“Нам ёсць з каго выбіраць”

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

16 сакавіка ў Оршы прайшлі адборачныя туры для беларускіх удзельнікаў XVII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу і XVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск — 2019”, якія ладзяцца ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску — 2019”.

/i/content/pi/cult/737/15998/3.jpgКанцэрты-праслухоўванні ўдзельнікаў нацыянальнага адбору ішлі ў гарадскім цэнтры культуры “Перамога” цягам усяго дня. За права прадставіць Беларусь на прэстыжным фэсце змагаліся 20 удзельнікаў — па дзесяць на кожную ўзроставую катэгорыю.

Так, у дзіцячым конкурсе перамагла 11-гадовая мінчанка Ксенія Галецкая, якая набрала 171 бал, скарыўшы журы выкананнем песні Настассі Марчук “Усім настрой нясі” і класічным бітлоўскім Back in the USSR. На другім месцы апынулася Марыям Абдэлькадзер (165 балаў), на трэцім — Марыя Альхафез (163 балы). Як бачым, адрыў зусім невялікі.

 — Я вельмі радая за Ксенію Галецкую, яна безумоўна таленавітая. Але не менш таленавітыя і тыя, хто побач з ёй. Сённяшні канцэрт засведчыў, што беларуская дзіцячая эстрада знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. Нам ёсць з каго выбіраць, — пракаментавала ход конкурсу старшыня журы Алена Атрашкевіч.

На дарослым конкурсе перамог таксама мінчанін Іван Зданюк — 19-гадовы студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які атрымаў 176 балаў ад членаў журы. Ён абраў для выканання песні «Слухаючы цішыню» Уладзіміра Праснякова і Natural гурта Imagine Dragons. З адрывам літаральна ў 1 бал другое месца заняла Аліна Чыжык, а трэцяе — Аляксандр Саванец (172 бала). Старшыня журы “дарослага” конкурсу, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг уручыў дыплом пераможцу і падзякаваў жыхарам Оршы за цёплы прыём.

/i/content/pi/cult/737/15998/4.jpgМіжнародны дзіцячы музычны конкурс абудзецца з 8 па 11 ліпеня, а конкурс выканаўцаў эстраднай песні — з 13 па 15 ліпеня. Сам жа “Славянскі базар у Віцебску — 2019” збярэ сваіх шматлікіх прыхільнікаў з 8 па 17 ліпеня.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"