі скакаў у палонку — усе скакалі. Апранаў модную рэч — усе пераймалі моду. Здавалася, сёй-той з вучняў быў гатовы забіць, але не даць сказаць пра яго ніводнага благога слова.

Як выкладчык бацька быў прыхільнікам глыбокага прасторавага рысавання. Але сам пры гэтым працаваў зусім па-іншаму, у розных стылях. Вучні былі нашмат за яго прасцейшыя.

Гэта быў суворы крытык. Амаль ніколі не хваліў, безапеляцыйна выказваў сваё меркаванне — і, натуральна, яго за гэта не любілі. У мастацтве быў максімалістам і ідэалістам, але не злым, а справядлівым — хай і сваёй справядлівасцю. Асадзіць хама і нягодніка ён умеў як ніхто. Неяк у 60-х гадах яго ледзь не выгналі з Саюза мастакоў за тое, што ён папсаваў твар аднаму калегу, які па-хамску выказаўся пра Святлану Каткову і Зою Літвінаву. Проста прыйшоў на сход і даў яму ў нюхаўку. І калі паставілі пытанне пра выключэнне Луцэвіча з Саюза, усе за яго заступіліся, а асабліва горача жанчыны — яны казалі, што гэта геройства, а не хуліганства. Тады людзі былі іншымі, пасляваеннымі. Яны разумелі, што мужчына павінен быць мужчынам, а не нейкай амёбай.

У цяперашняй сістэме адукацыі бацька, я думаю, не пратрымаўся б ні дня. Бо ён не быў надта далікатным, а дзяўчынак увогуле даводзіў да слёз:“Навошта ты сюды прыйшла? Табе трэба ісці ў школу ці на завод. Мастак — гэта мужчынская прафесія”. Хаця жаніўся выключна на сваіх лепшых вучаніцах. Толькі афіцыйна ён быў жанаты тры разы, і ўсе яго абранніцы знешне былі падобнымі. Хіба што розных узростаў, з розніцай у дзясяткі гадоў. І пакуль з імі жыў, ён іх абагаўляў. Разводзіўся — і адразу губляў да іх цікавасць.

Калі мама з ім развялася, ён быў настолькі абражаны, што стаў вельмі прахалодна ставіцца і да мяне. Мы бачыліся ўсяго па некалькі разоў на год. Ён не хацеў, каб я была мастаком. Наадварот, увесь час казаў мне пра спорт, пра здаровы лад жыцця. У выніку я і стала чэмпіёнкай па бегу. А мае малюнкі крытыкаваў. Але аднойчы хросная паказала яму нацюрморт, бацька пахваліў, і быў здзіўлены, калі даведаўся, што гэта мая работа. У выніку прызнаў, што ў мяне ёсць талент, але ўсё роўна сказаў, што не жаночая гэта справа.

А знешне ён быў вельмі прывабны мужчына, нечым падобны да казака з чубам. Спартсмен, плывец, караціст. Памятаю яго на пляжы ў 70 гадоў — з фігурай падцягнутага 40-гадовага. Усё жыццё вёў здаровы лад жыцця. Любіў жанчын, ды і яны ім лёгка захапляліся.

Выкладаў ён недзе да сярэдзіны 80-х. У 90-я гады яго ізноў паклікалі. Тады моцна знізіўся ўзровень выкладчыкаў, студэнты пачалі скаргі на педагогаў пісаць... І дырэктар сказаў: “Ну няхай, я вам дам такога выкладчыка, што вы яшчэ пашкадуеце”. Мне расказвалі, гэта было жорстка! Ніякіх навушнікаў, ніякай музыкі пад час працы. Крый Божа, запэцканая падлога — мог прымусіць мыць. Брудная палітра? — выкідваў яе ў вакно. Ён ставіўся да мастацтва як да нечага боскага, для яго “быць мастаком” - значыла служыць мастацтву.

Карцін Алега Луцэвіча не засталося ніводнай: перад смерцю ён усе спаліў. Усе! Чаму так здарылася? Ён жа вельмі даўно перастаў выстаўляцца. Бо быў упэўнены, што яго не зразумеюць і не ацэняць належным чынам. Як мастак ён расчараваўся — у тым, што найперш пачало цаніцца ў карцінах і ў мастацкім асяроддзі. Быў нонкамфармістам і не прымаў рашэнняў напалову. Таму галавой сышоў у педагогіку, зарабляў ілюстрацыямі. Але да яго на кансультацыі пастаянна ездзілі людзі з Расіі, бо чулі пра яго легенды, яшчэ з часоў вучобы ў Маскве за ім цягнуўся шлейф геніяльнасці.

У мяне і ў маёй сястры бацька спрабаваў узяць абяцанне, што калі ён захварэе, мы знішчым усе яго карціны. Але не паверыў нам (і правільна!), таму ўсё здзейсніў сам перад тым, як легчы паміраць.

Мастацтва прымушала яго пакутваць. Вось мая маці вельмі лёгка працуе, з задавальненнем. Для яе маляваць — гэта як жыць. А бацька рабіў усё праз пакуты.

На выставу “Сям’я” мы планавалі прывезці тую яго адзіную работу, якая цудам захавалася. Гэта нават не карціна, а нешта прыкладное — фон для батальнай сцэны з музея Вялікай Айчыннай вайны. Але яе стан аказаўся зусім благі, і мы адмовіліся ад той ідэі. Таму ад Алега Луцэвіча засталася толькі памяць.

Святлана Каткова. Колеры, кветкі і каты

— Першым настаўнікам маёй маці быў, зразумела, яе бацька. Пасля мастацкай вучэльні яна паступіла ў тэатральна-мастацкі інстытут на вячэрняе аддзяленне — бо мінчан тады на дзённае не бралі — і вучылася на кераміста. А дзённы час яна праводзіла ў сваёй сяброўкі Зоі Літвінавай на манументальным аддзяленні. Атрымалася так, што яны абедзве вучыліся з раніцы да ночы, паралельна нібы адразу на двух аддзяленнях.

Мама, як мастак, неверагодна самабытная. Ні з кім не пераблытаеш ні яе букет кветак, ні кераміку. На жаль, з керамічных работ у нас амаль нічога не засталося. Падчас вучобы лепшае забіралася ў фонд і потым некуды знікала, мо,
прадавалася. Аднойчы мама зрабіла на заказ вазы з фарфору, заказчык іх не прыняў. А да яе ў майстэрню завіталі калекцыянеры-японцы — і ў экстазе скупілі не толькі вазы, але і ўсю кераміку, якая толькі была ў мамы! Хаця ў кераміцы японцы лічацца ледзь не сусветнымі лідарамі.

Разам з Зояй Літвінавай мая мама зрабіла нямала манументальных работ, якія цяпер амаль усе знішчаны. У кінатэатры “Вільнюс” быў знакавы твор у тэхніцы энкаустыка “Вільнюс стары і новы”. У гасцініцы “Планета” яна распісала столь, абсалютна неверагодна. Цяпер там сайдынг і ўсё зафарбавана. Можа, калі-небудзь на руінах знойдуць рэшткі таго жывапісу… Не захаваліся і цудоўныя працы, зробленыя для Інстытута кібернетыкі. Вось такі дзіўны лёс у гэтага мастака. Што сказаць, калі першая персанальная выстава ў Святланы Катковай прайшла ў 75-гадовым узросце!

На выставе “Сям’я” Святлана Каткова зрабіла рэтраспектыву ад ранняга перыяду да самых новых работ, літаральна мінулага года — яна ў свае 77 гадоў па-ранейшаму актыўна працуе. Было паказана нават тое, што рабілася яшчэ ў вучылішчы і інстытуце. Мы паказалі многа нацюрмортаў — цяпер яна ў асноўным піша нацюрморты, садовыя сцэны, інтэр’ер, від з акна, бо не так ужо часта выходзіць з дома. Была, напрыклад, цудоўная карціна “Вячэрні звон” са званкамі, ў стылі Ван Гога, я яе абажаю. На яе карцінах — абавязкова кот ці кошка, якія выдатна ўпісваюцца ў гэтыя светлыя цёплыя сюжэты.

Зоя Літвінава. Доўгі шлях да прызнання

— Сяргей Каткоў абраў для сваёй дачкі сяброўку на ўсё жыццё. Неяк да яго прыйшла калега-настаўніца і сказала, што ў яе групе ёсць адна абсалютна бяздарная дзяўчынка — немаведама, што з ёй рабіць. А дзед, як толькі пабачыў малюнкі Літвінавай, ледзь не закрычаў: “Аддайце яе мне!” І прывёў Зою жыць у свой дом, пазнаёміў з дачкой, заўсёды апекаваўся імі абедзвюма. І з таго падлеткавага веку Святлана і Зоя разам. Гэта наша адна сям’я.

Да 50 гадоў яна амаль не выстаўлялася, і ў яе не купілі ніводнай карціны! Не таму, што яны дорага каштавалі — калісьці гэта нічога не каштавала. Проста незразумелыя яны тут. Гэтыя жанчыны — Зоя і мая мама — нікуды сябе не прапіхвалі, не сябравалі з патрэбнымі людзьмі, не плялі інтрыгі. Як і мой дзед, яны проста аддана рабілі сваю справу.

Аднойчы ў Беларусь прыехалі галерэйшчыкі з Аўстрыі — шукалі цікавых майстроў. Ім паказвалі многіх, але нічога не спадабалася, і яны, расчараваныя, ужо збіраліся ад’язджаць. І тады нашы дзеячы нарэшце ўспомнілі пра Літвінаву. Госці пайшлі да яе нехаця, але ў выніку настолькі захапіліся, што адразу набылі 40 карцін і запрасілі працаваць у Аўстрыю.

20 гадоў яна там працавала, у яе быў раскошны творчы перыяд. Самыя лепшыя работы былі створаны для галерэі ў Ціролі, яны цяпер прадаюцца па ўсім свеце за многія дзясяткі тысяч долараў. Літвінава распісала і некалькі цэркваў. У Аўстрыі яе лічаць ледзь не народным мастаком. Аднойчы ў аэрапорце у нас былі непрыемнасці з багажом, і мы пайшлі да начальніка. А ён: “Божухна, вы Зоя Літвінава! Я малюся ў царкве, якую вы распісалі!” Яна сябруе з прэзідэнтам Ціроля, ён яе
заўсёды сустракае як пачэсную госцю.

Лепшыя карціны Літвінавай знаходзяцца ў Аўстрыі і ў калекцыянераў з усяго свету. А мы выставілі многае з ранняга — тое, што ніхто не бачыў. Але і гэтыя работы цудоўныя. Напрыклад, ружовая аголеная мадэль, напісаная яшчэ ў 1960-я. Паказалі і апошнія па часе работы, якія сведчаць, што Літвінава бліскучы партрэтыст: партрэт Ірыны Кадзюковай, Святланы Катковай, ранні партрэт маёй сястры. Мой знаёмы мастак нават рукі асобна на гэтых работах фатаграфаваў — так ён быў уражаны. З ранняга была яскравая работа “Прадчуванне свята” з квітнеючым кактусам — вочы не адарваць, настолькі чароўная. Многія захапіліся вялікай карцінай “Мір дому твайму”. Мала хто можа так убачыць Беларусь, у такіх нехарактэрных фарбах.

Летась Зоі Літвінавай споўнілася 80 гадоў. А правесці вялікую персанальную выставу так і не атрымалася. Нарэшце справа зрушылася, падобна, што юбілейная імпрэза ўсё ж адбудзецца, няхай і са спазненнем. Зоі Літвінавай удалося дабіцца прызнання і на Радзіме. Гэта вучыць і мяне ніколі не апускаць рукі, ніколі не расчароўвацца ў сваім мастацтве.

Маючы прыклад старэйшых членаў сям’і, на свой лёс мастака Зоя Луцэвіч не наракае. Яна многа выстаўляецца і ў Беларусі, і за межамі, атрымлівае прэміі на конкурсах і фестывалях.

Для выставы “Сям’я” мастачка адабрала вытрымкі з новых праектаў “Жарсці пеўня Роджара” і “Ракавыя яйкі” ды некалькі работ, прысвечаных родным. На старой дошцы з балгарскага манастыра, прабітай цвіком, напісаны абраз — толькі твар. Як памяць пра бацьку, ад якога, акрамя памяці, нічога не засталося. Прысвячэннем маці стала маленькая лялечка на дошцы, падобная на тыя, якія мама ў дзяцінстве рабіла для дачкі. Праца называецца “Шчаслівая і ўкрыжаваная” — сімвал жыцця як прынясення сябе ў ахвяру.

Самыя даўнія работы на выставе яшчэ з 1950-х гадоў — Сяргея Каткова. Самыя свежыя творы Яна-Вінцэнта Луцэвіча.

— У майго сына мастацтва, канешне, у крыві, — кажа Зоя Луцэвіч. — Ён займаецца відэа-артам, па адукацыі рэжысёр, захапляецца і музыкай, як ягоны бацька Піт Паўлаў. З яго работ мы паказалі калажы, некалькі талерак. Гэта ўжо іншае, больш сучаснае мастацтва, але і яно ў гледачоў выклікала цікавасць — што вельмі радуе маё мацярынскае сэрца.

Такім чынам у адной выставе былі аб’яднаныя творы ўсіх прадстаўнікоў мастацкай сям’і, уключна з наймаладзейшым. І гэта ўразіла нашмат болей, чым калі б яны былі паасобку. Таму і аншлаг на адкрыцці, таму і бясконцы паток гледачоў, таму і розгалас.

— Адзін мой знаёмы адзначыў, што ён ніколі не бачыў такой канцэнтрацыі сапраўднага мастацтва на адзін квадратны метр, — кажа Зоя Луцэвіч. — Гэтая выстава нешта рабіла з яе гледачамі, прымушаючы іх заўважыць, разгледзець, здзівіцца і захапіцца. Мне столькі званілі, пісалі: “Ведаеш, я не спаў усю ноч, думаў і перажываў”, “Абавязкова прыйду яшчэ раз. Гэта нешта неверагоднае!” Хаця ўсё гэта заўсёды было тут, побач, але не ўсе заўважалі.

Канешне, у мастацкім свеце і раней цанілі прадстаўнікоў гэтай сям’і. Але было гэта быццам шэптам, не ўголас. А цяпер загучала. Каткова і Літвінава падчас адкрыцця змаглі пачуць падзякі і словы захаплення. І тое, што дзве яе любімыя жанчыны дачакаліся такога ў родным Мінску, Зоя Луцэвіч лічыць ледзь не галоўным вынікам мерапрыемства.

Фота Яна-Вінцэнта ЛУЦЭВІЧА і Сяргея ЖДАНОВІЧА