Сабака-паклёпнік ды жукі-рыцары

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

У Дзень смеху паразважаем пра гумар у беларускім кіно. Кінастудыя “Беларусьфільм” вядомая пераважна іншымі жанрамі, але такія глядацкія хіты як “Маё каханне” Уладзіміра Корш-Сабліна, “Дзяўчына спяшаецца на спатканне” Міхаіла Вернера і Сяргея Сідзелёва, “Белыя росы” Ігара Дабралюбава, сведчаць, што і мы зрабілі свой унёсак у развіццё камедыі. Але рэжысёраў-камедыёграфаў у Беларусі — адзінкі. Тут можна толькі бедаваць з таго, што свайго Гайдая ці Таці наш асяродак так і не выгадаваў. Аднак прапаную паглядзець у трошкі іншым кірунку. У бок айчыннай анімацыі. Вось тут, аказваецца, у нас былі і ёсць таленавітыя аўтары, імёны і працы якіх згадаць болей чым варта.

/i/content/pi/cult/738/16036/23.JPGУладзіслаў Старэвіч. Няхай пачнуць кідаць у мяне камяні палякі, рускія, французы ды літоўцы — маўляў, гэта наша спадчына, і няма чаго да яе “прымазвацца” — але сусветна вядомага аніматара, які нарадзіўся ў сям’і літоўскіх палякаў, я далучаю да прасторы ВКЛ, а значыць, і Беларусі. Старэвіч, нагадаю, захапляўся энтамалогіяй, і гэтае захапленне падштурхнула яго вынайсці ўласную тэхніку: у якасці лялек у сваіх карцінах рэжысёр задзейнічаў панцыры жукоў ды іншыя “мадэлі” казурак. Не магу забыць сваё першае ўражанне ад прагляду яго стужкі “Страказа і Мураш”. Страказа не проста спявала, танцуючы на палянцы, а ўчыніла сапраўдны дэбош, потым літаральна “тэрарызуючы” мураша сваёй ігрой на скрыпцы.

У сусветна вядомай “Цудоўнай Люканідзе” ўвогуле цудоўна ўсё, і асабліва сцэна сумеснага самазабойства Люканіды (вераломнай гераіні) і графа Гераса (яе каханка). Героі вырашылі скончыць жыццё з дапамогай… дынаміту. Аўтарская фантазія тут проста не мае межаў. Ды зрабіць інсектаў персанажамі рыцарскага рамана з лёгкім флёрам тагачасных дэкадэнцкіх настрояў — гэта, сапраўды, геніяльна.

Уладзімір Голікаў. Разам з жонкай Мартай Лубянікавай ён распачаў гісторыю анімацыйнай студыі на “Беларусьфільме”. Толькі на гэтым тыдні стала вядома, што слынны аніматар пайшоў з жыцця, і тым больш важна прыгадаць яго работы, поўныя нечаканых рашэнняў ды тонкага дысідэнцкага гумару. Возьмем, да прыкладу, тую ж працу “Два погляды на адно і тое ж”, якую аўтар зрабіў адмыслова па заказе ДАІ. У фільме летуценны пешаход становіцца аўтааматарам і мяняе свой пункт гледжання на паводзіны такіх, як ён. Цікавы сам ход і тое, як аніматары апісваюць-паказваюць няздару: падчас сняданку, да прыкладу, ён паспявае не толькі паганяцца за будзільнікам, але і паслухаць па радыё выступ Аркадзя Райкіна.

У стужцы “Квака-задавака” галоўны персанаж лічыць, што яму ўсё па плячы і мае выгляд сапраўднага модніка. Ён носіць джынсы і танцуе твіст. А калі далучыць да вобразу спевы “Песняроў” на музыку Эдуарда Ханка — тут ужо цалкам адчувальным становіцца дух 1970-х. Мультфільм атрымаўся проста ліхі, рытмічны, і сёння глядзіцца з задавальненнем. Застаецца толькі пашкадаваць, што такі таленавіты майстар, стварыўшы анімацыйную пляцоўку на беларускай кінастудыі, зрабіў на ёй не болей за дзесяць работ.

Міхаіл Тумеля. Адны толькі яго караценькія “Беларускія прымаўкі”, зробленыя ў тэхніцы выцінанка-выразанка, здольныя забяспечыць яму “вечную славу”. Пры гэтым, варта аддаць рэжысёру належнае: ён не спыніўся на народных жартаўлівых прамудрасцях, а пайшоў далей, раскрываючы тэму ды абраную ім мастацкую тэхніку як сучасны і жывы матэрыял. У яго наступнай рабоце “Выцінанка-выразанка” ў адной прасторы спалучаюцца, не ўступаючы паміж сабой у супрацьстаянне, сучасныя коды і традыцыйная культура, Майкл Джэксан і гурт “Троіца”.

Кульмінацыяй працы аўтара з выцінанкай можна лічыць стужку “Як служыў жа я ў пана-2” з серыі “Музычная скарбонка”. Для мяне гэта — найлепшая работа Міхаіла Тумелі. У ёй узорная тэхніка дэманструе не толькі сваю народнасць, але і выкшталцонасць ды нават “барочнасць”. Што да сюжэту старажытнай беларускай песні, то яна ў інтэрпрэтацыі рэжысёра атрымоўвае нечаканую персанальную інтанацыю ды гістарычны маштаб.

Спытаеце: а як жа гумар? Што магу сказаць… Гумар там таксама ёсць. Але што зробіш, калі гістарычныя варункі, у якіх калісьці жылі беларусы на працягу доўгага часу, натхняюць адно на жарты сумныя ды нават чорныя.

Ігар Воўчак і Наталія Дарвіна-Пяткевіч. Невыпадкова згадваю гэтых рэжысёраў-аніматараў разам, бо Наталія з’яўляецца вучаніцай Ігара Віктаравіча. Безумоўна, сёння гэта ўжо розныя аўтары з рознымі светапоглядамі. Але, на маю думку, злучае іх нябачнай сувяззю такая цудоўная якасць, як інтэлігентны гумар. У іх фільмах шмат увагі надаецца дэталям. Напрыклад, у апошняй карціне Наталіі “Лагодны воўк” у хатцы шэрага звера на сцяне вісіць фатаграфія яго ў маленстве разам з мамай. А ў стужцы “Ронда-капрычыоза” Ігара Воўчака на галоўнага героя-марніка Антося ўвесь час паклёпнічаў шкадлівы сабака. З такіх “цікавостак” і ствараюцца характары персанажаў, стасункі паміж героямі, атмасфера гісторыі.

Па шчырасці, калі занурацца ў даследаванне, то сваю адметнасць у гумары можна вылучыць у кожнага з нашых аніматараў, хто працуе і ў студыі, і па-за яе сценамі. Але найперш варта, напэўна, згадаць менавіта вышэйназваных творцаў.