Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня таварыства “Беларусь — Расія” Міхаіл Пазнякоў гаварыў пра ролю літаратуры ў паразуменні паміж народамі. Па яго словах, дыялог беларускіх і расійскіх майстроў мастацкага слова год ад года становіцца больш выніковым.
Гуманітарныя стасункі такога роду шырацца і за кошт літаратурных перакладаў. Галоўны рэдактар “Мастацкай літаратуры” Віктар Шніп займаецца гэтай справай ушчыльную. Серыя “Сябрына: паэзія народаў Расіі” неўзабаве папоўніцца творамі пісьменнікаў з Дагестана, Калмыкіі, Татарстана, Чачні, Чувашыі…
Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка згадаў сумесны праект “Беларуская зямля ў дакументах і ўспамінах XIX — XX стагоддзяў. Па матэрыялах расійскіх і беларускіх архіваў”.
Вынікам сумеснага праекта стала і выданне кнігі-альбома “Максім Горкі і Адам Багдановіч”. Перапіска дзвюх выбітных асоб — яшчэ адзін доказ тых повязяў, што здавён лучылі рускую і беларускую літаратуры. Пра гэта гаварыла галоўны рэдактар тыднёвіка “Літаратура і мастацтва” Ларыса Цімошык.
Мадэратарам пасяджэння выступіў намеснік дырэктара РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Іван Чарота.